Польшча абскардзіла пастанову Еўракамісіі наконт «Газпрому»
- 16.10.2018, 15:42
- 7,711
PGNiG дамагаецца штрафу для расЕйскага манапаліста.
Польская нафтагазавая кампанія PGNiG абскардзіла пастанову Еўракамісіі ў антыманапольнай справе «Газпрома».
Пра гэта паведамляе польскае агенцтва PAP са спасылкай на крыніцы.
«PGNiG ступіла на юрыдычны шлях супраць Еўракамісіі, абскардзіўшы ў Судзе ЕЗ яе пастанову ў пагадненні з «Газпромам», - гаворыцца ў паведамленні.
Еўракамісія сем гадоў вывучала дзелавыя аперацыі «Газпрома» ў Еўропе, абвінавачваючы расейскі канцэрн у перашкодзе канкурэнцыі і ў завышэнні коштаў паставак газу ва Усходнюю Еўропу. «Газпром» адмаўляў абвінавачванні.
У траўні гэтага года ЕК вынесла пастанову паводле гэтай справы. Еўракамісія не стала штрафаваць расейскі канцэрн, аднак усклала на яго шэраг абавязацельстваў, каб зрабіць магчымым свабодныя пастаўкі газу канкурэнтнымі коштамі ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу.
Польшча і іншыя краіны, якія пацярпелі ад манапалісцкай практыкі «Газпрома», былі незадаволеныя, што расейскі канцэрн не быў пакараны. Штраф мог дасягнуць 10% гадавога абарачэння манапаліста.