19 красавiка 2024, Пятніца, 7:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Савудаўская Арабія дазволіла Турцыі абшукаць консульства ў Стамбуле

Савудаўская Арабія дазволіла Турцыі абшукаць консульства ў Стамбуле

Савудаўскія ўлады прынялі пастанову пад ціскам ЕЗ і ЗША.

Савудаўская Арабія дазволіла Турцыі абшукаць стамбульскае консульства. Гэта адбылося ў панядзелак па абедзе, амаль праз два тыдні пасля таго, як журналіст Джамаль Хашкаджы знік без вестак пасля наведвання консульства ў Стамбуле.

Пра гэта паведамляе CNN са спасылкай на турэцкага дыпламата, піша «Новое время».

Савудаўскія ўлады прынялі пастанову пад ціскам ЕЗ і ЗША, якія патрабуюць ад Савудаўскай Арабіі растлумачыць знікненне Хашкаджы.

Так, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў "сурова пакараць" Савудаўскую Арабію, калі краіну прызнаюць вінаватай у знікненні журналіста. Вялікабрытанія распрацавала санкцыйны спіс у дачыненні да прадстаўнікоў вайсковых структур і службовых асоб Савудаўскай Арабіі ў сувязі са знікненнем Джамаля. Акрамя таго, Вялікабрытанія, Францыя і Нямеччына зрабілі супольную заяву з патрабаваннем міжнароднага расследавання справы Хашкаджы.

Джамаль Хашкаджы знік без вестак 2 кастрычніка пасля візіту ў консульства Савудаўскай Арабіі, дзе ён мерыўся атрымаць патрэбныя для ўзяцця шлюбу дакументы. Паліцыя Турцыі заявіла, што журналіста, верагодна, забілі ў будынку консульства. Савудаўскія чыноўнікі адкінулі абвінавачванні і заявілі, што Хашкаджы самастойна пакінуў консульства.

Хашкаджы працаваў галоўным рэдактарам савудаўскай газеты Al-Watan, а таксама ўзначальваў заснаваны ў Бахрэйне тэлеканал Al-Arab. Журналіст вядомы сваімі крытычнымі публікацыямі пра ўладу Савудаўскай Арабіі, у 2017-м пераехаў у ЗША. Хашкаджы пісаў крытычныя артыкулы для газэты The Washington Post аб сітуацыі ў Савудаўскай Арабіі.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках