25 красавiка 2024, Чацвер, 13:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч - уладам: Навошта ганяць пенсіянераў

16
Генадзь Фядыніч - уладам: Навошта ганяць пенсіянераў
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ

У Беларусі ўжо пара прымаць сур'ёзныя захады для выратавання пенсіянераў ад галечы.

Лідар незалежнага прафзвязу РЭП пракаментаваў заяву ўрада аб падвышэнні пенсій на 20 рублёў з 1 лістапада.

Міністарка эканомікі Ірына Касцевіч заявіла, што з 1 лістапада пенсіі падвышаюцца на 20 рублёў. Перад гэтым прэм'ер-міністр Сяргей Румас абяцаў, што сёлета ўрад плануе падвысіць выплаты пенсіянерам яшчэ на 5%, піша praca-by.info.

Генадзь Фядыніч пракаментаваў заявы чыноўнікаў:

– Адміністрацыя Лукашэнкі кожны квартал праводзіць сацыяльнае даследаванне ў рэгіёнах. Я б ім рэкамендаваў правесці сацыяльнае даследаванне выключна пенсіянераў. Наколькі пенсія задавальняе звычайныя патрэбы чалавека, які ўсё жыццё аддаў працы ў арганізацыі альбо на вытворчасці. Калі сёння сярэдняя пенсія-374 рублі, А будзе на 20 рублёў больш-394 рублі, то гэта выдаваць за рэкорднае падвышэнне…

- З пункту гледжання арыфметыкі - гэта сапраўды падвышэнне. А з пункту гледжання рэалій? Калі людзі выдатна бачаць, на колькі павысіліся кошты? У тым ліку на кураціну, якую часцей куплялі пенсіянеры; на тыя ж каўбасы, малочныя прадукты... людзі выдатна разумеюць: калі раней у пакеце быў літр малака, то цяпер там – 900 мл. А кошт застаўся ранейшы. Бедныя пенсіянеры, яны праязджаюць усе крамы, шукаюць акцыі, каб нешта купіць танней - таму што на сваю пенсію яны пражыць не могуць. Дык няўжо гэта не зразумела ўраду?

- Можа, і не зразумела: яны ўсе – чыноўнікі высокага класа, і ў іх пенсія не бывае менш за 800 рублёў, а ў «народных выбраннікаў» - яшчэ большая. І як можна думаць пра людзей, у якіх пенсія-370 рублёў, а ў чыноўнікаў – 800? Атрымліваецца, народ жыве для вас, а не вы для народа?

Кіраўнік прафзвязу РЭП мяркуе, што 20 рублёў – гэта падвышэнне пенсіі на мізэрную суму:

– Гэта 20-рублёвае падвышэнне пенсіі ні ў якім выпадку не кампенсуе патрэбы людзей. Не кажучы ўжо пра інфляцыю! Калі кажуць пра тое, што інфляцыя складае блізу 6%, то падвышэнне пенсіі на 5,3% - не кампенсуе інфляцыю.

Падвысіліся кошты на прадукты, а цяпер пачаўся ацяпляльны сезон, трэба будзе плаціць «камуналку». Хай чыноўнікі падлічаць сродкі пенсіянера! Яны сцвярджаюць, што ўстанавілі пражытковы мінімум для пенсіянера, і пенсія – вышэйшая за пражытковы мінімум. А дзе ў гэтым мінімуме - унукі, да якіх з пустымі рукамі не прыедзеш; дзе выдаткі на лекі, якія цяпер у пенсіянераў складаюць большую частку выдаткаў?

Ён мяркуе, што некарэктна называць прагрэсам будучае падвышэнне пенсіі:

- І калі спасылацца на павышэнне пенсіі на 20 рублёў як на прагрэс; калі казаць, што ў будучыні сярэдняя пенсія будзе складаць да 40% ад сярэдняга заробку... гэта ў нас сярэдняя пенсія - 374 рублі, а колькі атрымліваюць па 250 рублёў і нават менш? І яшчэ не забудзьцеся дадаць, што тая ж пенсія ў Эстоніі - 1100 рублёў, у Літве - 800, у Латвіі - 890…

Чаму такія маленькія краіны, у якіх менш вытворчыя магутнасці, могуць плаціць людзям такія пенсіі? Дык едзьце туды і пераймайце досвед, паважаныя чыноўнікі! Можа быць, годзе захапляцца лічбамі? Даўно пара ўводзіць назапашвальную сістэму пенсій. І, пакуль вы яе не ўводзіце, кожны год у яму галечы падае ўсё больш і больш пенсіянераў. І было б цікава агучыць колькасць: колькі сёння зэканомлена сродкаў пенсійнага фонду ў сувязі з падвышэннем пенсійнага ўзросту?

Лідар прафзвязу адзначыў, што значная частка працаздольных людзей з'ехала з Беларусі:

- Трэба разумець: тыя людзі, якія выехалі з Беларусі на заробкі, яны ніякім чынам не ўдзельнічаюць у папаўненні пенсійнага фонду.

Зразумела, што без адпаведнай матывацыі гэтых людзей не вярнуць - яны ў эканоміцы ўдзельнічаць не будуць. Пры ўсім жаданні ўрада, пры ўсіх мерах, якія яны прыдумалі. Таму што калі чалавек можа зарабіць у Расеі ці Польшчы за месяц 800 або 1200 даляраў, то гэта істотныя грошы для ўтрымання сям'і, якая знаходзіцца ў Беларусі. Трэба думаць над тым, як вярнуць у Беларусь працаўнікоў, якія з'ехалі.

Не выключае ён і таго, што ў Беларусі ўжо пара прымаць сур'ёзныя захады для выратавання пенсіянераў ад галечы:

- А што да павелічэння пенсій, то лепш спытаць у пенсіянераў, і яны вам усё раскажуць. Пакупніцкая здольнасць людзей пенсійнага ўзросту значна ўпала. Можа быць, ужо надышла пара адкрываць спецыяльныя крамы для самотных пенсіянераў, каб яны па сабекошце куплялі прадукты, каб яны маглі не выжываць, а жыць паўнавартасна і сябе адчуваць роўнымі сярод роўных. На жаль, сёння гэта не атрымліваецца.

Генадзь Фядыніч успомніў і яшчэ адну праблему, звязаную пераважна з пенсіянерамі - гандаль у так званых «неўстаноўленых месцах»:

- Навошта ганяць пенсіянераў, якія гандлююць у неўстаноўленым месцы? Дык зрабіце гэтыя месцы устаноўленымі! Вы ж улада! Абсталёўвайце - хай прадаюць сваю прадукцыю, якую яны вырасцілі на лецішчы ці звязалі сваімі рукамі. Навошта вы здзекуецеся са старых людзей, цкуяце іх міліцыяй? Яны ж выходзяць гандляваць не ад таго, што ім няма чаго рабіць. Зрабіце ім пенсію па 800 рублёў, як у чыноўнікаў, і ніхто не будзе гандляваць па пераходах. А калі не можаце такое зрабіць - ідзіце насустрач людзям, рабіце канкрэтныя крокі. А гэтыя падвышэнні на асобна ўзяты партманэт пенсіянера – ніяк не паўплываюць.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках