18 красавiка 2024, Чацвер, 6:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч: Рэальны заробак у рэгіёнах - 250 рублёў

36
Генадзь Фядыніч: Рэальны заробак у рэгіёнах - 250 рублёў
Карыкатура: Кацярына Марціновіч

Улады хаваюць нязручную інфармацыю.

Белстат палічыў, колькі работнікаў у Беларусі звольнілі з прадпрыемстваў за першыя 9 месяцаў гэтага года. Як высветлілася, 552 тысячы работнікаў былі звольненыя, а працаўладкавалі — амаль на 38,3 тысячы менш. Вялікая лічба. Атрымліваецца, што ў 2018 годзе без працы засталася цэлая Смаргонь, або, напрыклад, два Быхавы, а то і чатыры Браславы.

Акрамя таго, лічбы Белстату маюць вельмі цікавую арыфметычную ўласцівасць. Каб дабрацца да праўды, часта іх трэба памнажаць на дзесяць. Разабрацца ў рэальнай сітуацыі ў беларускай прамысловасці сайт Сharter97.org папрасіў лідара незалежнага прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча:

- Многія прадпрыемствы банкрутуюць і гэта, на жаль, будзе прадаўжацца. Менавіта з гэтай прычыны ідзе масавае скарачэнне работнікаў. Наша эканоміка не ў стане забяспечыць людзей працай.

Ёсць людзі, якія сыходзяць з уласнага жадання, хтосьці з'язджае за мяжу. Будзем сумленнымі, працы ў Беларусі няма. Калі мы пачынаем разбірацца з вакансіямі, то бачым, што рэальны заробак у рэгіёнах - 250 рублёў. Калі дзесьці ёсць заробкі на 400 рублёў, то па такія вакансіі стаіць чарга.

Яшчэ за адную праблему я ўважаю адсутнасць матывацыі высокакваліфікаваных працаўнікоў. Паглядзіце на нашу металаапрацоўчую прамысловасць, на нашыя заводы. Моладзь проста не хоча там працаваць. Бо гэта цяжкая праца за малыя грошы. Таму звальненні і скарачэнні будуць толькі прадаўжацца.

- Усім вядома, што лічбы Белстату не адлюстроўваюць рэальнай сітуацыі, а акрамя таго, ёсць прадпрыемствы, дзе людзі працуюць па некалькі гадзін. Як бы вы ацанілі рэальную сітуацыю з працаўладкаваннем у краіне?

- Статыстыка - рэч вельмі зманлівая. Ёсць прадпрыемствы, дзе працуюць па чатыры гадзіны, а ёсць тыя, хто працуе па 12. Але ў табелі, дзе разлічваецца сярэдняя занятасць, паставяць васьмёрку. Нельга глядзець на лічбы Белстату і прымаць іх за чыстую манету. Яны не адлюстроўваюць рэальную сітуацыю. Гэта неаб'ектыўна. Акрамя таго, частка нязручнай інфармацыі хаваецца.

Вы закранулі тэму няпоўных працоўных дзён. Я думаю, што калі сітуацыі на заводах даходзяць да такога, то хай людзей адпускаюць дадому і плацяць ім грошы. Бо ёсць прыклады, калі працаўнікоў прымушаюць браць адпачынкі з свой кошт. Людзі сядзяць без грошай.

Законы эканомікі надзвычай простыя: вырабіў, прадаў, атрымаў грошы. Трэба быць канкурэнтназдольным на рынку, а нашы прадпрыемствы, за рэдкім выключэннем, нічым не могуць пахваліцца.

Так, ёсць «Беларуськалій», Наваполацкі і Мазырскі НПЗ, але нават на гэтых прадпрыемствах падае сярэдні заробак. Хачу таксама нагадаць ураду, што ёсць статыстыка, ёсць кандыдацкая дысертацыя, а ёсць праўда. І праўда аб заробках у Беларусі значна больш жорсткая, чым тая статыстыка, якую нам даюць пачытаць.

- Урад дэкларуе «новую індустрыялізацыю», развіццё прамысловасці, а больш за ўсё звальненняў менавіта ў сферы прамысловасці. Як гэта можна пракаментаваць?

- Сапраўды, ёсць вялікія праблемы ў прамысловасці, але я б падаў яшчэ прыклад ЖКГ, дзе таксама ідуць масавыя скарачэнні. Парадокс у тым, што колькасць начальнікаў застаецца ранейшай, а шараговых працаўнікоў звальняюць. Атрымліваецца, што адзін робіць, сем ляжыць. Калі б гэта былі добрыя мэнэджары, якія прыцягваюць інвестыцыі, прывозяць грошы з-за мяжы. Але ў нас няма канкурэнцыі, у раёнах квітнее непатызм, у верхавіне працуюць усе свае, нікога не звальняюць. Мясцовыя начальнічкі проста «бранзавеюць».

Гэта вялікая праблема для нашай краіны. А снежны ком будзе расці да таго моманту, пакуль не скончацца бюджэтныя грошы.

Вось адкуль у нас утварылася дзірка ў ФСАН? З той прычыны, што вялікая колькасць беларусаў з'ехала за мяжу і не плаціць адлічэнні ў страхавы фонд. Усё ў эканоміцы ўзаемазвязана. Людзей можна ўвесці ў зман, але эканоміку не падманеш.

- Толькі за 2017 год 52 тысячы беларусаў атрымалі дазвол на жыхарства ў краінах ЕЗ. Дзясяткі, калі не сотні тысяч працуюць на падставе рабочых віз. Калі гаворка ідзе аб Расеі, то называецца лічба ад 500 тысяч. Атрымліваецца, што лік беларускіх эмігрантаў пайшоў на мільёны?

- Сапраўды, вельмі сумная статыстыка, але яна мае месца быць. З'язджаюць не горшыя, а найлепшыя. Прафесіяналы, якія ўмеюць і любяць працаваць. Яшчэ большым ударам для нашай эканомікі з'яўляецца тое, што многія беларусы не хочуць вяртацца дадому.

Нядаўна Лукашэнка заявіў, што беларусам за мяжой падрыхтаваны лёс людзей другога гатунку. Я ўжо казаў аб тым, што некарэктна дзяліць людзей па гатунках. Да якога гатунку людзей належаць тыя беларусы, якія зарабляюць па 250 рублёў у рэгіёнах?

Людзі б не з'язджалі за мяжу, калі б ім далі на радзіме добры заробак. Але я мяркую, што пакуль не будзе эканамічных рэформаў, канкрэтнай матывацыі рабочых для таго, каб яны заставаліся на радзіме (можа гэта будуць не такія грошы, але сувымерныя з Польшчай і Расеяй), то плынь эмігрантаў будзе павялічвацца. Асабліва сярод моладзі, бо яна хоча ўсё і адразу.

- Якія канкрэтныя крокі вы б прапанавалі для выхаду з сітуацыі, якую, без перабольшання, можна назваць катастрафічнай?

- Нашай краіне патрэбна выразная сістэма, каб чалавек не думаў, што ён будзе заўтра есці, чым будзе карміць сям'ю. Да людзей трэба ісці на сустрэчу, а не ўспамінаць пра іх, калі ідзе перадвыбарная кампанія. Урад, годзе браць, надышоў час збіраць камяні і аддаваць. Нашы людзі не лянуюцца працаваць, безвыходнасць прымушае іх з'язджаць.

Можаце скарачаць працаўнікоў, зачыняць прадпрыемствы, але давайце правядзём эканамічныя рэформы. Але ж не, улады баяцца, што рэформы пахіснуць асновы рэжыму і пачнуцца хваляванні.

Пытанне застаецца адкрытым, але надыдзе час і мы даведаемся праўду аб рэальнай сітуацыі ў эканоміцы. Сёння на прадпрыемствах проста касмічныя завінавачанасці перад банкамі, якія яны проста не ў стане вярнуць. Таму трэба брацца за рэформы. Калі гэта не зрабіць сёння, то будзе позна.

Напісаць каментар 36

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках