24 красавiка 2024, Серада, 8:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Як пасля такога верыць беларускаму суду?»

7
«Як пасля такога верыць беларускаму суду?»
АЛЕНА МАСЛЮКОВА

Светлагорскі суд адмовіў праваабаронцы ў скарзе супраць райвыканкама.

12 лістапада Светлагорскі раённы суд вынес пастанову паводле скаргі праваабаронцы Алены Маслюковай на адмову райвыканкама ў правядзенні ў горадзе мітынгу супраць працы завода беленай цэлюлозы. Нягледзячы на ўсе недарэчнасці, якія ўсплылі падчас пасяджэнняў, суд стаў на бок райвыканкама і спартовай школы, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Нагадаем, што ў кастрычніку светлагорская праваабаронца Алена Маслюкова наважыла звярнуцца ў раённы суд са скаргай на адмову ў правядзенні шостага лістапада мітынгу на стадыёне «Бумажнік». З адказу райвыканкам вынікала, што ў той дзень (а менавіта ў прамежак часу з 16.00 да 18.00) на стадыёне быццам бы запланаванае правядзенне моладзевага першынства ў футболе. Шостага кастрычніка Алена Маслюкова наважыла праверыць, ці не схлусіў райвыканкам, і прыйшла ў адпаведнае час на стадыён - а 16.00 ён быў пусты.

Працэс паводле скаргі праваабаронцы вяла суддзя Людміла Сядзько. На першых двух пасяджэннях былі агучаныя пазіцыі абодвух бакоў і быў дапытаны сведка - трэнер спартовай школы, якой належыць стадыён «Бумажнік». Мэтай райвыканкама было давесці, што а 16.00 шостага лістапада на стадыёне праходзілі спаборніцтвы, аднак першы сведка не змог падмацаваць ягоную пазіцыю. Таксама падчас паседжання высветлілася, што першапачаткова футбольны турнір павінен быў праходзіць у нядзелю сёмага лістапада, аднак у пэўны момант яго перанеслі на суботу.

Восьмага лістапада быў дапытаны наступны сведка - трэнер спартовай школы Шалухін, які, на думку Маслюковай, быў падрыхтаваны да працэсу, бо казаў тое, пра што ў яго нават не пыталі. Так, ён адкрыта сказаў прысутным, што разумее, навошта яго выклікалі - расказаць, калі ўсё ж скончыліся футбольныя гульні.

Падчас допыту гэты сведка абмовіўся, што метадыст школы М.В. Лысенка раней казаў яму і іншым трэнерам, што тыя павінны быць у той дзень на стадыёне, каб іншыя людзі не змаглі правесці там мітынг.

Нагадаем, што ў афіцыйным адказе райвыканкама на заяву Алены Маслюковай на правядзенне мітынгу сказана, што гэта немагчыма праз запланаваны на той дзень футбольны турнір. Аднак са словаў сведкі Шалухіна адбываецца зусім іншая рэч: загад перанесці футбольныя спаборніцтвы з нядзелі на суботу быў дадзены пасля таго, як мясцовым уладам стала вядома пра жаданне актывістаў правесці масавае мерапрыемства. Такім чынам, хлусня выканкама відавочная.

На наступны дзень, дзявятага лістапада, у судзе дапыталі метадыста Лысенку. Са слоў метадыста, пра тое, што футбол пераносіцца з сёмага на шостае, яму паведаміў дырэктар школы, а ён, у сваю чаргу, папярэдзіў усіх астатніх трэнераў. Ён прадказальна заявіў, што нічога не ведаў пра мітынг, хоць напярэдадні сведка Шалухін казаў адваротнае. Таксама была апытаная намесніца дырэктара школы Дудко К., якая нічога новага не расказала.

У панядзелак 12 лістапада Светлагорскі раённы суд абвясціў пастанову: пакінуць скаргу без задавальнення. Такім чынам, ні пусты стадыён у запланаваны для мітынгу час, ні разыходжанні ў паказаннях сведак, ні відавочная хлусня райвыканкама ніяк не збянтэжылі суддзю Сядзько.

Сама Алена Масклюкова, хоць і не ўтойвае крыўды, на іншы вынік і не разлічвала.

«Шчыра кажу, ледзь не заплакала, хоць і разумела, якой будзе пастанова. Як пасля такога верыць беларускаму суду? Суддзя сама хавала вочы і пасля вынясення пастановы спрабавала неяк апраўдвацца», - сказала яна адразу пасля вынясення прысуду.

Праваабаронца мае намер абскардзіць прынятую пастанову.

Скарга Алены Маслюкова не адзіная, якую разглядае і яшчэ будзе разглядаць Светлагорскі раённы суд. Усяго група мясцовых актывістаў падала дзясяткі заявак на правядзенне ў горадзе масавых мерапрыемстваў на стадыёне «Бумажнік», аднак ніводная з іх не была задаволеная. Так, дзявятага лістапада адбыліся папярэднія паседжанні паводле скаргаў іншых заяўнікаў мітынгаў у Светлагорску - Анатоля Змітровіча і Т. Насковай. Прадаўжэнне абодвух пасяджэнняў прызначанае на 15 лістапада.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках