25 красавiка 2024, Чацвер, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Айцец Аляксандр Шрамко: Мне патрэбнае адчуванне свабоды

13
Айцец Аляксандр Шрамко: Мне патрэбнае адчуванне свабоды

Кажуць, што патрыярх Кірыла «моцна пакрыўджаны».

Іерэю Свята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыходу ў менскім Сухараве Аляксандру Шрамко забаранілі праводзіць набажэнствы. 15 кастрычніка бацюшку, апранутага для літургіі ў менскім храме ў гонар Усіх Святых (яго павінен быў асвятляць патрыярх Кірыла), папрасілі пакінуць цырымонію. Маўляў, ёсць вусная забарона мітрапаліта Паўла на ягоную прысутнасць, а ў аўторак 17 кастрычніка (гэта заўтра) аб 11:00 айца Аляксандра чакаюць у Менскай епархіяльнай управе БПЦ, паведамляе «Еўрарадыё».

Забарона можа быць звязаная з тым, што напярэдадні Аляксандр Шрамко разам з іншымі святарамі ўдзельнічаў у сустрэчы патрыярха Кірылы ля Свята-Духава сабора. 14 кастрычніка айцец Аляксандр фатаграфаваў і публікаваў у «Фэйсбуку» фота аўтамабіля, на якім прыехаў Кірыла, дываноў, якія паслалі ў ягоны гонар, і святароў з рацыямі. Аляксандр раскрытыкаваў паводзіны патрыярха: Кірыла праігнараваў вернікаў, якія некалькі гадзінаў чакалі яго каля царквы.

«Гэта стандартная забарона ў богаслужэнні. Гэта значыць, што святар не можа насіць крыж і расу, не мае права дабраслаўляць і выконваць богаслужэнні. Ён можа толькі маліцца і прыходзіць у царкву, як звычайны чалавек», - тлумачыць у гутарцы з журналістамі айцец Аляксандр.

Аляксандр Шрамко распавядае, што з ім шмат народу размаўляла, у тым ліку і людзі з аховы патрыярха. Кажуць, што патрыярх «моцна закрануты».

«Магчыма, і не варта было гэта пісаць, але я ведаю, што калі б не тое было, нешта іншае. Я заўсёды хаджу па краі, і бывае так, што дзесьці і пераступаю гэты край, - кажа Аляксандр Шрамко. - Зусім заходзіць у нешта глухое, што я не буду нічога пісаць, нічога казаць, я так не магу. Мне неабходнае адчуванне свабоды, і я не магу ад гэтага адмовіцца».

Гэта не першая забарона ў служэнні для айца Аляксандра. Ён быў адлучаны ад працы святаром у 2007-2009 гадах праз удзел у кампаніі аб пераглядзе закону аб свабодзе сумлення. Шрамко мяркуе, што тады забарона зыходзіла ад дзяржавы.

У 2009 годзе айцец Аляксандр атрымаў Свята-Міхайлаўскі прыход у Сухараве. Праўда, за смелыя выказванні ў «Фэйсбуку» бацюшку не раз папярэджвалі і выклікалі на размову з вышэйшымі царкоўнымі чыноўнікамі.

Са слоў праваслаўнага тэолага Наталлі Васілевіч, вусна забараніць святару праводзіць набажэнствы нельга. Кожная забарона павінна быць абгрунтаваная згодна з царкоўнымі правіламі:

«Для мяне гэта сведчыць пра тое, што кіраўніцтва праваслаўнай царквы цяпер знаходзіцца ў істэрычным стане, і гэта пастанова забараніць служэнні айцу Аляксандру таксама істэрычная. У праваслаўнай царкве ёсць каноны, ёсць працэдуры, і такія пастановы прымаюцца згодна працэдурам. Кіраўнік не можа сказаць: «Ідзі, ты тут не працуеш». Думаю, пастанова аб пакаранні айца Аляксандра ўжо прынятая, але фармулёўкі пакуль няма, бо цяпер чыноўнікі занятыя сінодам».

13-15 кастрычніка ў Менску знаходзіцца з візітам патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыла. 15 кастрычніка ён браў удзел у сінодзе РПЦ.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках