25 красавiка 2024, Чацвер, 14:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Захад актыўна заняўся «абнуленнем» сяброў Пуціна

11
Захад актыўна заняўся «абнуленнем» сяброў Пуціна
СЦЯПАН ДЭМУРА

Сур'ёзныя непрыемнасці закрануць і актывы расейскіх чыноўнікаў.

Вядомы фінансавы аналітык, трэйдар і былы аглядальнік РБК Сцяпан Дэмура даў свае каментары аб новай хвалі амерыканскіх санкцый, накіраваных на расейскіх алігархаў, піша «Русский монитор».

На семінары, які адбыўся 23 кастрычніка ў Сіці-Класс, экспэрт прапанаваў прысутным ацаніць цяперашнюю сітуацыю, зыходзячы з апошніх навін, якія фактычна азначаюць пачатак вялікага працэсу «абнулення» т. зв. «сям'і». Абрамовіч, Дзерыпаска, Патанін, Фрыдман, Вексельберг, Керымаў, Шамалаў - актывы самых багатых людзей Расеі сёння не проста становяцца аб'ектамі пільнага вывучэння заходніх фінансавых кантрольных службаў, яны даслоўна знаходзяцца пад пагрозай канфіскацыі. Гаворка ідзе аб укладах, нерухомасці і іншай уласнасці, якой валодаюць расейскія алігархі, што аддаюць перавагу трымаць свае капіталы за межамі РФ.

Адна з прычын, паводле якой амерыканцы сур'ёзна ўзяліся за чальцоў «сям'і», палягае ў тым, што Захад пачаў узмоцнена дыстанцыявацца ад бізнэсоўцаў і іншых багатых людзей з расейскай прапіскай, бо тыя «не могуць за сабой падчысціць». Сцяпан Дэмура заклікаў звярнуць увагу на цэлы шэраг падзей, якія відавочна паказваюць на рост праблем у алігархаў: «Грошы Дзерыпаскі перавялі ў траст аднаго з амерыканскіх банкаў, фактычна узяўшы пад кантроль некалькі галін расейскай эканомікі. У чэрвені ў Швэйцарыі заблакавалі рахункі расейскага мільярдэра Вексельберга, на Кіпры замарозілі рахункі і Вексельберга, і Дзерыпаскі, да таго ж апошні таксама пазбавіўся сваёй дарагой нерухомасці ў Нью-Ёрку».

Яшчэ адзін бачны прадстаўнік расейскай бізнэс-эліты - Раман Абрамовіч - «выпадкова» сутыкнуўся з сур'ёзнай праблемай у выглядзе пазову ад сваякоў Бярозаўскага, якія падалі дакументы на перагляд справы, паводле якой, як вядома, разглядаўся лёс 5 мільярдаў даляраў. Нагадаем: нягледзячы на аб'ектыўную правату пазіцыі Бярозаўскага, у судзе перамог Абрамовіч. Сёння, са слоў Дэмуры, ёсць усе падставы меркаваць, што справа будзе аператыўна перагледжаная, у выніку чаго пазоўнікі атрымаюць нейкі адсотак, а асноўная сума сыдзе ў брытанскую або амерыканскую казну.

Шэраг падзей кажа і пра тое, што сур'ёзныя непрыемнасці закрануць актывы расейскіх чыноўнікаў. Так, Сцяпан Дэмура нагадаў слухачам пра прэцэдэнт, зафіксаваны ў Швэйцарыі: «Адзін з кіраўнікоў дэпартамента аднаго нашага міністэрства ашчаджаў на швэйцарскім рахунку 62 мільёны еўраў. Банк ветліва пацікавіўся паходжаннем гэтых сродкаў, пасля чаго грошы былі канфіскаваныя...».

Вынікам такога «абнулення» экспэрт назваў два відавочныя следствы. Па-першае, амерыканцы абавязкова прымуць закон, падобны з брытанскім, на падставе якога, калі на вашым рахунку знаходзіцца сума, альбо вы валодаеце актывамі на суму, большую за 50 тысяч у. а., і вы не можаце растлумачыць паходжанне гэтых сродкаў, грошы канфіскуюцца на карысць казны. Па-другое - чарговы ўнутраны перадзел таго, што засталося, т. б., бандыцкія войны і дзяльба ўласнасці на тэрыторыі РФ. Пры гэтым, рэзюмуе аналітык, з мэтай напаўнення бюджэту, які будзе падлягаць яшчэ больш бязлітаснаму распілоўванню, расейскі народ будуць даіць з падвоенай сілай. Адзін з найбольш эфектыўных спосабаў для рэалізацыі такой задачы - значнае падвышэнне падаткаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках