19 красавiка 2024, Пятніца, 16:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Чалавек 300 стаяла»

17
«Чалавек 300 стаяла»

Чаму ў Менску ля будынку цепласетак выбудавалася самавітая чарга.

Чытач даслаў фота з велізарнай чаргой у калідоры будынка Менскіх цепласетак. «Гэта юрыдычныя асобы стаяць, каб падаць паказанні лічыльнікаў цяпла ў цепласетку. 5 гадоў ваджу сюды паказанні, але ў чарзе ніколі не стаяў», - растлумачыў мужчына. Tut.by даведаўся, чаму на прадпрыемстве сабраўся натоўп.

- Усе камерцыйныя арганізацыі сталіцы, якія ацяпляюцца і абаграваюць ваду цеплаэнергіяй з ТЭЦ, павінны кожныя 2 дні здымаць паказанні лічыльнікаў і запісваць іх у адмысловы журнал. У апошнія тры дні кожнага месяца юрыдычныя асобы павінны адвозіць гэтыя журналы ў Менскія цеплавыя сеткі. Работнікі фіксуюць звесткі і па іх выстаўляюць рахунак за ацяпленне і падагрэў вады, - распавядае перадгісторыю чытач. - Гэтая працэдура заўсёды была вельмі хуткая. Нават калі ты прыйшоў, а перад табой 20 чалавек, чарга праходзіла імгненна. А гэтым разам нешта пайшло не так.

Мужчына распавядае, што сёння ў будынку цепласетак выбудавалася велізарная чарга. Сканчалася яна на вуліцы, «чалавек 300 стаяла».

- Я прыйшоў а 9.30, выйшаў толькі а першай гадзіне, а людзей менш не стала. Яны ішлі і ішлі, - працягвае хлопец. - Здаецца, у іх там нейкая мадэрнізацыя прайшла, пасля гэтага ўсе зламалася. Сёння апошні дзень падачы паказанняў.

Людзі, якія стаяць у чарзе, датэлефанаваліся да кіраўніцтва прадпрыемства і папрасілі падоўжыць тэрмін падачы звестак на некалькі дзён.

- Некаторыя людзі ж не могуць адстаяць такую вялікую чаргу, у іх справы, праца, часу не маюць. Кіраўніцтва вывесіла абвестку, што падаць паказанні можна будзе яшчэ 1 і 2 лістапада. 5 гадоў вазіў сюды паказанні, ніколі такога не было. 21-е стагоддзе на двары, а ў нас чэргі.

Са слоў мужчыны, некалькі месяцаў таму ён правяраў, ці можна падаць паказанні праз інтэрнэт.

- Можа, цяпер нешта памянялася, але пару месяцаў таму я глядзеў у іх на партале, ці можна падаць звесткі праз інтэрнэт. Па электраэнэргіі можна. Падумаў, напэўна такое павінна быць і па цяплу. Высветлілася, што ёсць форма для падачы. Але ўсё роўна ў тры апошнія дні месяца трэба ехаць туды з журналамі.

Начальнік сектара ідэалагічнай работы і грамадскіх сувязей РУП «Мінскэнэрга» Міхаіл Юдзін патлумачыў, што чарга выстраілася зусім не праз мадэрнізацыю.

- Такая чарга ўтварылася ў нас упершыню за апошнія гады. Гэта звязана з тым, што ў апошні дзень прыёму паказанняў прыйшло занадта шмат спажыўцоў. Гэта пры тым, што ў папярэднія два дні - 29 і 30 кастрычніка - паказанні таксама прымаліся, - падкрэслівае Міхаіл Юдзін. - Каб хутка вырашыць сітуацыю, якая склалася, прадпрыемства арганізавала дадатковыя працоўныя месцы па прыёме паказанняў і прадоўжыла тэрмін прыёму да 2 лістапада. А 15.00 такой велізарнай чаргі ўжо не было.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках