24 красавiка 2024, Серада, 12:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Болтан: Будзе шмат дыпламатыі найбліжэйшыя месяцы

Болтан: Будзе шмат дыпламатыі найбліжэйшыя месяцы
ДЖОН БОЛТАН
ФОТА: AP

ЗША прадоўжаць перамовы з РФ аб ракетнай дамове.

Дарадца прэзідэнта ЗША ў нацыянальнай бяспецы Джон Болтан запэўніў, што Злучаныя Штаты будуць працягваць кансультацыі з РФ што да імавернага разрыву Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД).

Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю радыёстанцыі "Эхо Москвы" пасля сустрэч з расейскімі прадстаўнікамі ў панядзелак 22 кастрычніка.

Паводле ягоных слоў, тэма выхаду ЗША з дамовы наспела даўно, бо Расея парушыла і Дамову аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў, і Дамову аб абмежаванні сістэм супрацьракетнай абароны.

«І мы прыйшлі да высновы, што Расея мае намер развіваць ракеты сярэдняга радыусу далёкасці. І ўлічваючы гэтую пазіцыю Расеі, яе намеры, гэта адно з магчымых абмежаванняў і парушэнняў дамовы аб абмежаванні стратэгічных узбраенняў», - заявіў Болтан.

Дарадца Трампа дадаў, што ёсць таксама больш шырокае кола пытанняў аб абмежаванні ўзбраенняў, бо ёсць шэраг краін, якія выпускаюць ракеты сярэдняга радыусу далёкасці і крылатыя ракеты.

«Гэта і Паўночная Карэя, гэта і Кітай, вядома. І атрымліваецца вельмі незвычайная канфігурацыя, сітуацыя для ЗША і Расеі: двухбаковая дамова цяпер ужо не з'яўляецца манапольнай дамовай, разумееце?» - сказаў Болтан.

Наступным крокам, са слоў дарадцы Трампа, у гэтай сітуацыі стануць кансультацыі з «сябрамі ў Еўропе і ў Азіі», а таксама з Расеяй.

«Далейшыя кансультацыі з Расеяй - вядома, гэта відавочна, што мы будзем іх прадаўжаць. І ў іншых стратэгічных пытаннях. Будзе шмат дыпламатыі найбліжэйшыя месяцы», - сказаў ён.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп 20 кастрычніка заявіў пра намер выйсці з дамовы праз яе невыкананне з боку РФ.

Расеі давядзецца прымаць захады вайсковага тэхнічнага характару ў выпадку выхаду ЗША з дамовы, заявілі ў МЗС РФ. Масква кажа, што разрыў дамовы зробіць свет больш небяспечным.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках