29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

РЭП дапамог работніку з Калінкавічаў выйсці на пенсію на пяць гадоў раней

2
РЭП дапамог работніку з Калінкавічаў выйсці на пенсію на пяць гадоў раней

У справе Руслана Мятліцкага склалася ўнікальная сітуацыя.

Унікальнасць справы Руслана Мятліцкага ў тым, што наймальнік пагадзіўся з прафзвязам РЭП. Але прававы інспектар на гэтым не спыніўся і пайшоў супраць незаконнай пенсійнай рэформы, піша praca-by.info.

Сябра прафзвязу РЭП Руслан Мятліцкі шэсць гадоў адпрацаваў у шкодных варунках, аднак наймальнік - Калінкавіцкі рамонтна-механічны завод - не прыняў гэта за падставу для датэрміновага выхаду на пенсію.

ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА І РУСЛАН МЯТЛІЦКІ

Ліцейшчык звярнуўся па дапамогу ў прафзвяз РЭП. Прававы інспектар працы ў Гомельскай вобласці Леанід Судаленка дапоўніў пазоў Руслана Мятліцкага да заводу яшчэ адным патрабаваннем: даць работніку пенсію паводле старога заканадаўства - а не паводле тэзісаў пенсійнай рэформы, якая супярэчыць Канстытуцыі.

У справе Руслана Мятліцкага склалася ўнікальная сітуацыя: прадстаўнікі завода сапраўды прызналі сваю памылку ў тым, што ліцейшчык зарабіў права на датэрміновы выхад на пенсію.

19 кастрычніка ў Калінкавічах прайшло асноўнае пасяджэнне і спрэчкі з боку скаржніка. 26 кастрычніка выступіць у спрэчках адказчык, і суд абвесціць вырак.

ВІКТАР КАЗЛОЎ, ПРАДСТАЎНІК РЭП Ў ГОМЕЛЬСКІМ РЭГІЁНЕ, РУСЛАН МЯТЛІЦКІ, ДЗЯНІС РАБЯНОК, КІРАЎНІК ПРАФГРУПЫ У КАЛІНКАВІЧЫ (ЗЛЕВА НАПРАВА)

Леанід Судаленка пракаментаваў працэс:

- Пасля таго, як прафзвяз РЭП пачаў звяртацца ў розныя органы з просьбай разабрацца, чаму за Мятліцкім не прызнаюць права выхаду на пенсію на пяць гадоў раней за асаблівыя варункі працы, ягоны былы наймальнік таксама заняўся вывучэннем патрабаванняў - і прызнаў за ім гэтае права. Завод перадаў дакументы ў аддзел сацыяльнай абароны для налічэння ліцейніку льготнай пенсіі.

Аднак гэта былі не ўсе пазоўныя патрабаванні:

- Мы адваявалі толькі пяць гадоў пенсіі. Мятліцкі паводле сённяшняга заканадаўства праз рэформу пойдзе на пенсію ў 57 гадоў. Але наша пазіцыя сягае далей: згаджаючыся фактычна з гэтымі разлікамі, прафзвяз РЭП кажа: калі б не апошнія змены, якія пагоршылі становішча работніка, ён бы пайшоў на пенсію ў 55 гадоў. І Канстытуцыя, і закон аб нарматыўна-прававых актах забараняюць надаваць зваротную сілу законам, якія пагаршаюць становішча людзей. Пра гэта я казаў у спрэчках, пераконваючы суддзю: «Дастасуйце Канстытуцыю!» Гэта, мабыць, першы выпадак у гісторыі Беларусі, калі суддзі давядзецца параўнаць тэзу пенсійнай рэформы з Канстытуцыяй. Я, як юрыст прафзвязу РЭП, мяркую, што новае пенсійнае заканадаўства пагаршае становішча людзей, і таму такім законам нельга надаваць зваротную сілу!

Сябра Рады прафзвязу РЭП Андрэй Стрыжак, які таксама быў у зале суда, адзначыў канструктыўную пазіцыю і наймальніка, і Управы сацыяльнай абароны:

- Яны ўважліва разабраліся ў справе ліцейніка, прызналі сваю віну, і дзякуючы іхняй працы выпала высветліць праўду. Наймальнік пачуў нашы довады, правёў вялікую працу і выправіў памылку, якую сам дапусціў. Гэта рэдкі выпадак у судовай практыцы прафзвязу РЭП, калі пазоўнік з адказчыкам сышліся ў меркаванні.

АНДРЭЙ СТРЫЖАК, ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА, ДЗЯНІС РАБЯНОК, РУСЛАН МЯТЛІЦКІ, ВІКТАР КАЗЛОЎ (ЗЛЕВА НАПРАВА)
Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках