20 красавiка 2024, Субота, 11:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзевяць найлепшых гарадоў Еўропы для падарожжаў восенню

1
Дзевяць найлепшых гарадоў Еўропы для падарожжаў восенню

Выдатныя варыянты для маляўнічай паездкі.

У Бруге, Празе, Эдынбургу і Берліне восенню асабліва прыгожа, у Дуброўніку можна купацца да канца кастрычніка, а ў Барселоне і Фларэнцыі не так шмат турыстаў, піша mandruy.com.

Дуброўнік, Харватыя

Кастрычнік у Дуброўніку - аксамітны сезон. Тэмпература паветра ўдзень супадае з тэмпературай вады ў моры (21-25 градусаў). У такое надвор'е можна купацца і шпацыраваць па Старым горадзе. Турыстаў у Дуброўніку восенню менш, чым улетку, таму ля сцен цытадэлі не будзе гармідару.

Берлін, Нямеччына

Восенню ў Берліне вельмі камфортна катацца на ровары, як гэта робяць мясцовыя жыхары. Прыгожыя маршруты праходзяць па маляўнічым восеньскім парку Тыргартэн (Tiergarten). Арандаваць ровар можна ў большасці гатэляў за €8-10 на дзень.

Сярэдняя тэмпература ў кастрычніку падае да 12-14 градусаў, але ў мясцовых рэстарацыях можна сагрэцца гарачым віном і перакусіць агароднінным супам і каўбаскамі з тушанай капустай.

Галоўная падзея кастрычніка - Фэст святла Festival of Lights: з 6 да 15 кастрычніка Берлінскі кафедральны сабор, Брадэнбургская брама ды іншыя будынкі ўпрыгожаць светлавыя шоў.

Лісабон, Партугалія

У Лісабоне цёплае надвор'е трымаецца цягам трох восеньскіх месяцаў. Часам ідуць дажджы, але гэта рэдкасць.

Восень у Лісабоне пахне смажанымі каштанамі, імі гандлююць на плошчах. У лістападзе партугальцы паводле традыцыі спрабуюць віно новага ўраджаю і закусваюць смажанымі каштанамі.

Прага, Чэхія

«Бабіна лета» (чэшск. Babí léto) доўжыцца ў Празе да канца кастрычніка, а ў канцы лістапада ў горадзе адкрываюцца калядныя кірмашы.

З чырвона-жоўтымі клёнамі і рознакаляровымі чарапічнымі дахамі Прага выглядае асабліва фотагенічна. Заканчвае шпацыр па Вальдштэйнскаму саду, Старамесцкай плошчы і Карлавым мосце, дзе пры ўваходзе гандлююць трубачкамі тырдло. У рэстарацыях паспрабуйце кнэдлікі, запечанае свіное калена з бульбай або капустай, штрудэль з разынкамі і арэхамі і шакаладны «Захер».

Бруге, Бельгія

Увосень дрэвы ўздоўж каналаў Бруге становяцца зырка-чырвонымі, аранжавымі і жоўтымі і адлюстроўваюцца ў вадзе, дзе плаваюць лебедзі. Сярэднявечныя брукаваныя вулачкі, шпілі цэркваў і вежкі нібы сышлі са старонак казак братоў Грым.

Пашукайце ў холе гатэля, у турыстычных бюро або на гарадскіх стойках інфармацыі мапу - на ёй пазначаныя месцы, дзе можна паспрабаваць смачныя бельгійскія вафлі і шакалад ручной работы.

Будапешт, Вугоршчына

Восень у Будапешце - час карнавалаў і фестываляў. З 5 да 8 кастрычніка ў Будапешце святкуюць «Актобэрфэст» з крафтавым півам, баварскім стрытфудам, канцэртамі, карнавалам і феерверкамі. З 6 да 22 кастрычніка - глядзяць сучаснае мастацтва на фестывалі CAFE.

У Сечанскую купальню варта зайсці, каб убачыць самы вялікі лазневы комплекс Еўропы і выкупацца ў цёплых басейнах пад адкрытым небам.

Барселона, Гішпанія

Праз турыстаў летам Барселона падобная на парк забаў, і ў горадзе вельмі горача. Восенню пры +20 шпацыраваць па парку Гуэль і гатычнаму кварталу значна больш прыемна, а чарга ў Сабор Святой Сям'і і музей стадыёна «Камп Ноў» становіцца прыкметна меншай.

Шпацыраваць, слухаць гішпанскую гітару, піць віно і каву і закусваць тапас - найлепшы спосаб правесці восеньскія канікулы ў Барселоне.

Эдынбург, Шатландыя

У сярэдзіне верасня над выспамі Вялікай Брытаніі збіраюцца нізкія хмары і пачынаюцца дажджы. У гэты час турыстычная сталіца перамяшчаецца з Лондана ў Эдынбург, Паўднёвую Шатландыю.

Пашпацыруйце ў Каралеўскім батанічным садзе, падыміцеся на ўзгорак «Трон Артура» (Arthur's Seat), агледзіце знакаміты Эдынбургскі замак - старажытную рэзідэнцыю шатландскіх каралёў і паспрабуйце шатландскае віскі ў адным з мясцовых пабаў. У Цэнтры шатландскага віскі праводзяць экскурсіі з дэгустацыямі найлепшых узораў.

Фларэнцыя, Таскана, Італія

З прыходам восені ў Фларэнцыі турыстаў становіцца менш, а з сярэдзіны кастрычніка ў Таскане надыходзіць залатая восень. Італійцы кажуць: «Калі б Бог шукаў на Зямлі месца для Рая, ён бы стварыў яго ў Таскане». У кастрычніку ў Фларэнцыі прыкладна 18 градусаў цяпла - гэта найлепшы час, каб гуляць па музеях, рабіць пакупкі і піць каву на тэрасах кавярняў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках