25 красавiка 2024, Чацвер, 15:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генадзь Фядыніч - суду: У якой яшчэ арганізацыі працуе агент КДБ?

17
Генадзь Фядыніч - суду: У якой яшчэ арганізацыі працуе агент КДБ?
ГЕНАДЗЬ ФЯДЫНІЧ
ФОТА: PRACA-BY.INFO

Выступ лідара прафзвязу РЭП у Менскім гарадскім судзе выклікаў авацыю.

У Менскім гарадскім судзе, на разглядзе касацыйнай скаргі, выступ лідара прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча выклікаў авацыю.

Сайт praca-by.info апублікаваў прамову лідара незалежнага прафзвязу РЭП блізка да тэксту, з нязначнымі скарачэннямі:

«Каго сёння судзяць? Бізнэсоўцаў, якія не заплацілі падаткі? Або грамадскую арганізацыю, якая стала нязручнай для цяперашняй улады? Гэтую крымінальную справу не павінны былі нават узяць на разгляд!

А вы (суддзям Менскага гарадскога суда) сёння з'яўляецеся суўдзельнікамі таго, што зрабіў Савецкі суд Менска. Для доваду нашай віны была прыдуманая нейкая паштовая скрыня. Сказаць, што яна належыць Фядынічу? - не здолелі: бо там жа - пасквілі на Фядыніча. Давайце тады перакінем яе на Комліка. Пракуратура дае каманду ўскрыць гэтую паштовую скрыню. А каму яна належыць? Тыя суддзі, якія ўзялі дакументы са скрыні ў якасці доваднай базы, павінны быць назаўжды адхіленыя ад судовай практыкі. Іншых довадаў няма, дык узялі нейкую выпiску з нейкага банка! Якая арганізацыя здымае грошы з гэтага рахунку? - калі ў гэтай «выпісцы» пазначаны не той адрасат, не тая арганізацыя. А суд на гэта кажа: па сукупнасці фактаў гэта не так важна. А следчыя пішуць: мы так думаем. На якой падставе вы «так думаеце»? Дзе довадная база? Дзе факты? Іх не было!

Гэтая крымінальная справа не столькі незаконная, колькі палітызаваная. Так, палітызаваная! - інакш як зразумець, навошта ва ўсёй Беларусі было дапытанае 814 чалавек? За якія грахі перад Беларуссю яны былі пакараныя? Хіба гэтыя масавыя допыты - не ціск на сяброў прафзвязу?

Я ўжо не кажу пра міжнародныя нормы, якія паўсюдна парушаюцца. Здаецца, трэба тлумачыць суддзям, што міжнароднае права вышэй за ўказы і законы, якімі вы цяпер карыстаецеся. Калі вы будзеце гэта ігнараваць, то рана ці позна падставіце тых, на каго цяпер працуеце. Дэкрэт 24 не адпавядае міжнародным канвенцыям, яго трэба мяняць. Паводле яго, сёння прафзвяз РЭП, каб даць бясплатныя кансультацыі сябрам прафзвязу, павінен звяртацца да Лукашэнкі? - гэта абсурд!

Што тычыцца падаплёкі справы. У якой яшчэ арганізацыі працуе агент КДБ? І навошта дапытвалі сведак, чые паказанні не маюць ніякага дачынення да 2015 года? Я перакананы - і не толькі я - што гэта справа палітызаваная. Яна неабгрунтаваная, незаконная і павінна быць скасаваная».

Выступ Генадзя Фядыніча скончыўся гучнымі воплескамі залы, якія перараслі ў авацыю. Суддзі для навядзення парадку давялося гучна абвяшчаць патрабаванні да прысутных.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках