19 красавiка 2024, Пятніца, 2:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Cеў на тыгра - не злазь

5
Cеў на тыгра - не злазь
Валер Карбалевіч

Як Менск ператварыўся ў інструмент палітыкі Крамля.

Правядзеньне ў Менску Сыноду РПЦ, які рэзка асудзіў курс на аўтакефалію Ўкраінскай праваслаўнай царквы, размывае вобраз Беларусі як краіны-міратворцы і самастойнага міжнароднага суб’екта.

Першае ў гісторыі Расейскай праваслаўнай царквы (РПЦ) пасяджэньне Сыноду за межамі Расіі адбылося ў Менску. І абмяркоўвалася на ім сытуацыя з статусам праваслаўнай царквы ў суседняй Украіне.

Ужо само месца правядзеньня Сыноду і парадак дня сьведчаць пра тое, што мы маем справу ня столькі з падзеяй рэлігійнага жыцьця, колькі зь вялікай палітыкай, дакладней, геапалітыкай. Пра тое, што геапалітыка тут дамінуе, кажа і той факт, што пытаньне ўкраінскай аўтакефаліі абмяркоўвалася на надзвычайным паседжаньні Савету бясьпекі Расеі.

Здаецца відавочным, што распачаты працэс наданьня Ўсясьветным патрыярхатам аўтакефаліі Ўкраінскай царкве — вынік таго канфлікту Расеі з Украінай і Захадам, які пачаўся пасьля Крыму, той ізаляцыі, у якой апынулася РФ, вынік яе «ўставаньня з калень».

Некаторыя экспэрты кажуць пра цяперашнія рашэньні Канстантынопальскага патрыярхату і дзеяньні Сыноду РПЦ у адказ на гэта як пра пачатак новага вялікага расколу праваслаўя, параўнальнага з падзелам хрысьціянскага сьвету на католікаў і праваслаўных. І ня так важна, хто першы пачаў, хто на што мае кананічнае права.

Самае прыкрае ў тым, што Беларусь уцягнутая ў гэтыя разборкі, удзельнічае ў чужой гульні, вядзе чужую вайну.

Цалкам лягічна, што кіраўніцтва РПЦ вырашыла нанесьці ўдар па ўкраінскай аўтакефаліі зь Беларусі. Па-першае, гэта суседка Ўкраіны, па-другое — краіна, дзе пазыцыі РПЦ надзвычай трывалыя, дзе няма ніякіх тэндэнцый да самастойнасьці, аўтакефаліі. «Отсель грозить мы будем Киеву», — вырашыў патрыярх Кірыл і прывёз Сынод РПЦ у Менск.

І гэта кепская падзея для беларускіх уладаў. Ня толькі таму, што яна будзе мець нэгатыўныя наступствы для беларуска-ўкраінскіх адносін.

Ужо колькі гадоў Беларусь абвяшчала сябе донарам бясьпекі ў рэгіёне, цэнтрам урэгуляваньня крызісу вакол Украіны, прымірэньня ў суседняй дзяржаве, стварала вобраз краіны-міратворцы.

Дарэчы, і цяпер, падчас сустрэчы Лукашэнкі з патрыярхам Кірылам і Сынодам РПЦ, кіраўнік Беларусі казаў, што трэба рабіць стаўку на ўмацаваньне міжнацыянальнага міру і міжканфэсійнага дыялёгу. «Мы будзем рабіць усё магчымае для таго, каб на ўкраінскую зямлю хутчэй вярнуліся мір і згода. Раскол — гэта не пра нас, гэта не для нас», — заявіў кіраўнік Беларусі.

І вось на фоне гэтых міралюбівых разважаньняў рашэньні Сыноду РПЦ у Менску аб поўным разрыве эўхарыстычных стасункаў з Канстантынопальскім патрыярхатам азначаюць курс на раскол усясьветнага праваслаўя, узмацняюць рэлігійны канфлікт ва Ўкраіне. Да гэтага часу тэрмін «Менскія пагадненьні» асацыяваўся ў сьвеце зь мірам у суседняй дзяржаве. Цяпер менскія рашэньні РПЦ азначаюць курс на рэлігійную вайну ва Ўкраіне.

Такім чынам, ня толькі размываецца вобраз Беларусі як краіны-міратворцы. Горш за тое, дзяржава ўсё больш губляе статус самастойнага міжнароднага субʼекта, а разглядаецца ўсясьветнай супольнасьцю як інструмэнт маскоўскай палітыкі.

Лукашэнка ня можа гэтага не разумець. Таму афіцыйны Менск робіць крокі, каб трохі зьмікшаваць нэгатыўную рэакцыю Кіева. БТ паказала інтэрвію былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі. Старшыня КДБ Беларусі Валеры Вакульчык заявіў, што можа быць памілаваны ўкраінскі грамадзянін Павел Шаройка, якога судзілі за шпіянаж. Вось хутка адбудзецца Форум рэгіёнаў Беларусі і Ўкраіны ў Гомлі.

Аднак усё гэта не кампэнсуе іміджавыя страты. Чаму ж Лукашэнка пагадзіўся на правядзеньне гэтага Сыноду ў Менску?

Мусіць, гэта адна з умоваў, якія выставіла Масква дзеля захаваньня эканамічных датацый. Гэта як беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад 2017» летась. Яны непрыемныя, непатрэбныя, псуюць новы імідж Беларусі як донара бясьпекі, але адмовіцца нельга. Як кажа кітайская прымаўка, сеў на тыгра — ня зьлезеш (бо зьесьць).

Валер Карбалевіч, «Радыё Свабода»

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках