29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новы раўнд супраць Пуціна

17
Новы раўнд супраць Пуціна

Расея стала найбуйнейшай сусветнай пагрозай.

Экс-амбасадар ЗША ў Расеі Майкл Макфал у артыкуле для The Washington Post тлумачыць, якія шэсць прынцыпаў павінны легчы ў аснову новых антырасейскіх санкцый (пераклад – nv.ua).

У сваёй прамове, прысвечанай абароне суверэнітэту ААН на гэтым тыдні, прэзідэнт Трамп ледзь адчувальна закрануў расейскую тэму, каб толькі падкрэсліць залежнасць Нямеччыны ад энэргарэсурсаў Расеі. Як чэмпіён у суверэнiтэце, Трамп мог нагадаць і пра пагарду Расеяй незалежнасці іншых дзяржаваў. Гэта быў грубы промах.

Пры кіраўніцтве Уладзіміра Пуціна Расея стала найбуйнейшай сусветнай пагрозай для суверэнітэту іншых дзяржаваў. Расея ўварвалася на тэрыторыю дзвюх суседак – Грузіі ў 2008 і Украіны ў 2014 гадах – змяніўшы іхнія межы. Пуцін разгарнуў войскі ў Сірыі ў 2015 годзе, каб падтрымаць бязлітаснага дыктатара Башара Асада. Потым у 2016 годзе Пуцін парушыў амерыканскі суверэнітэт, выкарыстоўваючы некалькі спосабаў – уключаючы крадзеж і публікацыю прыватнай інфармацыі, выкарыстанне расейскіх дзяржаўных і падкантрольных уладзе традыцыйных медыя, сацсетак, ботаў, троляў і фэйкавых старонак, гэтаксама як і наўпростае ўмяшальніцтва ў кампанію Трампа, – каб паўплываць на вынікі амерыканскіх прэзідэнцкіх выбараў. У 2018 годзе Пуцін і ягоны рэжым парушылі брытанскі суверэнітэт, спрабуючы забіць Сяргея Скрыпаля, былога расейскага шпіёна.

Гэта не нармальныя інструменты вонкавай палітыкі. Гэта крымінальныя дзеянні. [...]

Калі Трамп сам не надумае стрымліваць неаднаразовыя парушэнні Пуціным суверэнітэту іншых краінаў, то Кангрэс павінен падштурхнуць на гэта ягоную адміністрацыю. Для злачынстваў павінна быць пакаранне. Новыя эканамічныя санкцыі – гэта грубы, але неабходны інструмент пакарання за супрацьзаконныя, агрэсіўныя паводзіны Расеі.

Нядаўна былі прапанаваныя тры законапраекты новых санкцыяў: «Аб абароне амерыканскай бяспекі ад агрэсіі Крамля» (DAASKA), «Аб абароне выбараў ад пагрозаў шляхам вызначэння “чырвоных ліній”» (DETER) і «Аб кааперацыі з хаўруснікамі ў Еўропе ў сектары бяспекі і энэргетыкі – 2018 ». Кангрэс павінен сабраць найлепшыя элементы гэтых трох законапраектаў, каб пакласці прэзідэнту на стол адзін напярэдадні дня выбараў у лістападзе. У прыманні такога закона варта кіравацца некалькімі прынцыпамі.

Па-першае, Кангрэс павінен ухваліць, а Трамп падпісаць у выглядзе закона прэвентыўныя санкцыі, якія аўтаматычна пачнуць дзеянне ў выпадку будучых варожых паводзінаў з боку Расеі. [...]

Па-другое, супраць цяперашніх супрацьзаконных паводзінаў Расеі таксама павінны ўвесці новыя санкцыі. Напрыклад, кожны дзень, калі Расея падтрымлівае сепаратысцкую вайну на Усходзе Украіны, варта разумець як новае супрацьзаконнае дзеянне. Замест таго каб проста падтрымліваць у самым пачатку ўвядзенне санкцый у адказ на інтэрвенцыю Расеі на Усходзе Украіны, амерыканскія заканадаўцы павінны заканадаўча замацаваць расклад узмацнення жорсткасці санкцый у выпадку, калі расейскі ўрад прадоўжыць свае супрацьзаконныя дзеянні.

Па-трэцяе, абмежаванні павінны пачаць дзейнічаць у адказ на канкрэтныя цяперашнія ці будучыя дзеянні Расеі – так, каб канкрэтную санкцыю маглі зняць, калі канкрэтныя паводзіны спыняцца.

Па-чацвёртае, будучыя санкцыі павінны быць перш за ўсё нацэленыя на расейскіх чыноўнікаў, дзяржаўныя арганізацыі або пазыковыя абавязальніцтвы, якія ўзніклі з ініцыятывы расейскага ўрада, а таксама прадпрыемствы, СМІ або групы ў сацсетках, якія знаходзяцца ва ўласнасці або пад кантролем дзяржавы. Асобныя прадстаўнікі прыватнага сектара і кампаніі не варта караць, пакуль іх непасрэдная падтрымка абуральнай вонкавай палітыкі Расеі не будзе задакументаваная.

Па-пятае, новае заканадаўства павінна ліквідаваць магчымасць ананімнага валодання карпарацыямі або нерухомасцю, а таксама перавод сродкаў за мяжу праз юрыдычныя фірмы. Гэта забяспечыць большую празрыстасць расейскіх інвестыцыяў і эканамічнай дзейнасці Расеі за мяжой.

Па-шостае, крамлёўскае злоўжыванне Інтэрполам – шляхам неадпаведнага выкарыстання як чырвоных папярэджанняў (міжнародных ордараў на арышт) і чырвоных апавяшчэнняў (міжнародных паведамленняў пра затрыманне) у палітычных мэтах – трэба спыніць. [...]

Ці зменяць новыя законы паводзіны Пуціна? Малаімаверна. Ці стрымае пагроза новых санкцыяў Пуціна ад будучых злачынстваў, асабліва ўмяшання ў амерыканскія выбары? Магчыма. Ці будуць сігналізаваць новыя законы пра катэгарычны намер амерыканцаў стрымліваць злачынствы Пуціна? Абсалютна. Санкцыі маральна апраўданыя ў адказ на абуральныя супрацьзаконныя паводзіны, нават калі яны не змяняюць яе ў кароткатэрміновай перспектыве. Дэманстраваць катэгарычнасць у абароне міжнародных законаў, правілаў і нормаў неабходна для захавання міжнароднага парадку ў доўгатэрміновай перспектыве.

І памятайце, расейскі ўрад прадоўжыць заніжаць уплыў амерыканскіх санкцый. У адказ на прэс-анонс прэм'ер-міністр Дзмітрый Мядзведзеў сказаў, што новыя санкцыі супраць расейскіх банкаў стануць «абвяшчэннем эканамічнай вайны» і Расея адкажа «эканамічнымі, палітычнымі, або, калі трэба, іншымі захадамі». Калі санкцыі такія неэфектыўныя, то чаму расейскія чыноўнікі так цяжка працуюць над тым, каб іх зняць ці папярэдзіць узнікненне новага заканадаўства? Санкцыі важныя – гэта відавочна. Як і відавочна тое, што Кангрэс зноў павінен пачаць дзейнічаць і прыняць новыя законы гэтай восенню.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках