18 красавiка 2024, Чацвер, 7:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Журналістка Вольга Чайчыц распавяла пра размову з міліцэйскім начальнікам

9
Журналістка Вольга Чайчыц распавяла пра размову з міліцэйскім начальнікам
ФОТА: ВАДЗІМ ЗАМІРОЎСКІ, TUT.BY

Яна правяла сёння некалькі гадзін у Бараўлянскім пастарунку.

З самага пачатку міліцыянтам не спадабалася, што Вольга Чайчыц вяла відэазапіс ў будынку міліцыі. Што было далей, журналістка распавяла belsat.eu:

«Калі мяне затрымалі, я рабіла відэа, здымала міліцыянтаў. Калі мы зайшлі ў пастарунак, участковы інспектар Бараўлянскага пастарунку Дзмітрый Смык стаў прасіць, каб я выключыла камеру. Я стала казаць, што пастарунак - не рэжымны аб'ект, гэта грамадскае месца, я маю права там здымаць. Тады ён пачаў сілай адбіраць у мяне тэлефон, забраў і выдаліў усё відэа, якое я з імі зняла. Потым мяне пакінулі ў калідоры, ніякіх дзеянняў не праводзілі са мной доўгі час. Прынеслі паперы азнаёміць мяне з маімі правамі. Я іх папрасіла гаварыць са мной па-беларуску, на што яны заявілі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы, і яны маюць права гаварыць на кожнай з іх. Потым сышлі. Мяне там ніхто не трымаў, я не мела права пакідаць аддзел, але мела права хадзіць па ім.

Пайшла да кіраўніка міліцыі паскардзіцца, што парушаецца маё права, і што супрацоўнікі міліцыі абавязаныя размаўляць са мной на той дзяржаўнай мове, на якой я хачу. На што ён пачаў на мяне проста гарлапаніць: «Пайшла вон адсюль! Будуць яны яшчэ на мове размаўляць! Што яны яшчэ павінны - пафарбаваць мову ў чырвоны? Я сказаў, вон адсюль! У мяне не прыёмны дзень»! - Вось так крычаў, крычаў і проста выгнаў мяне.

Потым зноў я чакала доўгі час у калідоры. Ён падышоў і пачаў казаць, што яны змянілі заканадаўства - бо раней шмат міліцыянтаў не ўмелі размаўляць па-беларуску, змянілі закон, што яны могуць на кожнай з дзяржаўных моў. Гэта быў Канстанцін Сяргеевіч Заяц - кіраўнік Бараўлянскага пастарунку. Ужо калі прайшло тры гадзіны, яны ўсё ж склалі на мяне пратакол за ўчорашні артыкул пра Курапаты і адпусцілі».

Журналістку Вольгу Чайчыц затрымалі сёння ў Курапатах і павезлі ў пастарунак, каб скласці пратакол за «здымкі без акрэдытацыі» ва ўрочышчы 14 кастрычніка.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках