19 сакавiка 2024, aўторак, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дыякан Кураеў: Царкоўна-прававая база для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная

15
Дыякан Кураеў: Царкоўна-прававая база для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная
ДЫЯКАН КУРАЕЎ
Фота: RFE/RL

РПЦ страціла Беларускую праваслаўную царкву.

Адным з наступстваў сваркі РПЦ з Канстанцінопалем можа стаць узмацненне ціску расейскага праваслаўя на Беларусь, уважае багаслоў і філосаф, дыякан Андрэй Кураеў.

У інтэрв’ю «Радыё Свабодзе» кантраверсійны расейскі рэлігійны дзеяч распавёў, чым запомніцца візіт патрыярха Кірыла ў Менск, забарону на службу для айца Аляксандра Шрамка і верагоднасць узнікнення ў Беларусі сваёй царквы, незалежнай ад Масквы.

«Царкоўна-прававая база для беларускай аўтакефаліі ўжо падрыхтаваная»

Патрыярха Кірыла вывезьлі з будынку ўдалечыні ад абʼектываў журналістаў

— Сінод, на якім Расейская праваслаўная царква абвясціла пра разрыў адносін з Канстанцінопалем, адбыўся ў Менску. У Беларусі гэта некаторыя ўспрынялі як пэўны сімвал таго, што Масква нагадвае: Беларусь — гэта яе кананічная зямля. Ці мае, на вашу думку, гэта нейкае палітычнае значэнне?

— Тое, што сінод адбудзецца ў Менску, было вырашана яшчэ ўвесну. Ніякай сувязі з бягучымі падзеямі тут няма.

— Вы сёння заявілі, што РПЦ ужо страціла Беларускую праваслаўную царкву. Але, у адрозненне ад Украіны, ні беларускі парламент, ні кіраўнік краіны, не звярталіся ў Канстанцінопаль па томас. Адкуль такая думка пра страту Беларусі?

— Гэта адбудзецца не цяпер, а пасля змены палітычнага клімату. А калі ён зменіцца — пры Лукашэнку, ці пасля — я гэтага не ведаю. Калі аднойчы ў Беларусі ўзнікне такі рух за аўтакефалію, то царкоўна-прававая база для гэтага рашэння будзе ўжо падрыхтаваная.

— Мітрапаліт Іларыён заявіў учора, што адмена Канстанцінопалем граматы 1686 году, якая анэксавала Кіеўскую метраполію і куды ўваходзілі беларускія землі, была незаконнай. І сапраўды, а якія ў Канстанцінопаля былі кананічныя падставы, каб адмяніць гэтую грамату?

— Па вялікім рахунку, не было ніякіх. Гэта быў валюнтарызм. Але гэта нават нецікава — лезці недзе ў XVII стагоддзе або яшчэ больш старыя каноны. Гэта тупіковы шлях. Бо каноны можна растлумачыць у любы з бакоў. Трэба глядзець не ў мінуласць, а ў будучыню.

— Але калі няма кананічных падстаў, то такую царкву могуць і не прызнаць?

— Тэрмін «падстава» — гэта настолькі нестабільны фундамент што крымскі мост у параўнанні з ім стаіць на сталёвых апорах. Спробы абаперці сучасную палітыку на канонах першага тысячагоддзя, у тым ліку і царкоўных, гэта цырк з канямі. Але выпадак Украіны выбіў грунт з-пад ног. А калі дакладна ўсё пачне хістацца ў Беларусі — гэта пытанне тэхнікі.

«Візіт патрыярха ў Менск запомніцца беларусам вось гэтым самадурствам»

— Сёння святару Аляксандру Шрамку выдалі афіцыйны дакумент аб забароне службы на год. Ён крытыкаваў патрыярха Кірыла за яго паводзіны ў Менску, і за шматлікасць аховы. Як вы ацэньваеце гэтую забарону?

— Гэтае рашэнне з шэрагу тых, пасля чаго пытаюцца: а за што вы нас не любіце. Гэта быў прыступ кіраўнічай істэрыкі. Ніякіх канонаў айцец Шрамко не парушыў. Караць яго абсалютна не было за што. Візіт патрыярха ў Менск запомніцца беларусам вось гэтым самадурствам. І менавіта пра гэта будуць размаўляць.

— Ці не стане РПЦ пасля надання аўтакефаліі Украіне мацней трымацца за Беларусь, каб Менск не пачаў рэалізаваць той сцэнар, пра які вы кажаце?

— Цалкам магчыма. Увогуле, са стратэгічным планаваннем у нашай патрыярхіі сёння вельмі кепска. Цалкам магчыма, што рэакцыяй стане: усіх замарозіць, усіх закаваць, звязаць адным ланцугом.

— А ці бачыце вы ў Беларусі жаданне, волю аддзяліцца ад РПЦ?

— У бліжэйшай будучыні наўрад ці. Але такое жаданне ў часткі беларускай царкоўнай інтэлігенцыі напэўна ёсць. У звычайнага прыхаджаніна яно наўрад ці ёсць. А вось меркаванне нацыянальнай інтэлігенцыі многае значыць у гісторыі XX-XXI стагоддзяў.

— А як вы ацэньваеце паводзіны Аляксандра Лукашэнкі? У Беларусі часам кажуць, што яго адносіны з мітрапалітам Паўлам даволі халодныя. Ягоным фаварытам называюць айца Фёдара Поўнага. Ці можа Лукашэнка быць зацікаўлены ў большай незалежнасці БПЦ ад Расеі?

— Не ведаю. Але ўчорашнія ягоныя словы патрыярху супраць расколу былі, прынамсі, двухсэнсоўныя.

— А пра што, на ваш погляд, сведчыць той факт, што РПЦ прызначае мітрапалітамі ў Беларусь небеларусаў? Спачатку Філарэт, потым Павал?

​— Гэта кажа толькі аб тым, што ад Беларусі не чакаюць супраціву. Якога папа вам прышлём, такі і будзе вам бацькам. Але ваш мясцовы п5йзаж епіскапату цалкам сабе месяцовы.

— У Сінодзе, які адбыўся ў Менску, не браў удзел ніводзін беларус. Нават ад Украіны, з якой у Расеі вайна, былі два ўкраінцы.

— Сінод фармуецца не паводле этнічных прыкметаў.

— Але ёсць хіба нейкая прычына, чаму ва Украіне гэта ўкраінцы, якія там нарадзіліся, якія ведаюць культуру гэтай краіны, мову, выхаваліся там, а ў Беларусі — расейцы?

— У любой імперыі ёсць плюсы і мінусы. Узбекістан у Сінодзе, напрыклад, прадстаўляе этнічны малдаванін. І я б не сказаў, што гэта зусім кепска.

«Устаноўка на вайну вядзе да інтэлектуальнай і маральнай дэградацыі ў самой РПЦ»

— Галоўны дзяржаўны беларускі тэлеканал прысвяціў учора Сіноду 1 хвіліну 6 секундаў. У тлумачэнні было сказана, што ў практыцы рашэнне азначае, што цяпер не будзе супольных набажэнстваў з Канстанцінопалем. Што гэта значыць? Што ў цэрквах РПЦ не будуць маліцца за Варфаламея?

— Па-першае, падчас малітваў патрыярха Варфаламея раней і так згадваў толькі патрыярх Кірыл. Вернікі ўвогуле не ведалі, хто такі Варфаламей. Па-другое, рашэнне не згадваць Варфаламея было прынятае нашым Сінодам месяц назад. Цяпер адбыўся наступны ўзровень расколу, калі вернікам забараняюць нават уваходзіць у грэцкія святыні, якія падпарадкоўваюцца канстанцінопальскаму патрыярху. Дарэчы, і ў расейскія таксама, бо ёсць расейскі экзархат канстанцінопальскага патрыярхату ў Заходняй Еўропе. Але гэта ўсё лухта па вялікім рахунку, бо набожных турыстаў у нас і так мала. Акрамя таго, трэба яшчэ ўявіць дурня, які сур’ёзна жадаў бы прычасціцца і прайшоў бы міма грэцкай царквы. А калі б зайшоў і прычасціўся, то паехаў бы потым каяцца ў Маскву, і знайшоў бы чарговага дурня-папа, які б надаў гэтаму нейкае значэнне.

— Тады выходзіць, што вялікага значэння для Расеі менская дэкларацыя не мае?

— Мае. У самой Расеі даецца адмашка на вайну з грэкамі, на пошук любой нагоды, каб іх укусіць, абвінаваціць у ерасі. Да ўзроўню ерасі цяпер будуць раздзімацца любыя камары. І гэта ўжо пачалося. І вось гэтая ўстаноўка на вайну вядзе да інтэлектуальнай і маральнай дэградацыі ў самой РПЦ. Гэта сумна і гэта закране ўсіх.

— А што можа зрабіць Канстанцінопаль, каб адказаць неяк Маскве?

— У Канстанцінопаля няма такой задачы. Калі Кірыл перастаў згадваць у малітве Канстанцінопальскага патрыярха, то Варфаламей нічога падобнага не зрабіў. Ён і далей згадвае Кірыла і моліцца за яго. І нават калі іх Сінод прымаў рашэнне, што Кіеў цяпер іх, то ў іх словах не было ніякага асуджэння маскоўскіх епіскапаў. Ані асуджэння, ані закліку да выгнання. Наадварот, мірнае рашэнне.

— А якія цяпер будуць, на ваш погляд, адносіны паміж РПЦ і іншымі памеснымі цэрквамі?

— Гэтыя адносіны будуць мірнымі. Таму што маскоўскія дыпламаты — і ў расах, і свецкія — будуць ціснуць на іншыя цэрквы, каб тыя падтрымалі Маскву. На словах многія з іх падтрымаюць, але ніхто за намі следам у акно не кінецца. Ніхто свае адносіны з Канстанцінопалем не разарве.

— А як, на вашу думку, будзе адбывацца стварэнне новай Украінскай аўтакефальнай царквы? Ці не прывядзе гэта да канфлікту, можа нават сілавога? Як яны будуць дзяліць Лаўру, напрыклад?

— Праблемы пачнуцца не з Лаўры, а са звычайнага вясковага прыходу, калі будуць галасаваць, куды ідзем і, зразумела, кансэнсусу не будзе амаль ніколі. Будуць пераможцы і пераможаныя. І як яны будуць дзяліць маёмасць, увогуле незразумела. Наперадзе шмат гадоў турбулентнасці. Таму галоўнае для ўсіх удзельнікаў падзеі набрацца цярпення. Патрыярхія ад пачатку пайшла вельмі карыслівым і імперыялістычным шляхам. І вельмі памылковым. Гэта прывяло да таго, што патрыярхія стала завадатарам напружанасці. Трэба было правільна выбраць мэту. Замест таго, каб выбраць мір ва Украіне, РПЦ абрала ўтрыманне кавалка Украіны пад сваім уплывам.

— А якой магла б тады быць формула міру?

— Калі б усе бакі дасягнулі кансэнсусу ў прызнанні таго, што няма граху ў прыходзе святароў і вернікаў у новай структуры, якую стварае Канстанцінопаль. І другая частка: няма злачынства ў тым, каб застацца святарамі і вернікамі ў Расейскай царкве ва Украіне. Калі ўсе бакі з гэтым пагодзяцца, то гэта дасць нейкі выхад.

— А як павінны паводзіць сябе вернікі ў такой сітуацыі?

— Я не магу вырашаць за іншых. У кожнага свой выбар.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках