18 красавiка 2024, Чацвер, 15:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Times: Будзе рэвалюцыя, клептакратам варта быць напагатове

4
The Times: Будзе рэвалюцыя, клептакратам варта быць напагатове

У Расеі ўсё больш расце разрыў паміж багатымі і беднымі.

Багатыя маладзёны, што раскідвалі грошы з вокнаў сваіх раскошных аўтамабіляў, каб прынізіць меней заможных жыхароў Санкт-Пецярбурга, выклікаюць у расейцаў сур'ёзнае раздражненне цяпер, калі разрыў паміж багатымі і беднымі ў краіне расце далей, піша The Times, (пераклад - inosmi.ru).

Відэа двух інцыдэнтаў, якія адбыліся ў Санкт-Пецярбургу, былі апублікаваныя ў супольнасці Rich Russian Kids у інстаграме, дзе рэгулярна з'яўляюцца сведчанні гламурнага ладу жыцця расейскай «залатой моладзі».

«У мяне ў руках 50 тысяч рублёў, - сказаў юнак у чорнай масцы, упрыгожанай стразамі. - Між іншым, гэта сярэдні заробак у горадзе Санкт-Пецярбургу. І вы сапраўды жыліцеся дзеля гэтага? Мне вас шкада».

З гэтымі словамі ён выкінуў грошы з акна аўтамабіля, а мінакі кінуліся іх падымаць. «Грошы сапраўдныя!» - крычыць ён. У іншым відэа жанчына трымае ў руках пачак даляраў, высоўвае руку з акна свайго Range Rover і выкідае грошы.

«Вядома, грошы не маюць значэння, калі татачка ўсё гэта накраў», - напісаў адзін карыстальнік сацыяльнай сеткі. Залатая моладзь - гэта дзеці ўрадавых чыноўнікаў і бізнэсоўцаў, звязаных з Крамлём.

Спад у расейскай эканоміцы, адной з прычын якога сталі эканамічныя санкцыі Захаду, павялічыў разрыў паміж багатымі і беднымі.

Больш за 19 мільёнаў расейцаў - гэта 13% насельніцтва краіны - афіцыйна жывуць за мяжой беднасці, гэта значыць, маюць штомесячны даход, ніжэйшы за 9828 рублёў на чалавека.

Акрамя таго, узровень рэальных даходаў безупынна зніжаецца: паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі за апошнія два месяцы ён знізіўся на 2,5%.

Як паказалі вынікі апытання, праведзенага незалежным «Левада-цэнтрам», 45% рэспандэнтаў абвінавачваюць прэзідэнта Пуціна ў тым, што ўзровень маёмаснай няроўнасці не змяншаецца.

Паліцыя Санкт-Пецярбурга была абураная, убачыўшы ў сеціве гэтыя відэа, і ўладальнікаў аўтамабіляў знайшлі і аштрафавалі за тое, што тыя не саступалі дарогу грамадскаму транспарту.

«Раз закона, які забараняў бы раскідаць грошы, няма, можна пашукаць парушэнні правілаў дарожнага руху», - сказала адна крыніца ў паліцыі. Аднак штраф 3 тысяч рублёў наўрад прымусіць залатую моладзь задумацца.

Крэмль усё больш устурбаваны ростам абурэння з нагоды маёмаснай няроўнасці ў Расеі. У кастрычніку міністарка занятасці і працы Саратаўскай вобласці Наталля Сакалова была звольненая пасля ейных слоў пра тое, што пенсіянерам варта навучыцца жыць на 3500 рублёў за месяц. Яна сказала, што гэтай сумы цалкам дастаткова для таго, каб пражыць на садавіне і макароне.

Каментары чытачоў:

Alien Looking Down: О, якая іронія: Расея рыхтуецца да таго, каб зноў зрынуць цара - праз 100 гадоў, і гэтым разам імя цара - Пуцін.

Richard James: Калі разгледзець адваротны бок манеты, то да прыходу Пуціна сярэдняга класу наогул не было. Тады было некалькі багатыроў, а масы жылі ў галечы. І самымі беднымі былі настаўнікі, прафесура, інжынеры і гэтак далей.

Цяпер ёсць сярэдні клас - даволі вялікая сацыяльна-эканамічная група, якая вырасла практычна з нуля да прыкладна 6 мільёнаў. І яна расце далей, таму з часам расейская сацыяльна-эканамічная дэмаграфія пакрысе дарасце да заходніх нормаў. Гэтага пакуль не адбылося, але адбудзецца. А пакуль...

WJS Moore: Будзе рэвалюцыя, і клептакратам варта быць напагатове. Урэшце адбудуцца перамены - яны заўсёды адбываюцца.

zan: Я шмат падарожнічаў па-за межамі Масквы, і, паверце мне, за межамі гэтай маскоўскай бурбалкі галеча паўсюдная, прычым алкагалізм з'яўляецца вельмі сур'ёзнай праблемай.

WJS Moore: Змяншэнне колькасці насельніцтва стане сур'ёзнай праблемай. Улічваючы нізкую працягласць жыцця, мяркую, ураду, які звыкся перакладаць увесь цяжар на «маленькіх людзей», давядзецца рабіць складаны эканамічны выбар, што можа справакаваць рэальныя перамены, як толькі выбаршчыкі ўбачаць, чым з’яўляецца рэжым Пуціна. Ягоная нядаўняя пастанова правесці пенсійную рэформу паказвае ўсведамленне таго, што ўзнікла патрэба ўзяцца за цяжкую справу і што ягонай версіі сацыяльнай рэальнасці пагражае небяспека.

Дарэчы, я ўважаю памяншэнне колькасці насельніцтва Расеі за станоўчы момант для астатняга свету.

Madeleine Richardson: Рахунак Rich Kids у інстаграме заўсёды здаваўся мне пастаноўкай, якая не адпавядае рэчаіснасці. Я падарожнічаў па самых багатых кутках Еўропы, і вельмі багатыя людзі там рэдка выглядаюць такімі прыгожымі, прывабнымі і асмужанымі, як на гэтых старонках у інстаграме, якія больш падобныя да рэкламы дарагіх самаходаў і гадзіннікаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках