25 красавiка 2024, Чацвер, 8:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Трамп і Макрон выказаліся за ўзмацненне еўрапейскага ўдзелу ў NATO

Трамп і Макрон выказаліся за ўзмацненне еўрапейскага ўдзелу ў NATO
ФОТА: REUTERS

Прэзідэнт ЗША заявіў, што выступае за моцную Еўропу.

Прэзідэнты Францыі і ЗША Эмануэль Макрон і Дональд Трамп выказаліся за ўзмацненне еўрапейскага ўдзелу ў NATO. «Несправядліва, што еўрапейскую бяспеку сёння гарантуюць толькі Злучаныя Штаты», - заявіў Макрон на сустрэчы з амерыканскім калегам у Парыжы ў суботу, 10 лістапада, і заклікаў еўрапейцаў браць на сябе больш адказнасці ў абароннай сферы, піша DW.

«Калі прэзідэнт Трамп хоча абараніць адзін са штатаў ЗША, ён не просіць аб фінансаванні Францыю, Нямеччыну ці які-небудзь іншы ўрад у Еўропе», указаў далей французскі прэзідэнт.

Трамп выступае за «моцную Еўропу»

У сваю чаргу Дональд Трамп па прыбыцці ў Елісейскі палац чарговым разам паўтарыў свае патрабаванні да еўрапейцаў, якія тычацца гарантавання бяспекі на кантыненце. Са слоў Трампа, ён выступае за «моцную Еўропу» і хоча дапамагчы ў гэтым еўрапейскім хаўруснікам, але еўрапейцы павінны павялічыць свае выдаткі на абарону ў адпаведнасці з патрабаваннямі NATO.

Напярэдадні візіту ў Парыж Трамп назваў словы Макрона аб неабходнасці ўласнага войска Еўразвязу «вельмі абразлівымі». «Магчыма, Еўропе трэба спачатку заплаціць сваю справядлівую долю ў NATO, якую ў велізарнай ступені субсідзіруюць ЗША», - напісаў ён у сваім мікраблогу Twitter. 6 лістапада Эмануэль Макрон у эфіры радыёстанцыі Europe 1 заявіў, што еўрапейцаў немагчыма абараніць без «сапраўднага еўрапейскага войска». Уласнае войска неабходнае ЕЗ, «прымаючы пад увагу Расею, Кітай і нават ЗША», падкрэсліў Макрон. З ягоных слоў, Еўразвязу нельга «спадзявацца толькі на ЗША».

Трамп і ягоная жонка Мелані прыбылі ў Францыю з двухдзённым візітам. 11 лістапада яны будуць прысутнічаць на памятных мерапрыемствах у Парыжы, прысвечаных 100-годдзю заканчэння Першай сусветнай вайны. Францыя чакае прыбыцця дэлегацый з 98 краін. Раней на гэты ж дзень планавалася поўнафарматная сустрэча прэзідэнтаў РФ і ЗША, але знаёмы з сітуацыяй суразмоўца газеты «Коммерсантъ» паведаміў, што прэзідэнт Францыі выступіў супраць саміту Пуціна і Трампа ў Парыжы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках