29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Імітацыя як сістэма

23
Імітацыя як сістэма

У рабочых у Беларусі застаўся адзін выхад.

У Зэльве прадалі прадпрыемства "Аграбіярэсурс" разам з калектывам. Працадаўца за пазыкі прадаў склады, дзе людзі працавалі шмат гадоў. Новаму ўладальніку працаўнікі не патрэбныя: ён купляў толькі нерухомасць.

Арыштаваныя рахункі прадпрыемства, таму новы ўладальнік не можа звольніць калектыў паводле закону – з выплатай запазычанасці і кампенсацыі. У выніку людзі засталіся без працы, грошай і нават без працоўных кніжак - каб уладкавацца на новую працу.

Чаму такое стала магчымым і наколькі ў Беларусі распаўсюджаная такая праблема?

Сітуацыю для Charter97.org каментуе прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Слоніме Віктар Марчык.

- Гэта адбылося зусім блізка, у суседнім са Слонімам раёне. Але я б не здзівіўся, калі б такое здарылася ў Слоніме – а таксама ў Баранавічах, Калінкавічах, Паставах і ў кожным з беларускіх гарадоў.

Дзякуючы Лукашэнку, мы ўпарта вярталіся і нарэшце вярнуліся ў класічнае прыгоннае права. Чаго можна было чакаць ад правадыра, які, будучы яшчэ дырэктарам саўгаса, меркаваў, што мае права караць і мілаваць п'яных трактарыстаў? Сёння кожны хоць трохі начальнік уважае сябе за паўнавартаснага памешчыка, які мае неабмежаваную ўладу над маёмасцю і жыццём сваіх прыгонных.

Сістэму кантрактнага рабства ў Беларусі адшліфавалі да дасканаласці. Фактычна, працоўных як такіх у нашай краіне не засталося - ім на змену прыйшоў клас рабоў. Калі б гэта расказаць ганарлівым людзям у пачатку 90-х, якія выходзілі на 100-тысячныя мітынгі - ніхто б не паверыў.

Таму мяне не здзіўляе, што прадпрыемства ў суседнім райцэнтры прадалі разам з людзьмі, не ўнікаючы ў сутнасць іх працоўных дамоў. Ці тое яшчэ будзе. Лукашэнка ўжо казаў, што гатовы перайменаваць цэлы горад у Гуцарыеўск на забаву новаму гаспадару, як рабілі памешчыкі, прыкупіўшы вёсачку і маючы ахвоту назваць яе ў гонар сябе. Ці апошні выпадак, калі ён "адпісаў" суседняму пану Віцебск і Магілёў разам з прыгоннымі "душамі"... чаму тады дырэктар ці ўласнік сярэдняй рукі павінен думаць пра людзей інакш?

Таму такія "Зэльвы" перыядычна ўспыхваюць то тут, то там - ва ўсёй краіне. У зусім іншым канцы Беларусі, у Мазыры, без тлумачэння прычын звольнілі работніц спіртзавода, якія прапрацавалі на прадпрыемстве 30 гадоў і проста сталі не патрэбныя. Ну хіба гэта нармальна для дзяржавы ў 21-м стагоддзі?! У еўрапейца вочы б сталі круглымі ад здзіўлення.

- У Зэльве адбываецца тое, што яшчэ больш здзівіла б замежніка: людзі прыходзяць пад закрытую браму прадпрыемства кожны дзень, як на працу, і праводзяць пад ёй восем гадзін. Як вы гэта пракаментуеце?

- А што ім застаецца рабіць? Паводле закону, калі вас няма на працы 3 гадзіны - гэта прагул. Фармальна яны не звольненыя, а законы ў нас працуюць у адзін бок – супраць працоўных.

Небаракі з Зэльвы вымушаныя ісці на "працу", але яны не будуць атрымліваць за яе грошы, а будуць толькі марнаваць свой час, які можна было б выкарыстоўваць для пошуку іншай працы.

Таму што звальненне паводле артыкула за прагул - гэта чорная пазнака, пасля якой нікуды не ўладкуешся, і не толькі ў Зэльве. З чорнай пазнакай толькі адзін шлях - у "дармаеды". А гэта цягне яшчэ большыя праблемы. Таму людзі і вымушаныя па восем гадзін на дзень імітаваць працу.

І гэта вельмі паказальна. Разумееце, за 25 гадоў кіравання Лукашэнкі склалася сістэма, у якой імітацыя займае цэнтральнае месца. І сам правадыр ужо фактычна нічога не можа. Уся ягоная ўлада сёння ўспрымаецца як дакучлівая, месцамі смешная, месцамі абсурдная, імітацыя. Яна і ператварылася ў імітацыю: Лукашэнка развёў такую кланавасць і карупцыю, што сам спаралізаваў усе найважнейшыя элементы ў краіне - ад эканомікі і медыцыны да сваёй "вертыкалі".

Беларусь, як сярэднявечная, феадальная дзяржава, фактычна распаўзлася на шматкі, у кожным з якіх пануюць мясцовыя кланы. Лукашэнка ездзіць туды-сюды па гэтай лапікавай коўдры, як пудзіла: папалохаць адзін клан (напрыклад, у Воршы), потым - другі клан. Кагосьці звальняюць, але галовы ў гідры адразу ж адрастаюць - і мы бачым усё тых жа людзей на ўжо новых месцах.

Адзін клан затуляе або выціскае іншы - і ўжо нікога не хвалюе, як узгадніць з законам тое, што адбываецца вакол простых людзей.

Зэльва - асобны выпадак. Невялікі прыклад таго, як не працуюць законы і людзі апынаюцца ў абсурднай сітуацыі. Хоць для саміх людзей - гэта вельмі вострая праблема, не дай Бог нікому апынуцца ў такім становішчы.

- Як вы думаеце-чым скончыцца сітуацыя?

- Цяжка сказаць. Вельмі шкада гэтых рабочых. Па так званым "законе" яны павінны прыходзіць кожны дзень - інакш страцяць "працу" за прагул. А новаму ўласніку нават выгадна, каб яны стаялі-стаялі каля брамы, а потым стаміліся і перасталі прыходзіць. Тады іх можна звольніць паводле артыкула і не плаціць кампенсацыі сумай заробку за тры месяцы.

Атрымліваецца спаборніцтва: хто каго пераседзіць. І ў гэтым спаборніцтве ў гаспадара прадпрыемства больш рэсурсаў і магчымасцяў. Ён можа дазволіць сабе чакаць. А працоўным хутка проста стане няма чым карміць свае сем'і.

Вось так адзін "перасідэнт" зрабіў гэты прынцып – “пераседзець" - агульным для ўсёй краіны. Уласнікі і дырэктары бачаць, як ставяцца да людзей на самым версе і таксама здзекуюцца з працоўных.

- І як працоўным прымусіць уладу паважаць сябе?

- Для працоўных у Беларусі застаўся толькі адзін выхад. Людзі павінны самі за сябе пастаяць. Пара ўжо зразумець, што ўлада не такая моцная, як яе паказваюць у дзяржаўных СМІ. Сістэма відавочна слабее і ўсё менш можа кантраляваць сітуацыю.

Таму ёсць два ўзроўні барацьбы. Першы: як толькі на канкрэтным прадпрыемстве пачаліся праблемы - усе разам падымаемся, як у 1990-я гады, і пачынаем страйк. Можна пры гэтым знаходзіцца на працоўным месцы – але да працы не прыступаць. Галоўнае - адразу выклікаць незалежныя СМІ і ўсе кантрольныя службы, якія толькі можна. Толькі так можна дамагчыся эфекту даміно і выйсці на другі ўзровень.

- І што гэта азначае?

- Гэта значыць - мяняць усё працоўнае заканадаўства, памяняўшы перад гэтым уладу. Усім разам выйсці, як гэта зрабілі людзі ў Арменіі. Выйсці - і памяняць гэтую ўладу. І ўсе. Кропка.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках