19 снежня 2018, Серада, 9:34
Дзякую вам
Рубрыкі

«Лукамол» як бледная копія камсамола

11
Фота: RFL / RE

У Беларусі сфармаваліся дзве паралельныя рэальнасці.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу RTVI заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Яўген Афнагель, каментуючы скандальны аўдыёзапіс пра прымус беларускіх школьнікаў да ўступлення ў БРСМ:

- У гэтым аўдыёзапісу не прагучала нічога новага. Беларусы даўно ведаюць, што ў БРСМ заганяюць пад прымусам, што пры паступленні ў ВНУ, пры размеркаванні, пры засяленні ў інтэрнаты ў студэнта пытаюцца, ці з'яўляецца ён сябрам БРСМ. І калі студэнт або школьнік такім не з'яўляецца, то ў яго могуць быць праблемы і з вучобай, і з наступнай кар'ерай.

- У чым прычына сімпатый Лукашэнкі да той эпохі, якую ён капіюе, падтрымліваючы БРСМ?

- Першая прычына - гэта страх Лукашэнкі перад Плошчай і вулічнымі пратэстамі. Лукашэнка ведае, што моладзь з'яўлялася рухавіком перамен ва Украіне, у Арменіі, у іншых постсавецкіх краінах. І Лукашэнка, як любы дыктатар, вельмі баіцца вуліцы, баіцца народа.

Таму на хвалі пратэстаў у канцы 90-х у адміністрацыі дыктатара ўзнікла ідэя аб стварэнні сваёй арганізацыі, якая на думку лукашэнкаўскіх ідэолагаў павінна была прыцягнуць на свой бок моладзь.

Другая прычына - у тым, што Лукашэнка з'яўляецца састарэлым, архаічным прадуктам сярэдзіны 70-х гадоў, калі прайшла яго маладосць. І ён выкарыстоўвае інструменты, якія яму знаёмыя. Ён уважае, што сляпое капіяванне камсамола мінулага стагоддзя дапаможа яму ўтрымацца ва ўладзе.

БРСМ, які ў Беларусі яшчэ называюць «лукамолам» не проста копія камсамола - гэта бледная копія камсамола. БРСМ узяў усё самае горшае ў камсамола. Камсамол у свой час паўстаў на нейкай ідэі, а ў БРСМ ідэя адна - атрымаць як мага больш грошай з дзяржбюджэту і нармальна іх «асвоіць».

У Беларусі сфармаваліся дзве паралельныя рэальнасці. У адной з іх існуе дыктатар Лукашэнка са сваімі парадамі, БРСМ і праўладнымі арганізацыямі.

А ў іншай рэальнасці знаходзіцца большасць насельніцтва Беларусі, якая проста шукае магчымасці выжыць са сваімі жабрацкімі заробкамі, якая не верыць Лукашэнку і яго прапагандзе.

Гэтыя дзве рэальнасці перасякаюцца вельмі-вельмі рэдка. Напрыклад, яны перасякаюцца ў моманты, калі людзі выходзяць на вуліцы і пратэстуюць.