18 красавiка 2024, Чацвер, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алігарху Алексіну забяспечваюць 2500 месцаў для гандлю цыгарэтамі

12
Алігарху Алексіну забяспечваюць 2500 месцаў для гандлю цыгарэтамі

Пятая частка «пунктаў» будзе знаходзіцца ў Менску.

Кампанія «Энэрга-Ойл», падкантрольная бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, створыць цягам двух гадоў у Беларусі амаль 2500 гандлёвых пунктаў продажу цыгарэт, у тым ліку блізу 500 у Менску. Пра гэта tut.by распавялі інфармаваныя крыніцы.

Пункты продажаў - шапікі, крамы, павільёны - з'явяцца ў сувязі з рэалізацыяй «Энэрга-Ойлам» інвестпраекту для стварэння недзяржаўнай сеткі ў гандлі тытунёвымі вырабамі, сказаў суразмоўца, знаёмы з працэсам.

Для гэтага, як кажа крыніца, мясцовыя выканкамы павінны без аўкцыёну выдаць у арэнду інвестару зямельныя надзелы для будаўніцтва і абслугоўвання гандлёвых аб'ектаў. Гэта будуць кіёскі, крамы, павільёны і неізаляваныя пункты, у якіх не менш за 80% тавару - тытунёвыя вырабы.

Памеры і месца гэтых зямельных надзелаў вызначаюцца інвестарам на ўзгадненне з мясцовымі ўладамі.

Са слоў суразмоўцы, да канца 2018 года «Энэрга-Ойлу» павінна належаць амаль тысяча зямельных надзелаў ва ўсіх абласцях, блізу 190 з якіх - у Менску. Да канца 2019 года іх колькасць павінна ўзрасці да прыкладна 2500, уключаючы амаль 500 ў сталіцы.

А гэта можа значыць, што на вуліцах Менска цяпер будуць не толькі кіёскі «Белсаюздруку» і «Мінсктранса», але і тытунёвыя. Вось так выглядаюць аб'екты «Энэрга-Ойла» ў Гародні.

Але гаворка не заўсёды будзе ісці аб стварэнні новых пунктаў продажаў, бо ў арэнду «Энэрга-Ойлу» перайшлі ўсе кіёскі «Тытунь» Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі «Нёман». Аб перадачы аб'ектаў іншай кампаніі парталу Newgrodno.by распавядаў дырэктар УП «Тытунь» Аляксандр Мельнічак.

На кастрычнік 2017 года ГТФ належала 585 гандлёва-модульных пунктаў, а мінулай восенню «Нёман» абвясціў тэндэр на куплю яшчэ 80 шапікаў на суму 1,1 млн рублёў.

Што яшчэ будзе рабіць кампанія Алексіна

Раней паведамлялася, што «Энэрга-Ойл» таксама інвестуе ў праект 122 мільёны рублёў і павялічыць магутнасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Зрэшты, кампанія паставіць на «Нёман» яшчэ дзве лініі - кожная коштам па 10 мільёнаў даляраў.

Акрамя таго, «Энэрга-Ойл» развівае тытунёвую вытворчасць у Шабанах. Для гэтага ўказам дыктатара змененыя межы Менска. Меркаваны аб'ём інвестыцый складзе блізу 100 мільёнаў рублёў. Будзе створана амаль 200 працоўных месцаў.

А нядаўна «Энэрга-Ойл» стала другім імпарцёрам цыгарэт (L&M, Parliament, Marlboro) у Беларусь. Раней толькі «Беларусьгандаль» Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі меў права ўвозіць у краіну цыгарэты.

Для чаго гэта ўсё трэба

Былы віцэ-прэм'ер Міхаіл Русы тлумачыў, што апошнім часам за мяжой значна ўзрос попыт на прадукцыю беларускай тытунёвай галіны. Вытворчасць задзейнічаная ў кругласутачным рэжыме, але паставіць на экспарт патрабаваны аб'ём цыгарэт, не агаліўшы ўнутраны рынак, немагчыма.

- Ёсць вялікія нішы, нават у Еўрапейскім Звязе. Яны нам выгадныя. Чаму мы не хочам іх запаўняць? Гаворка ідзе пра адну са значных крыніц папаўнення бюджэту. Таму калі ёсць попыт, трэба прадаваць тытунёвыя вырабы. Не прададзім мы, прададуць іншыя. Рынкі будуць занятыя, - казаў у сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка.

Хто такі Аляксей Алексін

Алексін - былы галоўны спецыяліст дэпартамента энэргарэсурсаў і нафтапрадуктаў кампаніі «Белзнешгандальінвест», якая ўваходзіла ў склад Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі. Бізнэсовец раней быў таксама партнёрам Юрыя Чыжа.

Аднак у 2012 годзе іх шляхі разышліся. Цяпер інтарэсы прадпрымальніка сканцэнтраваны на гандлі нафтапрадуктамі, банкаўскай сферы (МТБанк), вытворчасці мясных вырабаў («Вялес-Міт»), дэвелапменце і лагістыцы («Брэміна-Груп»), а таксама рэстаранным бізнэсе («Старое рэчышча»).

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках