29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхары Гародні: Праз прыезд Лукашэнкі будуць адключаць мабільную сувязь

74
Жыхары Гародні: Праз прыезд Лукашэнкі будуць адключаць мабільную сувязь

Горад пераводзяць у стан аблогі праз візіт дыктатара.

Пра гэта ў “Фэйсбуку” напісаў беларускі журналіст і блогер Сцяпан Святлоў (NEXTA):

- Такім чынам, заўтра Лукашэнка прыязджае ў Гародню - адзін з самых нялюбых для яго гарадоў. Вось так там рыхтаваліся да сустрэчы важнага госця (уся інфармацыя - ад падпісантаў).

- Ва ўніверсітэтах заўтра чакаецца дзень закрытых (а дакладней - прыадчыненых) дзвярэй. Заняткі ў Аграрным цалкам скасаваныя, уваход у ГрДУ імя Купалы - толькі згодна спісам і з пашпартамі. Студэнты НЕ са спісу ў будынак не ўвойдуць, іх папярэджваюць, каб нават не з'яўляліся паблізу. У галоўным корпусе Лукашэнка ўжо чакае дывановая дарожка і трон, на які студэнтам садзіцца было строга забаронена (стаіць ужо тыдзень). У аўдыторыі, дзе плануецца сустрэча са студэнтамі, павесілі расцяжку "За моцную і квітнеючую Беларусь", а таксама ўсталявалі новую інтэрактыўную дошку. Папрасілі не чапаць, бо "дошка не наша". Студэнтаў, якія будуць прысутнічаць на сустрэчы з ягамосцю, збіраюць і дрэсуюць пад правільным вуглом падымаць руку. Даюць спіс дазволеных пытанняў.

Учора здзіралі пакінутыя лісцікі з дрэў каля ўніверсітэта, стрыглі газоны. У будынку фарбавалі ліштву.

У медыцынскім каледжы і іншых установах завучы ў выхаваўчай працы папярэджваюць, каб заўтра ніхто не падыходзіў да вокнаў бліжэй чым на 3 метры. Падчас перапынкаў выходзіць з аўдыторый забараняецца, у прыбіральню - можна, але па адным і не даўжэй чым на 2 хвіліны. Такі асаблівы рэжым пратрымаецца да трох гадзін дня.

Ужо другі дзень ва ўніверсітэтах і некаторых школах жорсткія праверкі. "Розныя незразумелыя людзі" правяраюць, хто адсутнічаў, хто Глеб, хто што зрабіў не так, хто што думае непатрэбнае. У ГрДУ правяралі ўсіх студэнтаў з пашпартамі, папярэджвалі, каб не выходзілі з будынка. Сабакі з сапёрамі абнюхвалі кожны кут.

Цытата: "Ва універсітэце дзеўкам забаранілі ўсе свае манікюрные дробязі з сабой насіць, ваду прыносіць у бутэльках з крамы і гэтак далей".

- Адпрацоўваюцца УСЕ магчымыя шляхі пад’езду Лукашэнкі: з узбочын прыбіраецца пыл і лісце, латаюцца ўсе няроўнасці, актыўна прыбіраецца лістота, дарожныя люкі перакладаюць ва ўзровень з асфальтам, у некаторых месцах - заварваюць, а дарожныя знакі мяняюць на цалкам новыя. У Пышках пыласосілі газон. Кожны сантыметр месца, куды можа зазірнуць ягамосць, даслоўна вылізваюць. Гаўбцы і дамы, якія выглядаюць хоць крышачку неахайна, тэрмінова прыводзяць у належны стан. Ліхтары на дарогах мяняюць на святлодыёдныя. Людзі ў каментарах пішуць назвы сваіх вуліц і кажуць, што па ёй будзе ехаць Лукашэнка, каб камунальнікі і там прыбралі. Паведамляюць, што дзе-нідзе платы паліравалі зубнымі шчоткамі, а асфальт мылі ўручную з мылам. Некаторым людзям, якія жывуць у цэнтры, раяць па магчымасці не пакідаць заўтра дамы і не адчыняць вокны. Тое ж тычыцца і арганізацый.

- У гістарычным раёне Новы Свет дамы, якія ідуць пад руйнаванне (грошай на рэстаўрацыю не было і яны сталі месцам рассялення валацуг), раптам пачалі рэстаўраваць (грошы знайшліся ура!). Накуплялі фарбы, замянілі вокны, павесілі новыя шторы, каб не было відаць, што ўнутры. Пры гэтым унутры будынкі так і застаюцца ў аварыйным стане.

- У абласной інфекцыйнай лякарні - заўтра уваход толькі з пашпартамі, яна не будзе прымаць пацыентаў, хворых будуць развозіць у іншыя. Днямі там альпіністы мылі вонкавыя сцены. А медсёстры і лекары проста ў халатах працавалі "на зямлі" - зграбалі лісце.

- Па горадзе сёння ездзілі менскія машыны ДАІ, суправаджаючы картэжы высокіх чыноўнікаў і шунявак на затанаваных Фальксваген Транспарцёрах. Для іх перацялі дарогі. Спыняліся з парушэннем правілаў - на пешаходных зонах, газонах, бардзюрах. Былі заўважаныя каля ўніверсітэта Янкі Купалы. Таксама над горадам лёталі гелікаптэры.

- Кажуць, заўтра ў некаторых раёнах горада будзе адключацца мабільная сувязь.

- На даўно закрытай будпляцоўцы студэнцкага інтэрната з'явілася будаўнічая тэхніка.

- Раптам павялічыліся выплаты на прадпрыемстве Гродна Азот - адным з галоўных прадпрыемстваў Гародні.

Вось так заўтра верхавод дзяржавы будзе ацэньваць "рэальную сітуацыю". У якой яшчэ краіне гэта магчыма? Хаця... Татальная паказуха, страх і галеча - гэта і ёсць рэальная сітуацыя ў нашай краіне. Гэта аснова сістэмы.

Напісаць каментар 74

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках