19 красавiка 2024, Пятніца, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму адпраўляць моладзь вучыцца за мяжу карысна для краіны

7
Чаму адпраўляць моладзь вучыцца за мяжу карысна для краіны

З якім багажом вяртаюцца беларускія студэнты на радзіму.

На кожныя 10 тысяч беларусаў 37 навучаюцца за мяжой. Гэта крыху менш, чым літоўцаў і малдаван, але нашмат больш, чым украінцаў (9 на 10 тысяч грамадзян) і расейцаў (3,4 на 10 тысяч). Агулам за мяжой вучыцца 35 тысяч беларускіх студэнтаў, паведамляе «Завтра твоей страны».

Марыя Скараход падчас навучання ў БДУ на адзін семестр з'ехала вучыцца ў ЗША. А вярнуўшыся, даганяла сваіх аднакурснікаў са здачай сесіі, бо ВНУ не залічыла паўгода навучання за мяжой. Пасля заканчэння ўніверсітэта яна спрабавала папрацаваць у некалькіх месцах. Але, каб рэалізаваць свой патэнцыял, вызначыла сысці ў бізнэс, арганізаваўшы моўныя курсы Lёrn.

Чалец Ліберальнага клуба Анастасія Майсеня скончыла Еўрапейскі каледж (Бельгія), а вярнуўшыся на радзіму, хацела працаваць юрысткай у сферы IT.

- Гэта самая інавацыйная галіна эканомікі. Але на практыцы выявілася, што навучанне і досвед працы за мяжой не з’яўляюцца перавагай, - дзеліцца сваім досведам Анастасія Майсеня.

Гэта не адзінкавыя гісторыі. Многія выпускнікі замежных ВНУ выяўляюць, што іх адукацыя не дае бонусаў у працаўладкаванні, выклікае шмат пытанняў да кампетэнцыі і ідэалагічнай лаяльнасці, распавяла кіраўніца агенцтва «Тваё заўтра» Іна Кулей падчас дыскусіі Ліберальнага клуба «Бярмудскі трыкутнік міжнародных адукацыйных праграм».

Вышэйшая адукацыя ў заходніх краінах адрозніваецца. Паступіць у ВНУ без доваду сваёй «унікальнасці» і зацікаўленасці амаль немагчыма, а ў працэсе навучання студэнты самі выбіраюць патрэбныя ім курсы, аўтаномія, актыўнасць, крытычнасць, уменне працаваць у камандзе, аналізаваць і ствараць цэняцца больш, чым паслухмянасць і штодзённая прысутнасць у аўдыторыі. Развіццё ўжо хоць бы гэтых якасцяў дапамагае людзям сфармавацца як прафесіяналам. Калі дадаць да гэтага сам вынік навучання, наладжаныя ў іншых краінах сувязі, хоць бы мінімальны досвед працы ў замежных кампаніях, то канкурэнтаздольнасць такога работніка істотна ўзрастае.

Знайсці працу ў Еўропе з заходнім дыпломам адносна лёгка, бо эканоміка суседніх краін расце і многія адкрылі свае рынкі для замежнікаў, спрашчаючы сістэму працаўладкавання, мяркуе Іна Кулей. Аднак больш за палову беларусаў, якія скончылі замежную ВНУ, цягам 7 гадоў вярталіся на радзіму. Шматлікія - пасля праходжання стажыровак і напрацоўкі за мяжой прафесійнага досведу. Яны вязуць у краіну веды, кампетэнцыі і ідэі - той актуальны багаж, які часта шукаюць наймальнікі.

Атрымліваецца, што моладзь з замежнымі дыпломамі будзе істотна ўкладвацца ў эканоміку. Будучы наёмнымі работнікамі айчынных кампаній іх замежны досвед можа садзейнічаць развіццю кампаній. Іх веды ўнутранай кухні замежных кампаній дапамогуць наладжванню кантактаў, таго, як думаюць заходнія інвестары, - прыцягненню фінансаў, сучасных тэхналогій - аптымізацыі працоўных працэсаў. Не менш важныя тыя з іх, хто наважыцца будаваць у Беларусі свой бізнэс, дзе важныя тыя ж інтэрнацыянальныя сувязі, веды замежных рынкаў і падыходаў да развязання розных задач.

Жыць паводле прынцыпу закрытага грамадства ў эпоху глабалізацыі немагчыма, таму дзяржаве выгадна падтрымліваць жаданне моладзі вучыцца за мяжой і стымуляваць яе вяртацца працаваць на радзіму, прычым не абавязкова адразу пасля заканчэння ВНУ, мяркуюць удзельнікі дыскусіі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках