24 красавiка 2024, Серада, 14:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнцкія выбары і «справа прафсаюзаў»

45
Прэзідэнцкія выбары і «справа прафсаюзаў»
Генадзь Фядыніч и Iгар Комлiк
Фотa: spring96.org

Чаму напраўду паўстала «справа прафсаюзаў».

Быццам «апазіцыйныя» блазнюкі і блазнючкі заяўляюць пра гатоўнасць імітаваць удзел у імітацыі прэзідэнцкіх «выбараў».

Але рэальныя выбары ўжо ідуць. Яны ніколі не спыняюцца. Іх стала праводзяць спецслужбы «перасядэнта». Мэта гэтых выбараў - выбраць і нейтралізаваць патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты, па-сапраўднаму небяспечных для ўладальнікаў спецслужбаў.

Вось метады рэжыму для нейтралізацыі небяспечных апанентаў «перасядэнта»:

1. Фабрыкацыя крымінальнай справы, каб «законна» ізаляваць моцнага апанента або навесіць яму судзімасць, якая робіць немагчымай ягоную рэгістрацыю ў якасці кандыдата на выбарах.

2. Прымус да эміграцыі шляхам стварэння невыноснага ціску і пагроз турмой ці фізічнай расправай.

3. Забойства.

4. Атручванне або заражэнне небяспечнай хваробай з мэтай прычынення незаменнай шкоды здароўю або смерці ад «натуральных прычын».

5. Палітычнае паслабленне шляхам арганізацыі расколаў і канфліктаў у арганізацыях, якія падтрымліваюць апанента.

6. Дыскрэдытацыя шляхам масавага распаўсюджвання хлуслівых здагадак.

7. Інфармацыйная ізаляцыя ў відавочна і невідавочна кантраляваных СМІ.

8. Фінансавая ізаляцыя.

9. Стварэнне праблем у асабістым жыцці, уздзеянне на блізкіх аж да іх крымінальнага пераследу або забойства.

10. Стварэнне матэрыяльных цяжкасцяў і страт.

Я магу гаварыць аб гэтых метадах з поўным веданнем справы - усе яны ўжываліся, спрабавалі быць ужытыя або прымяняюцца супраць мяне цяпер. Усе без выключэння.

Цяпер магу сказаць тое, што для мяне і маіх паплечнікаў было відавочным першапачаткова - справа, сфабрыкаваная супраць прафзвязу РЭП, мае на мэце перашкодзіць лідару прафзвязу Генадзю Фядынічу ўзяць удзел у наступных прэзідэнцкіх «выбарах».

Спецслужбы «перасядэнта» разгледзелі ў Генадзі небяспечнага апанента свайму гаспадару. Лідар прафзвязу РЭП - моцны, аўтарытэтны і папулярны лідар. За ім - разгалінаваная структура, якая мае арганізацыі і офісы ва ўсіх значных гарадах краіны. Яго падтрымліваюць брацкія прафзвязы з іншых краін, якія ў стане надаць яму і рэсурсную дапамогу.

Нарэшце, Генадзь - чалец Рады Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Адзінай структуры, якая не баіцца арганізоўваць пратэстныя акцыі ў цэнтры сталіцы і гатовая падтрымаць старшыню сваёй эканамічнай камісіі.

Менавіта магчымасць удзелу Генадзя Фядыніча у прэзідэнцкіх «выбарах», а не ксеракопія ліпавага дакумента, датаванага аж 2011 годам, стала рэальнай прычынай расправы над кіраўніцтвам прафзвязу РЭП.

З гэтай жа серыі і пагроза распачынання крымінальнай справы супраць Паўла Севярынца.

Каго тады мы зможам убачыць на найбліжэйшых прэзідэнцкіх «выбарах», калі сапраўдных лідараў нейтралізуюць такімі метадамі? Муляжы кандыдатаў, толькі вонкава нагадваюць сапраўдных апанентаў рэжыму?

Мала таго, што галасоў на тых «выбарах» ужо даўно не лічаць, дык яшчэ замест нармальнай альтэрнатывы дапускаюць на іх толькі нейкіх пустых пластмасавых лялек.

У краіны не будзе будучыні, калі мы і далей будзем прымаць як належнае, калі яе патэнцыйных лідараў забіваюць, саджаюць, ламаюць, выціскаюць з краіны, пазбаўляюць права ўдзельнічаць нават у ліпавых «выбарах». Гэта нельга ўспрымаць, як належнае. З гэтым трэба нешта рабіць.

Да канца гэтага года Рада БНК выпрацуе стратэгію сваіх дзеянняў у дачыненні да прэзідэнцкіх «выбараў» з улікам сітуацыі, якая склалася.

Мікалай Статкевіч, «Фейсбук»

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках