19 красавiка 2024, Пятніца, 18:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму беларусы кінуліся на заробкі ў Польшчу

12
Чаму беларусы кінуліся на заробкі ў Польшчу

Польшча стала сур'ёзным канкурэнтам Расеі ў барацьбе за беларускую працоўную сілу.

Колькасць запрашэнняў беларусам ад польскіх працадаўцаў, выдадзеных паводле спрошчанай схемы, вырасла з 4 тысяч у 2014 годзе да 58 тысяч у 2017-м.

Пра гэта сведчаць вынікі даследавання аналітычнага цэнтра EAST, якія былі прэзентаванае днямі падчас дыскусіі "Стасункі Беларусі і Польшчы ў зменлівай геапалітычнай сітуацыі", піша zautra.by.

Карта паляка як пропуск на рынак працы

Са слоў акадэмічнага дырэктара Варшаўскага аналітычнага цэнтра EAST Андрэя Елісеева, яшчэ ў 2014 годзе экспэрты прагназавалі, што найбліжэйшае дзесяцігоддзе не менш за 35 тысяч беларусаў назаўжды з'едуць жыць у Польшчу.

— Павольны рост ВУП Беларусі і міграцыйная тэндэнцыя паказваюць на тое, што прагноз 35 тысяч суайчыннікаў-мігрантаў – больш чым аптымістычны, — мяркуе Андрэй Елісееў.

Зрэшты, колькасць беларусаў, якія афіцыйна з'ехалі на сталае месца жыхарства ў Польшчу, значна не вырасла. За апошнія гады блізу 5-10 тысяч грамадзян нашай краіны атрымалі дазвол на жыхарства ў Польшчы.

Варшава істотна палегчыла правілы выдачы дазволу на жыхарства і грамадзянства ўладальнікам карт паляка. Больш за 100 тысяч беларусаў ужо атрымалі гэты дакумент, які пацвярджае прыналежнасць да польскага народу.

Кіраўнік аналітычнага цэнтра EAST мяркуе, што кожны пяты беларусы, які мае карту паляка, дэ-факта праводзіць у суседняй краіне большую частку года.

- З улікам гэтага, цалкам магчыма, мы ўжо цяпер маем тыя самыя 35 тысяч беларусаў, якія пераехалі ў Польшчу. Хоць гэтую лічбу прагназавалі да 2024 годзе, — адзначае Андрэй Елісееў.

Беларусы аддаюць перавагу Польшчы

Польшча стала сур'ёзным канкурэнтам Расеі ў барацьбе за беларускую працоўную сілу. Колькасць запрашэнняў беларусам ад польскіх працадаўцаў у 2017 годзе ў параўнанні з 2014-м вырасла ў 14 разоў.

Характэрна, што спрошчаная сістэма часовага працаўладкавання для беларусаў у Польшчы дзейнічае ўжо блізу 10 гадоў. Але толькі ў апошнія тры гады нашы суайчыннікі сталі актыўнай ёй карыстацца, кардынальна змяніўшы арыентацыю часовых падпрацовак з усходу на захад.

Той факт, што беларусы ўсё часцей ездзяць на кароткія заробкі ў Польшчу, пацвярджаецца сталым павелічэннем колькасці фірмаў, якія займаюцца працаўладкаваннем за мяжой, якія прапануюць свае паслугі ў пошуку працы на польскім рынку. А нябачаны рост пошукавых запытаў у Інтэрнэце паказвае, што попыт на гэты кірунак ірвануў уверх.

У пошукавіку Яндэкса ў другім паўгоддзі 2017 года беларусы ўтрая часцей шукалі інфармацыю аб працы ў Польшчы, чым у Расеі.

Па лепшае жыццё з'язджаюць найлепшыя

Усё больш прывабныя для беларускай моладзі і польскія навучальныя ўстановы. Польскія ўніверсітэты маюць шэраг пераваг перад беларускімі ВНУ. Найперш, гэта дыплом еўрапейскага ўзору. Нягледзячы на тое, што Беларусь ужо ўвайшла ў кола краін-удзельніц Балонскага працэсу, Айчынныя ВНУ ўсё яшчэ не каціруюцца ў Еўрапейскім звязе.

Немалаважнае значэнне мае і даволі невысокі кошт навучання ў польскіх ВНУ і магчымасць атрымліваць стыпендыю, а таксама адсутнасць размеркавання, якое знаходзіць практычна ўсіх бюджэтнікаў айчынных універсітэтаў.

Цяпер у польскіх ВНУ навучаецца больш за 5 тысяч беларускіх студэнтаў. Гэта другая паводле колькасці група замежных студэнтаў у Польшчы, пасля ўкраінцаў, якіх там налічваецца 40 тысяч.

Экспэрты ўпэўненыя, што большасць беларусаў, якія атрымалі еўрапейскую адукацыю, нават спрабаваць не будуць знайсці сабе працу на радзіме. Улічваючы лепшую эканамічную сітуацыю ў Польшчы ды іншых краінах ЕЗ, яны ўважаюць з лепшае пачынаць кар'еру на Захадзе. Гэтыя маладыя людзі стануць часткай высокакваліфікаваных кадраў, якія Беларусь страчвае канчаткова.

Гастарбайтары прыхарошваюць статыстыку беднасці

Кіраўнік аналітычнага цэнтра EAST адзначае, што часовая працоўная міграцыя дапамагае ўладам Беларусі захоўваць прыгожую статыстыку беспрацоўя і даволі нізкі ўзровень беднасці.

Гастарбайтары не стаяць на біржы працы, зніжаючы тым самым адсотак беспрацоўных, а заробленыя імі грошы істотна падтрымліваюць сем'і на радзіме і робяць унёсак у беларускую эканоміку.

Без плыні заробленых за мяжой сродкаў узровень беднасці ў краіне быў бы ў 2-3 разы вышэйшы.

- Гэтыя пералічэнні акурат дазваляюць сем'ям не знаходзіцца за рысай беднасці, — падкрэслівае Андрэй Елісееў.

У першай палове гэтага года беларусы перавялі з-за мяжы на радзіму амаль 170 мільёнаў даляраў.

Станоўча і тое, што часовыя працоўныя мігранты прывозяць атрыманыя за мяжой навыкі і досвед. Камусьці ўдаецца назапасіць трохі сродкаў, каб пачаць у Беларусі сваю справу.

А вось выцек мазгоў і высокакваліфікаваных кадраў не прыносіць беларускай эканоміцы ніякай карысці.

- Высокакваліфікаваныя беларусы, як часткова і тыя, хто з'ехаў вучыцца ў польскія ВНУ і застаўся, кладуць негатыўны адбітак на эканамічнае развіццё Беларусі. У тым сэнсе, што мы страчваем дададзеную вартасць, якую гэтыя людзі маглі б даваць на радзіме, — кажа Андрэй Елісееў.

Паводле прагнозаў экспэртаў, калі эканамічная сітуацыя ў нашай краіне не палепшыцца, колькасць людзей, якія з'язджаюць на заробкі ў Польшчу, будзе расці.

Змяніць тэндэнцыю могуць эканамічны рост і больш высокі ўзровень жыцця беларусаў.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках