19 красавiка 2024, Пятніца, 4:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Улады забіраюць у людзей астатнія грошы

37
Улады забіраюць у людзей астатнія грошы
КАРЫКАТУРА: NEWSBY.ORG

Міграцыя з Беларусі дасягнула каласальных памераў.

Зусім нядаўна Белстат прызнаўся, што больш за тры мільёны беларусаў не могуць дазволіць сабе мінімальны набор тавараў і паслуг. Афіцыйная статыстыка звыкла згладжваць вуглы і перабольшваць звесткі ў сваіх справаздачах, але калі гэтым разам ім давялося агучыць шакавальныя лічбы, то справы сапраўды дрэнь.

Сайт Charter97.org паспрабаваў ацаніць рэальны ўзровень дабрабыту беларусаў і звярнуўся па каментар да прадпрымальніка з Барысава Віктара Гарбачова.

- Я бачыў гэтую лічбу ад Белстату і скажу, што цалкам згодны з ёй. Але нават яна можа быць завышанай. З тых, хто застаўся ў нашай краіне, сапраўды, больш за тры мільёны не могуць сабе дазволіць нават гэты мінімальны набор тавараў і паслуг.

Людзі не жывуць, а існуюць на мінімальныя грошы. Уявіце сабе, што 30-35% беларусаў выжываюць за кошт агародаў, дапамогі блізкіх, бацькоў, бабуль і дзядуляў. За 24 гады аднаасобнага кіравання Лукашэнкі, краіна ў цэнтры Еўропы была даведзеная да галечы.

- Паводле справаздачы Global Wealth Report, якая ацэньвае дабрабыт ва ўсім свеце, беларусы апынуліся ў самым нізе рэйтынгу. Нас абышлі нават Камерун і Кенія. Атрымліваецца, што афрыканская беднасць - гэта беларускія рэаліі?

- Вось бачыце, геаграфічнае размяшчэнне ў нас у цэнтры Еўропы, а ў эканамічным рэйтынгу мы знаходзімся на ўзроўні тых краін, якія да Еўропы нават даплысці не могуць.

А чаго пытаецца чакаць ад эканомікі краіны, у якой улады стараюцца выбіць астатнюю капейчыну з кішэні насельніцтва.

Возьмем сітуацыю з тытунёвымі кіёскамі, якія з'яўляюцца ў нашай краіне на кожным кроку. Інтарэсы людзей прынесеныя ў ахвяру інтарэсам групы набліжаных. Павыскоквалі чэрці з «табакерак», і апынулася Беларусь у самым нізе рэйтынгу.

Вось якое месца ў рэйтынгу мы можам займаць, калі беларускія спецслужбы марнуюць мільёны даляраў на праслухоўванне актывістаў. Нават мне адказаць на пытанні не даюць (сувязь падчас званка перарывалася некалькі разоў – заўвага Сharter97.org). Сорам і ганьба.

- Старшыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін заявіў, што калі нічога ў краіне не зменіцца, то з краіны з'едзе два мільёны маладых беларусаў.

- Гэта наша з вамі рэальнасць. Сапраўды, нават калі пройдзешся па горадзе відаць, што шмат хто з'язджае з краіны. Хтосьці шукае сваё шчасце і падае заяўку на Green Card, хтосьці атрымлівае «карту паляка». Міграцыя дасягнула проста каласальных памераў. З'язджаюць нават у Аўстралію.

Падам цікавы прыклад. Надоечы знаёмая прадпрымальніца вярнулася са Смаленска, адкрыла сваю справу ў Барысаве, збанкрутавала, плюнула на ўсё і з'ехала назад. Гэтай краіне прадпрымальнікі не патрэбныя.

Таму я абсалютна згодны з Карагіным, думаю, што блізу двух мільёнаў чалавек сядзіць на валізках. Гэта лічба, якая цалкам адлюстроўвае рэальнасць. Людзі хочуць жыць лепш, гэтага не адняць. З гэтай прычыны міграцыя будзе толькі павялічвацца.

- Беларусы, якія выязджаюць за мяжу аўтаматычна трапляюць у базу звестак «дармаедаў». Гэта сотні тысяч беларусаў, калі не мільёны. Што б вы параілі людзям, якія трапляюць у поле дзеяння дэкрэта №1?

- Людзі байкатуюць гэты дэкрэт. І мая парада: байкатаваць далей. Кожны дзень улады прымаюць новыя дэкрэты і пастановы для таго, каб максімальна выціскаць грошы з простых людзей.

Давайце не будзем рэагаваць на глупства ўладаў, не трэба бегчы ў камісіі і падаваць звесткі. Падтрымаем сваіх блізкіх, свае сем'і, дапаможам незалежным СМІ. Давайце будзем асвятляць праблемы грамадства, аб'ядноўвацца, а калі мы ўбачым, што ўлады пачнуць моцна ціснуць новым «дармаедскім» дэкрэтам, то можам паўтарыць пратэсты 2017 года. І ніхто нас не спыніць.

- У беларускім грамадстве адбылося дзяленне на шараговых грамадзян і групу людзей, якую прынята называць «Дразды». Да чаго прывядзе гэты падзел?

- Трэба прызнаць, што гэта дзяленне прыдумалі не простыя людзі, а самая ўлада. Зусім нядаўна Лукашэнка заяўляў, што ўсе, хто з'язджае за мяжу – людзі другога гатунку. На мой погляд - гэта хамскія паводзіны і параўнанне. Cамая ўлада забівае клін паміж людзьмі. І да дабра гэтую не прывядзе.

На вуліцах толькі і чутныя размовы: яны там у кабінетах сядзяць, указы-дэкрэты прымаюць, а мы за трыста рублёў працуем. Можа надысці момант, калі ўлады папросяць абароны ў насельніцтва, а людзі скажуць: вы кралі, цяпер разбірайцеся самі. Беларусы будуць абараняць свае сем'і, сваю дзяржаву і адзін аднаго, а не зладзюжак-чыноўнікаў.

Напісаць каментар 37

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках