29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Патрэбны беларускі лідар

4
Павел Севярынец: Патрэбны беларускі лідар
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: BELARUSPARTISAN.ORG

Калі кожны чалавек будзе адчуваць сябе лідарам, тады мы і пабудуем сапраўдную Беларусь.

У Менску 18-га кастрычніка пачалі працу лідарскія курсы, іх арганізаваў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.

У размове з карэспандэнтам Беларускага Радыё Рацыя Генадзем Барбарычам палітык распавёў пра іх асаблівасці і ролю грамадскага лідара ў сучаснай Беларусі:

- Бясплатныя лідарскія курсы пачынаюцца ў Менску – гэта працяг добра вядомых курсаў “Ды-джэяў Адраджэння”. Зараз мы іх пазіцыянуем трошкі па-іншаму, бо раней многія, хто атрымліваў рэкламу, думалі, што гэта курсы для нейкіх меламанаў. У рэальнасці гэта курсы для лідараў, якія гатовыя працаваць у асветніцкай сферы, у сацыяльнай сферы, у грамадскай, нават палітычнай. Рыхтуем універсальных лідараў, такі асаблівы грамадскі спецназ. Курсы будуць доўжыцца тры месяцы – шточацвер дзве гадзіны, дзевяць тэарэтычных заняткаў, тры практычных. Масавая індывідуальная псіхалогія, лідарства, асоба, адказнасць. Самыя розныя тэхналогіі: блогінга, працы з медыямі, арганізацыя акцыяў і правядзенне кампаніяў. Усё гэта будзе выкладацца найлепшымі грамадскімі лідарамі Беларусі, тымі хто раней скончыў ды-джэйскія курсы і проста вядомымі грамадскімі беларускімі зоркамі.

- Хто гэта?

- Нагадаю, што курсы скончылі і атрымалі магістарскія ступені такія людзі, як Зміцер Хведарук і Андрусь Кім, Барыс Гарэцкі і Артур Фінкевіч, Віталь Зыблюк і Віка Чаплева, Ілля Дабратвор, Алесь Мазанік, Валерыя Чарнаморцава, Павел Дзюсекаў – гэта ўжо вядомыя ў сваіх сферах журналісты, экскурсаводы, лідары грамадскіх кампаній альбо нават палітычных арганізацый. Многія з іх будуць выкладаць, многія з іх будуць проста вітаць удзельнікаў, раіць ім нешта, ну і я спадзяюся, што ў пачатку наступнага года зноў абярэм, як заўсёды, дванаццаць пераможцаў, дванаццаць ды-джэяў адраджэння – дванаццаць лідараў.

- Шмат хто кажа, што лідараў у нас хапае, а не хапае шараговых актывістаў. Нават каля рэстарацыі “Поедем поедим” у Курапатах збіраецца 5-7 чалавек у лепшым выпадку.

- Гэта ізноў жа праблема лідарства, людзей здольных запаліць і павесці за сабой. Грамадства ляжыць мёртвым пластом, народ не прачынаецца. Таму сапраўдная праблема – гэта праблема адказнага лідарства. Калі такіх лідараў мала, а ў нас іх рэальна мала, у нас іх дэфіцыт.

- Каго вы за ўзор бярэце? Хто для вас з’яўляецца ўзорным лідарам у свеце і ў Беларусі?

- Лідар усіх часоў і народаў – гэта Ісус Хрыстос. Ён для мяне адзіны эталон лідарства. А што тычыцца сённяшніх рэаліяў, напрыклад Беларусі, вось Зміцер Дашкевіч вельмі яркі лідар, Андрусь Кім, Глеб Лабадзенка. Гэта людзі, якія вызначаюць новы стандарт лідарства. Людзі веры, людзі культуры, людзі ўпартага дзеяння. Мне здаецца, што за такімі будучыня.

- 30-ць год таму ўтварыўся камітэт Беларускага Народнага Фронта, які таксама даў вельмі шмат лідараў, самы яскравы – гэта Зянон Пазьняк.

- Так, вядома, з таго пакалення лідараў Зянон Пазьняк, цэлая плеяда лідараў з парламенцкай апазіцыі БНФ – гэта проста цудоўныя людзі. Ад Сяргея Навумчыка і Сяргея Антончыка, Лявона Баршчэўскага – гэта сапраўды людзі на якіх раўнялася старэйшае пакаленне нацыянальнага руху.

- Лідары былі яскравыя і харызматычныя асобы, але чаму, па-вашаму, яны атрымалі паразу, былі адрынуты ад улады. Што здарылася?

- Я думаю гаворка ідзе пра тое, што і тады лідараў не хапала. Ну паглядзіце, 30 чалавек парламенцкай фракцыі на 350 дэпутатаў – гэта 1/10 частка. Насамрэч, напрыклад, ва Украіне тых часоў колькасць параўнальных лідараў, у тым ліку у асветніцкай і адукацыйнай сферы, яна вымяралася сотнямі і тысячамі. У нас на жаль дзясяткамі. У выніку Беларусь зараз там, дзе яна ёсць, Украіна там, дзе яна ёсць, Польшча там, дзе яна ёсць. У Польшчы ўвогуле існаваў магутны рух “Салідарнасць” абаперты на традыцыі касцёла, там грамадскіх і духоўных лідараў было на парадак больш. Таму мне здаецца, што гэтая праблема лідарства хаця б часткова можа вырашыцца з дапамогай гэтых курсаў.

- Як вы ацэньваеце лідарскія здольнасці Аляксандра Лукашэнкі?

- Аляксандр Лукашэнка таксама мае пэўныя лідарскія здольнасці, але пытанне, як ён імі распараджаецца. Такая сіла, якая ўжываецца ў зло, якая ідзе па шляху падману, якая ідзе па шляху хлусні, яна разбуральная, яна не стваральная, а як раз такі разбурае. Тое, што астатнія грамадскія лідары адказныя грамадскія лідары, сумленныя лідары рабілі і робяць.

- Вы таксама нядаўна заявілі, што гатовыя стаць беларускім Пашынянам. Мабыць гэта такое вытворчае ад вашага імя – Паша Пашынян? Вы не баіцеся, што так і ўвойдзеце ў гісторыю калі не пераможаце?

- Канешне патрэбны беларускі лідар. У якасці жарта гэта падыходзіць, а калі казаць па сур’ёзнаму, то Беларусі патрэбна шмат адказных беларускіх лідараў. Я магу сказаць, што справа тут не толькі ў ва мне ці якім небудзь іншым правадыры, будзем так называць. Калі кожны чалавек будзе адчуваць сябе лідарам у дачыненні да сваёй сям’і, да свайго дома, нават пад’езда, да свайго горада, гарадка, мястэчка, вёскі ў рэшце рэшт, да сваёй краіны, тады мы і пабудуем сапраўдную Беларусь. Такім чынам пачынаць тут трэба канешне з сябе і адкрыць лідара ў сабе.

- Як вашыя родныя і блізкія да гэтага паставіліся? Быць лідарам у Беларусі – гэта небяспечна.

- Вядома, што мае родныя ўсведамляюць гэтую небяспеку. Многія блізкія людзі казалі: “Паша, глядзі, гэта крыж”.

„Але ўрэшце рэшт камусці трэба ісці гэтым шляхам”, — сказаў Павел Севярынец.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках