16 красавiка 2024, aўторак, 22:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Судаленка: Заўтра ў Беларусі прымуць указ аб тым, што праводзіць мітынгі могуць толькі бландзіны

4
Леанід Судаленка: Заўтра ў Беларусі прымуць указ аб тым, што праводзіць мітынгі могуць толькі бландзіны
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

КПЧ ААН складзе «дарожную карту» для беларускага ўрада.

Да 1 лістапада Камітэт правоў чалавека ААН складзе шэраг рэкамендацый (дарожную карту) для беларускага ўрада аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. Рэкамендацыі будуць накіраваныя на выкананне ў Беларусі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, паведаміў праваабаронца Леанід Судаленка, паведамляе «Гомельская вясна».

Ён браў удзел у 24-й сесіі Камітэта правоў чалавека ААН, якая праходзіла днямі ў Жэневе. У мерапрыемстве ўпершыню за дваццаць гадоў узяла ўдзел дэлегацыя афіцыйных беларускіх уладаў. Праваабаронцы рыхтавалі альтэрнатыўны даклад сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. На сесіі абмяркоўваліся пытанні права на мірныя сходы, свабоду выказвання меркаванняў, дыскрымінацыі розных супольнасцяў, мараторыя на смяротнае пакаранне.

Са слоў Судаленкі, асноўны пасыл ад афіцыйнай дэлегацыі зводзіўся да таго, што і надалей беларускія ўлады будуць кіравацца нацыянальным заканадаўствам.

«І гэта сумна. Нацыянальнае заканадаўства пішуць людзі, якім уласціва памыляцца. Заўтра ў Беларусі прымуць указ аб тым, што права праводзіць мітынгі маюць толькі бландзіны. І што тады - бегчы ў цырульню? Усе краіны кіруюцца міжнародным правам - калі ўзялі на сябе такое абавязанне, а нашы ўлады заяўляюць і падкрэсліваюць, што мы ўсё адно будзем, вобразна кажучы, толькі бландынам дазваляць праводзіць мітынгі», - пракаментаваў праваабаронца.

У Камітэт правоў чалавека ААН з 1990-х гадоў паступіла 284 скаргі беларусаў, 107 былі разгледжаныя, паводле іх былі выяўленыя тыя ці іншыя парушэнні. Але беларускія ўлады не выконваюць пастановы Камітэта правоў чалавека ААН, спасылаючыся на тое, што яны носяць рэкамендацыйны характар. Гэтае пытанне таксама ўздымалася на сесіі.

«Прадстаўнікі беларускіх уладаў парыравалі, што ў Міжнародным пакце няма нормы прамога дзеяння, якая абавязвала б Беларусь выконваць пастановы. Але гэта аспрэчыў прадстаўнік Камітэта правоў чалавека ААН, спаслаўшыся на беларускую Канстытуцыю. Артыкул 61 Асноўнага закона кажа, што кожны мае права ў адпаведнасці з ратыфікаванымі міжнароднымі актамі звяртацца для абароны ў міжнародныя арганізацыі. Вось жа прамая норма!» - заўважыў Судаленка.

Ён паабяцаў, што беларускія праваабаронцы будуць і далей сачыць за выкананнем беларускімі ўладамі Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

«Зразумела, што сёння для беларускага грамадства правы чалавека - не прыярытэт. І дзяржаўная ідэалогія «прышчапляе» філасофію «чаркі і скваркі». Але ў краінах, дзе выконваюцца правы чалавека, развіваецца эканоміка. Ды і людзі ўсміхаюцца адзін аднаму, а не такія панурыя, як часта ў нас на вуліцах», - сказаў праваабаронца.

Ён нагадаў, што Беларусь - адзіная краіна ў Еўропе, грамадзяне якой не маюць права звяртацца ў Еўрапейскі суд правоў чалавека. Таму Камітэт ААН - адзіная магчымасць для беларусаў скардзіцца на міжнародным узроўні.

На сесіі камітэта ўздымалася і пытанне мараторыя на смяротнае пакаранне.

«Ізноў ад беларускіх уладаў гучала, што наша грамадства не гатовае, спасылаючыся на рэферэндум 1996 года. Прадстаўнікі афіцыйнай дэлегацыі заяўлялі, што ў грамадстве ідзе шырокая дыскусія на гэтую тэму. Але гэта няпраўда - няма ў нас шырокага дыялогу аб пытанні смяротнага пакарання. У школах альбо ўніверсітэтах не гавораць пра гэта», - дадаў праваабаронца.

Ён адзначыў, што на сесіі прагучаў голас беларускіх праваабаронцаў і там іх пачулі.

«Беларускі ўрад нас не чуе. Гэта сумна. Чыноўнікі наносяць страты іміджу нашай дзяржавы, а не мы, праваабаронцы. Мы проста, як вартавыя сабакі, нагадваем, дзе непарадак», - рэзюмаваў Судаленка.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках