19 лiпеня 2019, Пятніца, 5:44
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Леанід Заіка: Беларусь прывязаная да расейскага рубля, а ў РФ робяць, што хочуць

2
ФОТА: TUT.BY

У Расеі можа і надалей слабець курс рубля.

З пачатку года ўпершыню ў краіне патаннелі платныя паслугі. Са слоў экспэрта, у Беларусі наогул не могуць паўплываць на інфляцыю, бо мы вельмі моцна залежым ад расейскага рубля, «а ў Расеі робяць, што хочуць».

У Беларусі інфляцыя на тавары і паслугі ў кастрычніку 2018 года, у параўнанні з вераснем, склала 0,5%. З пачатку года кошты павысіліся на 4,2%. Такія звесткі прыводзіць Нацыянальны статыстычны камітэт.

Паводле звестак Белстата, харчовыя тавары ў кастрычніку падаражэлі на 1%. Больш за ўсё - агуркі (на 83%), памідоры (на 51,4%) і вінаград (на 19,3%). Патаннелі бананы (на 13,8%), яблыкі (на 13%), цытрусавыя (на 12,2%), буракі (на 9,4%) і морква (на 5,7%).

Нехарчовыя тавары падаражэлі за месяц на 0,3%. У кастрычніку найбольш падаражэлі плашчы (на 4,2%), газавае маторнае паліва (на 3,9%) і кветкі (на 3,7%). Больш за ўсё патаннеў абутак - чаравікі жаночыя скураныя на нізкім абцасе на сінтэтычнай падэшве (на 7,2%), паўчаравікі, туфлі скураныя (на 6,5%) і басаножкі, сандалі з натуральнай або штучнай скуры (на 5,8%).

Упершыню за 2018 год у Беларусі патаннелі паслугі - на 0,3% за месяц. Патаннелі паслугі чыгуначнага пасажырскага транспарту міжнародных злучэнняў (на 5,8%), гарачае водазабеспячэнне (на 5%) і паслугі паветранага пасажырскага транспарту (на 4,6%).

Нагадаем, што за 2017 год інфляцыя ў Беларусі склала рэкордныя 4,6%. Афіцыйны прагноз Нацыянальнага банка на гэты год складае 5,5-6%.

Як адзначыў у каментары Belsat.eu кіраўнік аналітычнага цэнтра «Стратэгія» Леанід Заіка, выніковая інфляцыя за гэты год паводле канчатковых падлікаў можа скласці і 7%.

«Беларусь - малая адкрытая эканоміка, таму паўзучае павелічэнне коштаў у даляравым эквіваленце на імпарт ужо рэальна адбіваецца і на нафце, і на прадуктах харчавання, і на чым заўгодна», - заявіў ён.

Суразмоўца дадаў, што Нацбанк у другой палове гэтага года дапусціў большую дэвальвацыю рубля ў сувязі з тым, «што Беларусь прывязаная да расейскага рубля, а ў Расеі робяць што хочуць». На ягоную думку, налета сітуацыя з інфляцыяй у краіне можа развівацца неадназначна праз тое, што ў Расеі ўзятая на ўзбраенне стратэгія ў збавенні ад даляра ЗША.

«Хутчэй за ўсё, мы не зможам праводзіць нейкую ўласную манетарную палітыку, хоць абмежаванні павінны быць, у тым ліку ў выдачы крэдытаў. Калі не знізіць актыўнасць па крэдытах буйных прадпрыемстваў, выдаваць пазыкі дрэнным прадпрыемствам і кампенсаваць іх крэдытныя рэсурсы, то інфляцыя можа быць і вышэйшай, нават у межах 7-9%. Хоць урад нацэлены на 5%. У інтарэсах усіх беларусаў - каб інфляцыя была мінімальнай. Але на сёння, на жаль, стратэгічна мы не кіруем інфляцыяй. Кошты дыктуюцца вонкавымі рынкамі, перш за ўсё расейскім. А ў Расеі можа і далей слабець курс рубля», - падкрэсліў Леанід Заіка.