У сталіцы паставяць конны помнік Глебу Менскаму
- 13.10.2018, 17:41
- 9,917
Князь імкнуўся аб'яднаць вакол сябе менскія і полацкія землі.
У сталіцы паставяць конны помнік князю Глебу Менскагу, паведамляе агенцтва «Минск-Новости» са спасылкай на старшыню камітэта архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкама Паўла Лучыновіча.
Заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 17 аўтараў. Сярод чальцоў журы спецыялісты з розных абласцей - скульптары, архітэктары, гісторыкі, мастацтвазнаўцы. Ужо вызначылі, што помнік павінен з'явіцца ў Верхнім горадзе, насупраць Катэдры.
Перад аўтарамі таксама ставяць задачу арганічна ўпісаць новую скульптурную кампазіцыю ў гарадское асяроддзе. Як мяркуецца, помнік паставяць у Верхнім горадзе налета. Акурат 13 верасня 2019 года споўніцца 900 гадоў з дня смерці Глеба Менскага.
Гэты князь паходзіў з полацкага роду Рагвалодавічаў і быў прапраўнукам княгіні Рaгнеды. Праславіўся тым, што ў час ягонага праўлення ў Менску з'явілася першая каменная царква.
Таксама адзначыўся абаронай горада ад наступу паўднёварускіх князёў. Ён імкнуўся аб'яднаць вакол свайго Менскага княства полацкія землі, а таксама землі іншых княстваў. Падчас аднаго з паходаў на смаленскія і наўгародскія воласці трапіў у палон. Яго адвезлі ў Кіеў, дзе князь Глеб і памёр у турме.