19 красавiка 2024, Пятніца, 21:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Канстанцін Астапук: Міліцыянты зганьбіліся на ўвесь свет

13
Канстанцін Астапук: Міліцыянты зганьбіліся на ўвесь свет
КАНСТАНЦІН АСТАПУК
ФОТА: Людміла СЕЛЕХ/B-G.BY

Берасцеец, які выйшаў учора на пратэст ва ўборы ліса, пракаментаваў сваё затрыманне.

Затрыманы напярэдадні каля плошчы Леніна ва ўборы ліса берасцеец Кастусь Астапук 12 лістапада выйшаў на волю. Чакалася, што ў гэты дзень яго даставяць у ІЧУ для судовага працэсу, аднак яго выпусцілі з позвай на найбліжэйшую нядзелю, піша «Брестская газета».

«Яны сказалі, што будзе разбіральніцтва наконт лялькі. Учора на мяне складалі пратакол за ўдзел «у масавым мерапрыемстве». Я спаслаўся на артыкул 27 Канстытуцыі і сказаў, што не буду сведчыць супраць сябе і сваіх блізкіх. Ні ў якіх дакументах не падпісваўся. У нядзелю пайду ў РАУС. Я не ведаю, што там будзе: мяне адпусцяць у той жа дзень або зноў закрыюць ў ІЧУ», - распавёў Канстанцін Астапук.

Са слоў мужчыны, ён чакаў, што яго затрымаюць пасля гуляння на плошчы ва ўборы.

«У мяне было прадчуванне, што будзе захоп - мой вобраз быў гаворачым. Але ўсе бачылі, здымалі, што я раздаваў балонікі, гуляў з дзецьмі. Калі ўжо ў дзяцей цацку забіраюць - я не ведаю, што будзе далей. Я мяркую, гэтым яны зганьбіліся на ўвесь свет», - кажа Канстанцін Астапук.

З ягоных слоў, калі яго затрымлівалі, спачатку сказалі, што ён абвінавачваецца паводле крымінальнай справы, калі пасадзілі ў мікрааўтобус, выявілася - для высвятлення асобы.

«У РАУС былі ў шоку, што ў мяне хвост. Мяне пасадзілі на такое прамавугольнае сядзенне. Я кажу супрацоўніку АМАП: Расшпілі мне маланку ззаду. А ён кажа: а сам не дастанеш? Не. І ён мне дапамог расшпіліць. У гэты раз мяне абшуквалі як ніколі старанна. Не ведаю, што шукалі. Але я ведаў, куды ішоў, і быў падрыхтаваны: усе тэлефоны, усе ключы пакінуў дома», - распавёў берасцеец.

З ягоных слоў, убор ліса спачатку быў з ім у камеры, а потым яго забралі.

Добрыя людзі перадалі яму коўдру і ежу.

«У ІЧУ ўжо трошкі цяплей, але паветра ўсё адно цяжкае. Машкара на ўсёй столі. Я спытаў: а што, санэпідэмстанцыя тут не бывае? Але гэту заўвагу нават нікуды не запісалі. Хоць за мінулы месяц сёе-тое трохі памянялася ў лепшы бок», - рэзюмаваў Астапук.

Нагадаем, гэтай восенню берасцеец, які выступае супраць будаўніцтва пад Берасцем акумулятарнага завода, ужо быў аштрафаваны на падставе артыкулаў КаАП: на 14 базавых адзінак за знаходжанне на плошчы Леніна ў цішотцы з надпісамі супраць акумулятарнага завода і на 3 базавых - за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёй службовых паўнамоцтваў.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках