Відэафакт: Кіроўца Jeep з расейскімі нумарамі вызваў абурэнне менскага аўтамабіліста
7- 2.10.2018, 15:24
- 19,052
За дзве хвіліны расеец двойчы парушыў правілы дарожнага руху.
Звычайна кіроўцы з Расеі не адчуваюць праблемаў з разуменнем правілаў дарожнага руху ў Менску, піша onliner.by. Разметка, знакі, агульныя патрабаванні ім добра знаёмыя, вялікай колькасці прынцыповых адрозненняў няма. Аднак час ад часу знаходзіцца аўтамабіліст, які сваімі манеўрамі выклікае абурэнне ў іншых кіроўцаў - з якой бы краіны ён ні быў.
Карыстальнік форуму з нікам TeZooL распавёў, што 29 верасня прыкладна а 15:55 звярнуў увагу на два парушэнні ПДР, якія дапусціў у Менску кіроўца аўтамабіля Jeep з расейскімі нумарамі (161-ы рэгіён - Растоўская вобласць).
Спачатку кіроўца праехаў на чырвоны сігнал святлафора скрыжаванне вуліцы Алега Кашавога і Партызанскага праспекта. А затым на колавым скрыжаванні вуліц Кашавога і Грыцаўца паехаў па сустрэчнай.
- За стырном Jeep быў мужчына, з ім у аўтамабілі, як мне здалося праз заднюю шыбу, сядзеў пасажыр. Не сказаў бы, што зусім малады, - распавёў аўтар запісу. - Трэба нешта рабіць з такімі.
Дарэчы, ці можна прыцягнуць да адказнасці кіроўцу, які парушыў правілы дарожнага руху ў Беларусі, а сам з'яўляецца грамадзянінам іншай краіны? Раней на гэтае пытанне адказвалі ва УДАІ МУС.
Узаемадзеянне з шэрагам дзяржаў, у тым ліку з Расеяй, у пытаннях прыцягнення да адказнасці за парушэнні ПДР рэгламентуецца Канвенцыяй аб узаемным прызнанні і выкананні пастаноў у справах аб адміністрацыйных парушэннях правілаў дарожнага руху. На момант падпісання Канвенцыі яе прынялі 12 краін: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Грузія, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Расея, Таджыкістан, Туркменістан, Узбекістан, Украіна. У Беларусі дакумент увайшоў у дзеянне з 17 кастрычніка 2000 года.
Калі коратка, то краіны, якія падпісалі гэтую Канвенцыю, дамовіліся аб тым, што матэрыялы спраў аб адміністрацыйных парушэннях правілаў дарожнага руху, складзеныя ў той краіне, дзе адбылося парушэнне, маюць такое ж юрыдычнае дзеянне і не патрабуюць легалізацыі ў краіне пражывання асобы, якая зрабіла парушэнне. Гэта значыць, што калі кіроўца, да прыкладу, з Расеі меў парушэнне на тэрыторыі Беларусі і згодна з гэтым фактам былі складзеныя адміністрацыйныя пратаколы, то яны будуць мець дзеянне і ў краіне пражывання кіроўцы. Адпаведна, нават калі кіроўца выедзе за межы Беларусі, ён усё адно можа быць прыцягнуты да адказнасці.
У дакуменце вызначаны пералік парушэнняў ПДР, на якія распаўсюджваецца дзеянне Канвенцыі:
парушэнні правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў, - якія пацягнулі прычыненне лёгкіх цялесных пашкоджанняў або матэрыяльнай шкоды;
- парушэнне кіроўцам транспартнага сродку абавязвае заставацца на месцы дарожна-транспартнага здарэння;
- кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення або пад уздзеяннем наркатычных, ці іншых рэчываў, якія аказваюць такое ж уздзеянне;
- невыкананне законнага патрабавання работніка міліцыі (паліцыі) аб спыненні транспартнага сродку;
- ухіленне ад праходжання ў адпаведнасці з устаноўленым парадкам агляду на стан ап'янення;
- перадача кіравання транспартным сродкам асобе, якая знаходзiцца ў стане ап'янення.