25 красавiка 2024, Чацвер, 20:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нямеччына рыхтуе законы на выпадак жорсткай мадэлі Brexit

Нямеччына рыхтуе законы на выпадак жорсткай мадэлі Brexit

Праект унясуць на разгляд бундэстага.

Урад ФРГ рыхтуе праект закона на той выпадак, калі выхад Вялікай Брытаніі з Еўразвязу адбудзецца без укладання папярэдніх дамоўленасцяў. Гэты праект можа быць унесены на разгляд бундэстага яшчэ да канца гэтага тыдня, заявіў дзяржаўны міністр у справах Еўропы Міхаэль Рот (Michael Roth) у аўторак, 16 кастрычніка, знаходзячыся ў Люксембургу, дзе праходзіць сустрэча прадстаўнікоў краін ЕЗ, піша dw.com.

Са слоў Рота, пакуль што захоўваецца надзея на ўкладанне разумнай дамовы. «Але мы не можам закрываць вочы перад тым фактам, што цяпер патрапілі ў сітуацыю, калі нічога нельга выключаць», - адзначыў нямецкі міністр, не прыводзячы прыкладаў неабходных паправак у заканадаўства ў сувязі з будучым Brexit.

Перамовы паміж Лонданам і Брусэлем зацягваюцца

Паводле звестак з дыпламатычных колаў ЕЗ, новае рэгуляванне могуць зазнаць, напрыклад, юрыдычныя падставы для знаходжання падданых Вялікай Брытаніі на тэрыторыі краін Еўразвязу, калі яны перастануць уважацца за грамадзян ЕЗ.

Выхад Вялікай Брытаніі з ЕЗ павінен адбыцца 29 сакавіка 2019 года. Перыяд да канца 2020 года стане пераходнай фазай, цягам якой амаль ніякіх зменаў не павінна адбыцца. Але калі дамоўныя бакі не дасягнуць здавальняючага выніку, пераходная фаза можа быць скасаваная, што абернецца сур'ёзнымі эканамічнымі наступствамі.

Праект дамовы аб Brexit павінны былі прадставіць яшчэ 14 кастрычніка, але гэтага не адбылося. Адной з самых сур'ёзных перашкод на шляху да кампрамісу стала пытанне аб тым, як пазбегнуць памежнага кантролю на будучай новай мяжы ЕЗ паміж Ірландыяй і Паўночнай Ірландыяй, якая належыць да Вялікай Брытаніі. Не ўрэгуляванае і пытанне аб тым, які доступ да ўнутранага рынку ЕЗ захавае Лондан.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках