20 красавiка 2024, Субота, 2:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крык душы пенсіянеркі: Вымірае вёска

7
Крык душы пенсіянеркі: Вымірае вёска

Як напраўду праходзіць «год малой радзімы».

Моднае сягоння паняцце - малая радзіма. Вось і ў мяне ёсць невялікі дамок у вёсцы - езджу, чышчу, прыбіраю. Пішу ў газету на просьбу жыхароў навакольных вёсак: Пачуйкі, Ганасоўцы ў Ваўкавыскім раёне, Міткевічы, Леткі - у Мастоўскім, піша пенсіянерка Ганна Іванаўна з вёскі Ганасоўцы для сайта «Свободные новости».

Каля лесу пабудавалі свінагадоўчы комплекс на 24 тысячы галоў. А ў вёсках людзі жывуць, як на кучы гною. Смурод часам стаіць такі, нібы раскладаюцца трупы. Вецер дзьме то ў адзін, то ў другі бок.

Раней жа ў вёсках людзі трымалі сваю гаспадарку, а цяпер нельга. Ды і каму трымаць? Хто памірае, хто з'язджае... вымірае вёска. І не без дапамогі цяперашніх гаспадароў.

Кароў можна трымаць, але ніхто не трымае. Свіней трымаць нельга, каб, не дай Бог, не заразіць жыўнасць свінакомплексу. Я нарадзілася і вырасла ў вёсцы, і ў нас таксама побач быў і ёсць свінагадоўчы комплекс, але ўсе трымалі жывёлу. Усім ставала лугу - і вясковым, і калгасным каровам. Усякае бывала, і свінні хварэлі, і выбракоўванне было, але забароны трымаць свінню ў асабістым падворку - такога не было.

Калі быў падзеж свіней на комплексах у сённяшні час, ніхто чамусьці не ўспомніў, што жывёліны сталі хварэць, калі памянялі кармы. Можа, закупілі нешта не тое? У прыватнікаў свінні не хварэлі. Але цяпер, калі хто адважыцца трымаць хоць адну свінку для сябе, збяжыцца ўсё начальства і міліцыя, нібы рыхтуецца замах.

У адным з нумароў вашай газеты чытаю, што свініна даражэе, бо яе не стае. Вось гэта нумар! Цытую вершы М. Іванаўскага:

…Якая каркнула варона —

Трымаць свіней, то забарона,

З якіх часоў пара настала,

Каб у хлявах не мелі сала?

І яшчэ аб свінагадоўчым комплексе. Ён пабудаваны ў Гарадзенскай вобласці, належыць РСК УП «Ваўкавыскае». На гэтым комплексе ў штаце павінна працаваць пяць трактароў, якія вывозілі б адкіды жыццядзейнасці свіней на палі. Але - аптымізацыя (яшчэ адное моднае слова). Працуе адзін трактар і труба, па якой зліваецца смуродная жыжа. Заліта ўсё навокал, неўзабаве гной дойдзе да вёсак. Людзі ходзяць у лес і бачаць мора жыжы. У асобных месцах яна проста прыцярушаная саломай. Хутка ўсё гэта дабро патрапіць у студні, у рэчку Верацейку і яшчэ Бог ведае куды.

А потым прыедзе, магчыма, Лукашэнка і пачне «адкручваць галовы». Добра было, каб гэта адбылося. Беларусь наша невялікая, і пры жаданні можна за самы кароткі тэрмін аб'ехаць яе ці абляцець. Урад у нас новы, не стомлены, няхай бы ён арганізаваў працу, пакуль вёскі не патанулі ў гноі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках