29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аршанскі авіярамонтны завод перайшоў пад кантроль дзяржавы

8
Аршанскі авіярамонтны завод перайшоў пад кантроль дзяржавы

Украінскае ПАТ «Матор Січ» і беларускае ПУП «Сістэмы інвестыцый і інавацый» выйшлі са складу акцыянераў завода.

ААТ «Аршанскі авіярамонтны завод» перайшло пад кантроль дзяржавы. Украінскае ПАТ «Матор Січ» і беларускае ПУП «Сістэмы інвестыцый і інавацый» выйшлі са складу акцыянераў завода. Сума ўгоды не называецца, паведамляе «Радыё Рацыя» са спасылкай на БелаПАН.

«Там праца завершаная. Зроблена ўсё, што павінна было быць зроблена», - сказала начальніца галоўнага ўпраўлення карпаратыўных дачыненняў, уладальніцкага нагляду і звароту акцый Дзяржаўнага камітэта маёмасці Святлана Дзегцярэнка. З ейных слоў, цяпер прадпрыемства знаходзіцца ў дзяржаўнай уласнасці.

Прэзідэнт «Матор Січ» Вячаслаў Багуслаў паведаміў, што з ім разлічыліся тыдзень таму. «Разлічыцца. Усё нармальна. Цяпер мы - вольныя птушкі», - сказаў Багуслаў.

У 2012 годзе блізу 60% акцый аршанскага прадпрыемства выкупіла кампанія «Матор Січ», блізу 40% - кампанія «Сістэмы інвестыцый і інавацый» бізнэсоўца Аляксандра Садовага. Інвестары ўзялі на сябе абавязанні да 2016 года ўкласці ў мадэрнізацыю прадпрыемства не менш за 12 млн даляраў. Але рэалізаваць планы ў поўным аб'ёме не ўдалося. На працу завода паўплываў канфлікт паміж Расеяй і Украінай. Расейцы адмовіліся пастаўляць на завод запчасткі. Акрамя таго, асеў рынак авіяцыйнай тэхнікі, скарацілася колькасць замоў.

У красавіку сёлета Генеральная пракуратура Беларусі пачала праверку прадпрыемства праз невыкананне «Матор Січ» інвестыцыйнай дамовы. У траўні ў дачыненні да былога генеральнага дырэктара завода і службовых асоб украінскай кампаніі была распачатая крымінальная справа за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.

У ліпені Аляксандр Лукашэнка заявіў, што прадпрыемства пяройдзе пад кантроль дзяржавы. «Уласніка ўжо тут няма. Уласнікі - вы. Усе ўласнікі, якія тут былі, яны адмовіліся самі ад гэтага завода. Таму дзейнічайце. Гэта дзяржаўнае прадпрыемства з сённяшняга дня», - казаў дыктатар 11 ліпеня пры наведванні завода.

У сваю чаргу Вячаслаў Багуслаў заяўляў, што ПАТ «Матор Січ» на 110% выканала сваю частку інвестыцыйных абавязанняў. З ягоных слоў, у прадпрыемства ўкладзена блізу 20 млн даляраў, яго фактычна паднялі з руін, а рашэнне аб выхадзе са складу акцыянераў было прынятае пад ціскам беларускіх уладаў. Сыход з завода прынёс украінскаму бізнэсоўцу, паводле ягоных ацэнак, страты на суму 13 млн даляраў «чыстымі грашыма».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках