18 красавiка 2024, Чацвер, 3:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ян Яцэк Комар: Лукашэнка трапіўся ў сваю ж пастку

11
Ян Яцэк Комар: Лукашэнка трапіўся ў сваю ж пастку
ЯЦЭК ЯН КОМАР

Ці можна стрымаць спаўзанне Беларусі ў абдымкі Крамля?

Ці можа Расея анэксаваць Беларусь - сцэнар на першы погляд зусім неймаверны, але рапарт аналітыкаў МГІМО паказаў, што ў Крамлі ставяцца да гэтага сур'ёзна. Што думаюць пра гэта ў Літве? Сharter97.org пагутарыў з палітычным аглядальнікам з Літвы Янам Яцэкам Комарам.

- Наколькі, на вашу думку, рэальны сцэнар, згодна з якім Беларусь можа зазнаць агрэсію з боку Крамля і ў далейшым будзе анэксаваная паводле крымскага сцэнару?

- Пытанне анэксіі Беларусі Крамлём увесь час прысутнічае ў палітычным парадку, да яго вяртаюцца і абмяркоўваюць падчас дыскусій аб бяспецы краін балтыйскага рэгіёну.

Пра гэта кажуць не толькі заходнія экспэрты, да пытання анэксіі Беларусі ўвесь час вяртаюцца расейскія палітыкі, экспэрты, якія круцяцца ў колах, блізкіх да Крамля.

Так, напрыклад, нядаўна з'явіўся артыкул аднаго вядомага сваімі правымі поглядамі расейскага журналіста, у якім той сцвярджае, што анэксія Беларусі Расеяй пойдзе беларусам на карысць. Больш за тое, гэты спадар заявіў, што «лепш галеча ў Расеі, чым сярэдні дастатак у Беларусі». Іншы палітолаг з Расеі мяркуе, што Беларусь трэба анэксаваць, інакш яна падпадзе пад уплыў Польшчы.

- Як можа выглядаць такая анэксія і ці пагодзяцца самі грамадзяне Беларусі памяняць незалежнасць краіны на расейскае грамадзянства?

- Цалкам натуральна, што ніякіх сацыялагічных даследаванняў паводле гэтай тэмы не існуе. Аднак, відавочны факт, што ўплыў расейскай культуры на Беларусь знаходзіцца на надзвычай высокім узроўні. Што перш за ўсё тлумачыцца тым, што Лукашэнка адмовіўся ствараць беларускую дзяржаву, якое абапіраецца на ідэнтычнасць беларусаў. У гэтым пытанні практычна не змянілася нічога, хаця Лукашэнка ў апошнія гады і пагадзіўся на гэтакую «беларусізацыю» ў мяккай версіі ці пошукі паходжання продкаў у Вялікім Літоўскім або Полацкім княствах.

Больш за тое, добра вядома, што расейская тэлевізія карыстаецца вялікай папулярнасцю ў Беларусі, што ў сваю чаргу азначае, што яна фармуе пункт гледжання і мыслення беларусаў. Расея здаецца ім ужо не суседам, а часткай адной, вялікай абшчыны народаў. Узяць хаця б ідэалогію расейскага свету, якую актыўна прасоўваюць у Беларусі.

З іншага боку, варта было б дадаць такія фактары як: рост эканамічных цяжкасцяў, абмежаванне датацый у розных галінах эканомікі краіны, нарэшце, нельга не згадаць пагаршэнне ўмоў жыцця беларускіх грамадзян.

Нарэшце эканоміка Беларусі з'яўляецца мала інавацыйнай, рынкавых элементаў мала, яна ў асноўным грунтуецца на цяжкай прамысловасці, якую кантралююць людзі з атачэння дыктатара. Беларусы гэта выдатна разумеюць і адчуваюць, у выніку шукаюць лепшых умоў...у Расеі. У такіх варунках анэксія Беларусі Расеяй не з'яўляецца чымсьці з вобласці фантастыкі або вар'яцкай марай Крамля.

- Ці можна неяк затрымаць спаўзанне Беларусі ў абдымкі Крамля?

- На маю думку, ні сам Лукашэнка, ні ўвесь ягоны апарат проста не ведаюць, што і як рабіць. Больш за тое, Лукашэнка стварае ўражанне чалавека, які трапіў у сваю ж пастку. Гэта было выдатна заўважана з ягонай рэакцыі на рапарт расейскіх аналітыкаў з Цэнтра Вайскова-Палітычных Даследаванняў Маскоўскага Дзяржаўнага Інстытута Міжнародных Адносін (МДІМА).

Якім быў адказ Лукашэнкі? Наколькі вядома, ён запатрабаваў ад рэгіянальных чыноўнікаў, каб яны больш эфектыўна працавалі, бо калі яны не справяцца, то Беларусі пагражае вайна ці анэксія.

Расею ён не згадваў, але ж не цяжка здагадацца, пра што сапраўды ідзе гаворка! Відавочна, што сам Лукашэнка ўважае такі сцэнар за рэальны, бо разумее, што вяртанне ва ўлонне Расейскай Федэрацыі Беларусі было б выдатная вынікам цяперашняга прэзідэнцкага тэрміну Пуціна. Пуцін такім чынам, мог бы ўвайсці ў аналы гісторыі як прэзідэнт, які пачаў аб'яднанне краін былога СССР.

- Давайце падвядзём вынікі: якія могуць быць наступствы для суседніх краін?

- Дапусцiм, што такое аб'яднанне адбудзецца. Гэта была б вельмі дрэнная навіна для суседніх краін. Перш за ўсё, у палітыцы Расеі ў дачыненні да суседніх дзяржаў напэўна ўзмацніліся б тэндэнцыі «збірання зямель» былога СССР пад чуйнай рукой Крамля.

Можна чакаць, што значна пагоршылася б бяспека ў рэгіёне. У тым выпадку, калі Беларусь ператворыцца ў яшчэ адну вобласць Расеі, на тэрыторыі гэтай краіны расейскія вайсковыя базы пачнуць расці як грыбы пасля дажджу.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках