Беларус уклаў праз інтэрнэт $3 тысячы ў гандаль каштоўнымі паперамі і застаўся ні з чым
19- 13.11.2018, 19:34
- 17,741
41-гадовы жыхар горада Дзятлава вырашыў прымножыць свой капітал, паверыўшы абяцанням у інтэрнэце.
Беларус стаў ахвярай кампаніі Quantum System, якая прапануе заробак на правядзенні ўгод з фіксавым прыбыткам. У роліках стваральнікі кампаніі распавядаюць пра гарантавана высокі прыбытак пры мінімальных укладаннях, паведамляе Telegram-канал Следчага камітэта Беларусі.
Пра Quantum System мужчына даведаўся ў інтэрнэце, пасля прагляду прэзентацыйных ролікаў ён, мяркуючы, што яго грошы ідуць на ўгоды з каштоўнымі паперамі і металамі, пералічваў на рахункі ў Расеі грошы. Агульная сума плацяжоў склала $3 тысячы.
Прэзентацыйны ролік:
Паспрабаваўшы вывесці сродкі, ён сутыкнуўся з патрабаваннем прадстаўніка Quantum System аплаціць выдаткі сумаю тысяча даляраў. Беларус адмовіўся, пасля чаго аддалены суразмоўца перастаў выходзіць на сувязь.
Следчыя ўстанавілі, што пацярпелы пералічваў свае грошы ў Расею ў адрас розных фізічных асоб. Распачатая крымінальная справа паводле факта махлярства.
Варта адзначыць, што хуткі пошук у інтэрнэце адразу выводзіць на інфармацыю аб Quantum System і яе кіраўніка «мультымільянера Яўгенія Абрамава». «Развод гэты першапачаткова англамоўны, яму ўжо гады тры. Уласна, праект, з якога зрабілі наш Quantum System і вобраз Яўгена Абрамава, называецца The Quantum Code», - піша сайт Boexpert. Аўтар запісу дадае, што Яўгена Абрамава нібыта прэзентуе работнік жаночага клуба «Маруся».