18 красавiка 2024, Чацвер, 23:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусь можа экстрадаваць таджыцкага футбаліста, якога на радзіме чакаюць катаванні

1
Беларусь можа экстрадаваць таджыцкага футбаліста, якога на радзіме чакаюць катаванні

Цяпер Парвіз Турсунаў знаходзіцца ў менскім следчым ізалятары № 1.

Парвіза Турсунава могуць чакаць катаванні ў выпадку экстрадыцыі на радзіму, мяркуюць міжнародныя праваабарончыя арганізацыі Human Rights Watch і Гельсінскі камітэт. У арганізацыях звяртаюць увагу на тое, што Беларусь не абавязаная экстрадаваць або дэпартаваць футбаліста, паведамляе «Белсат».

Парвіза Турсунава затрымалі 18 верасня ў менскім аэрапорце, калі спартовец разам з сям'ёй накіроўваўся ў Еўропу транзітам праз Беларусь.

19 верасня намеснік транспартнага пракурора Менска пастанавіў змясціць Турсунава пад варту з мэтай выдачы Таджыкістану.

Цяпер Турсунаў знаходзіцца ў менскім следчым ізалятары № 1.

43-гадовы спартовец раней гуляў за футбольны клуб «Хайр» найвышэйшага дывізіёна Таджыкістана. З рэлігійных перакананняў ён насіў доўгую бараду, што не задавальняла кіраўніцтва каманды. У 2011 годзе яго паставілі перад выбарам - футбол або барада, і ён абраў бараду.

«Футбол - гэта свецкае, а мы маем думаць пра вечнае, - заяўляў Турсунаў.

Больш яго да гульняў за клуб не дапусцілі.

Пасля гэтых падзей ён разам з сям'ёй пераехаў у Дубай, але праз праблемы з падаўжэннем рэгістрацыі вымушаны быў з'ехаць у Турцыю, дзе прабыў тры месяцы. Там таксама не здолеў атрымаць рэгістрацыю. Тады спадар наважыў перабрацца ў Польшчу або Нямеччыну.

«Раней яго паставілі перад фактам: будзеш гуляць без барады ці не будзеш гуляць наогул. Калі ўлічыць, што гульня – свецкая рэч, ён наважыў, што калі па-чалавечы патлумачылі, ён зразумеў. А калі намагаюць, як ты павінен хадзіць, што насіць - гэта, бадай, яго зачапіла. Пасля ён пакінуў лігу, супраць яго пачалі справу. Яму давялося пакінуць краіну, некалькі гадоў ён знаходзіўся ў Дубаі. Дзеля спраў, звязаных з дакументамі, паехаў у Турцыю. Там таксама не выпала атрымаць дакументы, бо паводле новых законах у Турцыі патрэбная нейкая даведка з амбасады. А калі ён знаходзіцца ў вышуку, то такую даведку яму не дадуць. Парвіз быў у такой нявыкрутцы, адзіны шлях заставаўся - трапіць у Еўропу праз Беларусь», - распавёў журналіст і праваабаронца Мухамаджон Кабіраў у эфіры «Белсата».

Са слоў Кабірава, Парвіз - «звычайны мусульманін, праблема якога толькі ў тым, што ён наважыў насіць бараду».

У той жа час у МУС Таджыкістана заявілі, што ніякага распараджэння з боку кіраўніцтва міністэрства што да барод спартоўцаў няма, а тыя праваахоўнікі, якія чыняць ціск на барадатых грамадзян, у выпадку іх ідэнтыфікацыі панясуць пакаранне, паведамляе tut.by.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках