17 верасня 2019, aўторак, 20:30
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Дамы канца 19 стагоддзя ў цэнтры Берасця прадаюцца коштам катэджаў пад Менскам

2
Дамы канца 19 стагоддзя ў цэнтры Берасця прадаюцца коштам катэджаў пад Менскам

Абодва - гісторыка-культурныя каштоўнасці.

У Берасці ў адзін дзень з электронных таргоў прададуць два будынкі ў цэнтры горада. Абодва - 19 стагоддзя, абодва ў свой час былі жылымі, і пачатковы кошт іх цалкам супастаўны з коштам катэджа пад Менскам, паведамляе tut.by.

Першы лот - трохпавярховы будынак плошчай 547 квадратных метраў у гістарычным цэнтры Берасця (на вул. 17 верасня, 27), выстаўлены на электронныя таргі на пляцоўцы «БУТБ-Маёмасць». Пачатковы кошт гісторыка-культурнай каштоўнасці - 516 тысяч рублёў.

У гэты кошт таксама ўключанае права арэнды зямельнага ўчастка плошчай 315 квадратных метраў тэрмінам на 10 гадоў. Магчыма набыццё ў растэрміноўку.

Паводле архіўных звестак, будынак пабудаваны ў канцы 19 стагоддзя ў стылі позняга класіцызму. Першапачаткова ў ім размяшчаўся гатэль Victoria. Пасля Другой сусветнай вайны частка памяшканняў была перададзеная Берасцейскаму БТІ, а астатняя пераабсталяваная ў 10 асобных кватэрах.

У 1974 годзе ў будынку была праведзеная рэканструкцыя, у выніку якой кожная з кватэр атрымала ўласны санвузел.

Цяпер у будынку ніхто не пражывае, а апошні арандатар (майстэрня па рамонце парасонаў) з'ехаў некалькі месяцаў таму. Такім чынам, адзіным абцяжараннем у выкарыстанні аб'екта нерухомасці з'яўляецца яго статус помніка архітэктуры.

Акрамя таго, пераможца таргоў абавязаны аплаціць КУП «ЖРЭУ г. Берасця» выдаткі на выкананне работ па вызначэнні кошту і вырабе тэхнічнай дакументацыі па аб'екце сумаю 1,77 тысячы рублёў і за свой кошт правесці рэстаўрацыю будынка ў адпаведнасці з Генеральным планам Берасця.

Электронныя таргі адбудуцца 20 лістапада. Заяўкі на ўдзел прымаюцца да 15.00 14 лістапада.

На той жа дзень на «БУТБ-Маёмасць» прызначаныя таргі і па яшчэ адной гістарычнай пабудове - двухпавярховаму будынку на вул. Савецкіх памежнікаў, 22, пабудаванаму ў 90-х гадах 19 стагоддзя. У доме размяшчаліся 3 кватэры: 2 на першым паверсе і адна на другім. Для абагрэву жылых памяшканняў выкарыстоўвалася пячное ацяпленне. У 1967 і 1973 гг. у будынку праводзілася рэканструкцыя. У выніку дом атрымаў дзве прыбудовы і сёння на плошчы 337,3 м² размяшчаюцца 8 кватэр: 3 аднапакаёвыя, 2 двухпакаёвыя і 3 трохпакаёвыя. Доступ на другі паверх забяспечваюць дзве драўляныя лесвіцы. Таксама захаваўся праезд ва ўнутраны дворык. Стартавы кошт прадмета таргоў - 301 тысяча рублёў.

Як і ў выпадку з будынкам на вул. 17 верасня, у кошт уваходзіць права арэнды зямельнага ўчастка плошчай 358 м². Тэрмін арэнды аналагічны - 10 гадоў.

Будучаму пакупніку таксама давядзецца дадаткова заплаціць 517 рублёў у якасці кампенсацыі выдаткаў на выкананне работ па вызначэнні рынкавага кошту аб'екта, панесеных КУП «Берасцейскі гарадскі цэнтр кіравання нерухомасцю».