23 красавiка 2024, aўторак, 23:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Відэа з каледжа ў Керчы зняпраўджвае афіцыйныя заявы РФ

37
СМІ: Відэа з каледжа ў Керчы зняпраўджвае афіцыйныя заявы РФ

Відэа пачалі выдаляць з інтэрнэту.

Крымскі філіял прапагандысцкага расейскага тэлеканала «Вести» ў нядзелю, 21 кастрычніка, апублікаваў зборны відэаролік з камер назірання ў політэхнічным каледжы акупаванай Керчы, дзе адбыўся масавы расстрэл. Кадры часткова зняпраўджваюць некаторыя ранейшыя заявы пра меркаванага стрэлка Уладзіслава Раслякова.

Праз некалькі гадзін відэа з сайта тэлеканалаў Расеі 24, Вести, Вести.ру і Вести.Крым, а таксама з YouTube-канала было выдаленае. На сайце Вести.ру дагэтуль ёсць нататка пра відэа з камер назірання, але без спасылкі на сам ролік. Відэа засталося на Facebook, піша liga.net.

Так, на першых кадрах бачны сам Раслякоў з заплечнікам за спінай і вялікай торбай. Раней у каледжы казалі, што 17 кастрычніка ён прыйшоў у каледж з двума заплечнікамі: шэрым і чорным. Таксама была інфармацыя, што ў бібліятэцы, дзе Раслякоў нібыта застрэліўся, была выяўленая торба з выбухоўкай.

Мяркуючы з відэазапісаў, ён ўвайшоў не праз цэнтральны ўваход, а з задняга двара, дзе няма металашукальнікаў, турнікетаў і аховы. Гэта часткова зняпраўджвае заявы, што Раслякоў пералез праз паркан. На відэа ён спакойна ідзе па двары сярод іншых студэнтаў.

У будынку Раслякоў падняўся на другі паверх, але, мяркуючы з запісу, зусім не перамяняўся ў прыбіральні. Ён адзеты ў цёмныя джынсы, куртку і белую футболку з надпісам «Нянавісць».

На другім паверсе меркаваны стралок павітаўся з іншым студэнтам, і разам яны ішлі нейкі час па калідоры. Пазней торбы ў Раслякова ўжо няма.

Далей відаць, як маладзён ставіць на стол у калідоры заплечнік і, здзяйсняе з ім нейкія дзеянні. Спусціўшыся ў хол, ён пасядзеў пэўны час на лаўцы за некалькі метраў ад паста вахцёра. Неўзабаве ён заходзіць у буфет, дзе пакідае заплечнік і пакідае памяшканне.

Зняўшы куртку, ён хутка падняўся на другі паверх, дзе ў калідорах было ўжо шмат людзей - пачалася змена. На час Раслякоў знік з кадра. На відэа трапіў момант выбуху ў буфеце, пасля чаго ўзброены чалавек, вонкава падобны да Раслякова пачынае расстрэльваць студэнтаў і выкладчыкаў. Пасля чаго ўзброены ходзіць па пустых калідорах, страляючы ў сцены, вокны, кампутары і раскідвае дымавыя шашкі.

На апублікаваным відэа стралок дзейнічае ўпэўнена і стрымана. Мяркуючы з роліка, акрамя выбухоўкі, дымавых шашак і стрэльбы падазраваны ў масавым забойстве таксама меў пры сабе нож, заткнуты за халяву высокага чаравіка.

17 кастрычніка паводле версіі расейскага следства, студэнт чацвёртага курса політэхнічнага каледжа ў акупаванай Керчы 18-гадовы Уладзіслаў Раслякоў прывёў у дзеянне выбуховае прыстасаванне і распачаў страляніну ў навучальнай установе. З апошніх звестак, загінуў 21 чалавек. Большасць з іх - вучні каледжа. Сам нападнік, паводле інфармацыі расейскіх праваахоўнікаў, застрэліўся.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках