19 красавiка 2024, Пятніца, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замежная запазычанасць з'ела ўсе нафтавыя даходы Расеі

5
Замежная запазычанасць з'ела ўсе нафтавыя даходы Расеі

Цэнтрабанк РФ рэзка павялічыў ацэнку плацяжоў замежным крэдыторам: за год давядзецца аддаць $128 млрд.

Санкцыі і новае абвастрэнне стасункаў з Захадам істотна ўскладнілі рэфінансаванне запазычанасці расейскім кампаніям і банкам, піша finanz.ru.

За трэці квартал выплаты запазычанняў замежным крэдыторам былі амаль удвая вышэйшыя за першапачатковыя адзнакі, вынікае з абноўленага графіка плацяжоў, апублікаванага ЦБ Расеі.

Паводле разлікаў рэгулятара, у ліпені-верасні карпарацыі павінны былі выплаціць 27 млрд даляраў, а банкі - 8 млрд, хоць усяго квартал назад ЦБ прагназаваў 14 і 5 млрд даляраў адпаведна.

Паводле вынікаў года выплата і абслугоўванне замежных крэдытаў будуць каштаваць расейскай эканоміцы 128 млрд даляраў, або рэкордную з 2014 года суму, падлічылі экспэрты Цэнтра развіцця ВШЭ на аснове звестак цэнтрабанка.

Згодна з графікам, давядзецца выплаціць 112 млрд даляраў па асноўнай запазычанасці і 16 млрд даляраў у выглядзе працэнтаў.

Замежная запазычанасць забярэ кожны чацвёрты даляр, які паступае ў Расею ад экспарту, аб'ём якога на бягучы год ЦБ ацэньвае ў 435-440 млрд даляраў.

На выплату сыдзе сума, эквівалентная гадавому даходу РФ ад экспарту нафты: яны, паводле звестак ЦБ, складаюць у сярэднім блізу 30 млрд даляраў за квартал.

Мяркуючы з усяго, рэзкі рост выплат звязаны з абавязкам, які ў статыстыцы ЦБ праходзіць як мае нявызначаны або невядомы графік выплаты, разважае вядучы экспэрт ЦР ВШЭ Сяргей Пухаў. «Перагляд графіка плацяжоў таксама мог быць звязаны з новымі кароткатэрміновымі пазыкамі, бо ва ўмовах санкцый доступ да доўгіх крэдытаў абцяжараны, - кажа ён. - Нельга выключаць, што і ў чацвёртым квартале аб'ём выплат па вонкавым абавязку можа быць вышэйшым».

У статыстыку па абавязку трапляе таксама адток прамых інвестыцый, нагадвае Пухаў: у трэцім квартале ў плацежным балансе ўтварылася «дзірка» сумаю 6 млрд даляраў - такую суму вывеў замежны бізнэс.

З улікам «высокіх санкцыйных рызык» чакаць вяртання капіталу не выпадае, дадае экспэрт.

Найбліжэйшыя два гады аб'ёмы выплат па абавязку, паводле адзнак ЦБ, рэзка скароцяцца: графік прадугледжвае іх падзенне амаль удвая, да 65 млрд даляраў налета, і яшчэ на 20% у 2020-м.

«Гэткае рэзкае скарачэнне плацяжоў па вонкавым абавязку павышае запас трываласці плацёжнага балансу. Зніжэнне попыту на валюту ў гэтым выпадку па сваіх маштабах можа кампенсаваць, напрыклад, падзенне прапановы валюты ад экспарту тавараў пры зніжэнні сярэднегадавых коштаў нафты прыкладна на 20 даляраў за барэль», - кажа Пухаў.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках