20 красавiка 2024, Субота, 2:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вярніце народу ягоныя грошы!

34
Вярніце народу ягоныя грошы!
КАРЫКАТУРА: CARTOON.KULICHKI.COM

Ёсць спосаб прымусіць дзяржаву гэта зрабіць.

У Беларусі склалася парадаксальная сітуацыя: у рэальнасці многія грамадзяне не дажываюць да пенсіі, і гэтая колькасць будзе расці з падвышэннем пенсійнага ўзросту. Пры гэтым людзі плацяць усё жыццё ўнёскі ў ФСАН. У выніку для многіх гэты ашчадак проста "згарае". Гэтая праблема тычыцца не толькі пенсійных адлічэнняў, але і іншых выплат, якія робяцца на карысць дзяржавы.

Куды ідуць грошы грамадзян? І ці ёсць магчымасць прымусіць дзяржаву працаваць у зваротным кірунку і вяртаць выплаты грамадзянам, нявыкарыстаныя з мэтавым прызначэннем?

На пытанні Charter97.org адказвае грамадскі актывіст і лідар прадпрымальнікаў з Баранавічаў Мікалай Чарнавус.

- Паводле афіцыйных звестак сярэдняя працягласць жыцця ў Беларусі ў 2017 годзе дасягнула 74,3 года. Ці гэта праўда? Давайце звернемся да "народнай статыстыкі": колькі напраўду ў сярэднім жывуць беларусы і якія іх шанцы дажыць да пенсіі?

- Лічба 74 гады - гэта хлусня. Тыя, хто яе прыдумаў, напэўна, ніколі не хадзілі на могілкі. А я, як і ўсе нармальныя людзі, бываю там, каб наведаць памерлых сваякоў.

Уладам трэба схадзіць на могілкі. Але яны не пойдуць туды - іх проста занясуць калісьці. Пры гэтым яны пражывуць столькі, колькі самі для сябе пішуць у статыстычных справаздачах: 70-80, а то і ўсе 90 гадоў.

А народ, які сёння жыліцца кожны дзень - працай гэта назваць складана - не дажыве да пенсійнага ўзросту. Тым больш пасля яго шматразовага падвышэння.

Не, я ўсё ж хачу звярнуцца да ўладаў: схадзіце на могілкі. Магчыма, вы тады заўважыце, што большай часткай там цяпер ляжаць адны маладыя. Калі знойдзеш магілу чалавека 60-70 гадоў - нават здзіўляешся.

Таму я б у прымусовым парадку арганізаваў для ўладаў экскурсіі на могілкі.

- Атрымліваецца, што ўсё больш людзей у Беларусі не атрымліваюць пенсійных выплат, дзеля якіх адлічваюць дзяржаве частку заробку цягам усяго жыцця?

- Атрымліваецца, так. І сёння самым актуальным лозунгам мусіць быць: «Вярніце народу ягоныя грошы!». Будзьце ўжо людзьмі: аддайце грошы, якія бераце з людзей і не выкарыстоўваеце па прызначэнні. Бо ўсё адно ўсё не адбераце і з сабой на той свет не панясе.

Нават проста лагічна нашая сістэма з'яўляецца ўзаконеным падманам: чалавек усё жыццё выплачваў унёскі ў ФСАН - а ў выніку атрымлівае няшчасныя 800 рублёў на пахаванне. Гэта хіба нармальная плата за 45 гадоў працы?

- Пры гэтым, заўважце, улады стала нагадваюць пра «вялікую дзірку» ў ФСАН. Куды, на вашу думку, сыходзяць гэтыя грошы?

- Ды не толькі гэтыя, пенсійныя, грошы! Ад усіх людзей у краіне нябачнымі раўчукамі сцякаюцца ў адно месца велізарныя сумы. У Лукашэнкі ўсё на ўліку - нават будучыя падаткі з немаўлят. Усё і сцякаецца менавіта да яго. І асабіста ён нясе адказнасць за тое, куды гэта знікае.

Паўтару: гэта не толькі пенсіі. Вазьміце ўсялякае будаўніцтва: там круцяцца шалёныя грошы, а каб "працэс пайшоў", выплачваюцца велізарныя адкаты. Яшчэ можна прасачыць, як гэта ўсё ідзе на вобласць, а з вобласці – на Менск. І ўсё. У Менску ўсё «згасае», сумы раствараюцца. Але «вялікія людзі» ведаюць, куды напраўду гэта пайшло.

Усе ведаюць, што грашовыя плыні ідуць у гэтую «яму», у Дразды. Не толькі пенсійныя - усе грошы ідуць туды. Яма.

- Вы прадпрымальнік. Вашы калегі не з чутак ведаюць, як прагная дзяржава на кожную магчымасць сабраць «даніну». А ці былі выпадкі, каб дзяржава вяртала грошы вам ці вашым знаёмым?

- Добраахвотна - не. У зваротным кірунку гэтая сістэма не працуе. Вось калі вы нешта павінны – тады, калі ласка. З-пад зямлі дастануць. У сваякоў адбяруць.

А каб вярнуць у зваротным кірунку - трэба браць іх за горла. Адная знаёмая, каб вярнуць блізу $800, выдаткавала чатыры гады. Але так зможа не кожны.

Магу распавесці пра сябе: мне, як прадпрымальніку, атрымлівалася вярнуць грошы ад дзяржавы двойчы. Усё гэта было гадоў 10 таму. Для гэтага давялося дайсці да гаспадарчага суда. І другі раз я дзейнічаў праз суд - пасля таго, як «дэпутаты» павысілі базавую адзінку і прывязаныя да яе выплаты для ІП.

- Чаму дзяржава дзейнічае толькі ў адзін бок – адбіраючы ў людзей? Нават у Кітаі пастанавілі знізіць падаткі з грамадзян у інтарэсах развіцця эканомікі. Чаму нашы ўлады не запраграмаваныя на такія пастановы?

- Развітая эканоміка - невыгадная для Лукашэнкі. Калі людзі зажывуць на ўзроўні еўрапейскіх краін - у іх з'явіцца і Еўрапейская самасвядомасць, і палітычныя патрабаванні.

Каб народ еў ікру нароўні з уладай– гэта ж страшны сон для Лукашэнкі.

Для кіраўніцтва краіны больш зручная мадэль Усходняй дэспатыі. Каб яны самі елі ікру, а народ – поліўку. Бо калі барана пастрыгчы, ён, каб не згарэць, шукае цень. І ўжо ні аб чым больш не клапоціцца. Так і тут. Народ-жабрак выгадны Лукашэнку.

- Вы сказалі, што «вярніце грошы народу» павінна быць самым актуальным лозунгам. А ці можна дамагчыся ад дзяржавы вяртання гэтых сум?

- Можна. Я нават ведаю, як дамагчыся вяртання гэтых грошай.

Калі б у кожным райцэнтры было чалавек 100 актыўных і бескампрамісных людзей, якія б аб'ядналіся дзеля дасягнення справядлівасці - ім бы ўдалося разгайдаць «маўклівую большасць» у кожным з гарадоў. Таму што пратэстныя настроі ў людзей.

Памятаеце, як было з дэкрэтам аб «дармаедстве»? Улады атрымалі адпор - і змоўклі. Гэтак жа трэба дзейнічаць і ў гэтым выпадку. Бо падстаў больш чым дастаткова: не толькі падвышэнне пенсійнага ўзросту, але і «капейкавае хамства» ў выглядзе падвышэння коштаў на бензін кожную ноч з суботы на нядзелю, ды і іншых несправядлівасцяў стае.

Бо ўлады самі ж паказалі, што яны баяцца: падвышаюць кошты паліва таемна, уночы, па капеечцы... дык чаго нам баяцца тых, хто і так напалоханы? Не разумею гэтага…

Пры жаданні ўсё можна вярнуць. Усё, што дзяржава забрала.

Паўтаруся, што пратэстныя настроі вельмі моцныя. Я гандлюю ў Баранавічах на цэнтральным шэрагу, і кожны раз чую «зычэнні» людзей на адрас Лукашэнкі і ягонага атачэння. «Каб ён падавіўся!»- гэта самае мяккае з таго, што я магу агучыць.

Сацыяльны выбух будзе. Людзі вельмі бескампрамісна настроены супраць улады. Падумайце самі: рэальныя заробкі ў большасці - гэта 200-300 рублёў. Гэтая сістэма трэсне. Яна не можа не трэснуць. І тады яны народу ўсё аддадуць - напоўніцу. Я першым выйду, каб аддалі.

Напісаць каментар 34

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках