25 красавiка 2024, Чацвер, 14:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хорст Зэехофер афіцыйна абвясціў аб адстаўцы з пасады кіраўніка ХСС

Хорст Зэехофер афіцыйна абвясціў аб адстаўцы з пасады кіраўніка ХСС
ХОРСТ ЗЭЕХОФЕР

Палітык мае намер захаваць за сабой пасаду міністра ўнутраных спраў Нямеччыны.

Старшыня баварскага Хрысціянска-сацыяльнага саюза (ХСС), які ўваходзіць ва ўрадавую кааліцыю ў Нямеччыне, Хорст Зэехофер (Horst Seehofer) упершыню афіцыйна абвясціў аб адстаўцы са сваёй пасады, паведамляе «Нямецкая хваля».

«Я складу з сябе паўнамоцтвы старшыні ХСС», - заявіў Зэехофер у Баўцэне ў панядзелак, 12 лістапада. Гэтая адстаўка ніяк не звязаная з вынікамі зямельных выбараў у Баварыі, прыводзіць словы палітыка агенцтва Reuters.

У той жа час Зэехофер зняпраўдзіў інфармацыю, распаўсюджаную раней са спасылкай на інфармаваныя крыніцы ў ХСС, пра тое, што ён, нібыта, мае намер таксама сысці ў адстаўку і з пасады кіраўніка МУС Нямеччыны. «Маёй працы ў якасці кіраўніка МУС гэтая пастанова (аб адстаўцы з пасады кіраўніка ХСС. - Рэд.) ніякім чынам не закранае», - цытуе палітыка агенцтва dpa.

Аб канкрэтных тэрмінах сыходу Зэехофера з пасады кіраўніка ХСС будзе абвешчана пазней. Новага старшыню абяруць на пазачарговым з'ездзе, які пройдзе ў студзені-лютым 2019 года. Найбольш імаверна, што пераемнікам Зэехофера стане прэм'ер-міністр Баварыі Маркус Зёдэр (Markus Söder).

«Зялёныя» і сацыял-дэмакраты патрабуюць сыходу Зэехофера з МУС

Старшыня фракцыі партыі «Саюз-90»/«зялёныя» ў бундэстагу Катрын Гёрынг-Экардт (Katrin Göring-Eckardt) запатрабавала неадкладнай адстаўкі Хорста Зэехофера з пасады кіраўніка МУС. «Кожны дзень, які Хорст Зэехофер, застаецца міністрам унутраных спраў, лішні. Калі гаворка ідзе аб пытаннях бяспекі ў нашай краіне, нельга пакідаць сітуацыю ў падвешаным стане», - цытуе яе словы выданне Tagesspiegel.

Таксама з патрабаваннем аб адстаўцы Зэехофера з пасады міністра ўнутраных спраў выступілі прадстаўнікі Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі (СДПГ). Напрыклад, на думку намесніка старшыні бундэстага, сацыял-дэмакрата Томаса Опермана (Thomas Oppermann), знаходжанне Зэехофера на сваёй пасадзе ва ўрадзе абцяжарыць «новы старт» «вялікай кааліцыі».

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках