28 сакавiка 2024, Чацвер, 20:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Толькі масавы выхад працоўных на пратэстныя акцыі можа спыніць беззаконне»

3
«Толькі масавы выхад працоўных на пратэстныя акцыі можа спыніць беззаконне»

У Свабоднага прафзвязу адбіраюць офіс.

На дзверы офіса Свабоднага прафзвязу Беларускага (СПБ) 9 лістапада працадаўца ААТ «Полацк-Шкловалакно» павесіў свой замок. Доступ працоўных завода да дакументаў і абсталявання прафзвязу цяпер перацяты, піша віцебская «Вясна». Усе прапановы прафзвязу аб працягу дамовы арэнды офіса адміністрацыя завода адхіляе.

Яшчэ 24 жніўня галоўны інжынер ААТ «Полацк-Шкловалакно», першы намеснік дырэктара Раман Блізнеў паведаміў Свабоднаму прафзвязу Беларускаму пра намер прадпрыемства не падаўжаць дамову і запатрабаваў вярнуць маёмасць завода ў дзень заканчэння тэрміну дамовы, 31 кастрычніка.

Блізнеў прыстрашыў прафзвяз судом: «Звяртаем вашу ўвагу, што ў выпадку невяртання арандаванай маёмасці ва ўстаноўлены тэрмін ААТ «ПШВ» пакідае за сабой права на судовую абарону сваіх правоў», - сказана ў падпісаным ім лісце.

У верасні Свабодны прафзвяз працоўных завода «Шкловалакно» звярнуўся да дырэктара Андрэю Бунакова з прапановай аб падаўжэнні дамовы аб арэндзе памяшкання пад прафзвязны офіс і правядзенні перамоў. Але завод не стаў ні падаўжаць арэнду, ні весці перамовы з працоўнымі.

Меркаванне бакоў

У кастрычніку СПБ яшчэ раз прапанаваў адміністрацыі прадпрыемства ўкласці дамову арэнды іншага, пустога памяшкання. І зноў атрымаў адмову. Раман Блізнеў паведаміў, што ААТ «ПШВ» «уважае немэтазгодным здачу ў арэнду названага памяшкання СПБ у сувязі з неаднаразовымі парушэннямі ўмоў раней укладзеных дамоў, а таксама ў сувязі з прынятым ААТ «ПШВ» пастановай аб адчужэнні будынка».

Старшыня СПБ Мікалай Шарах: «У прафзвязу няма запазычанасці ў аплаце арэнды памяшкання, і адмова дырэктара Бунакова ў арэндзе памяшкання для прафзвязу - гэта відавочная перашкода дзейнасці арганізацыі працоўных. Працоўным заводу перацялі доступ да патрэбных дакументаў і абсталявання прафзвязу. Мяркуем, такім спосабам істотна парушаюцца правы працоўных на аб'яднанне ў прафзвяз і дзейнасць арганізацыі. На жаль, дзяржаўныя органы, закліканыя народам абараняць правы працоўных, ніяк не рэагуюць на скаргі прафзвязу. Думаю, толькі масавы выхад працоўных на пратэстныя акцыі можа спыніць беззаконне, што чыніцца чыноўнікамі ўсіх дзяржаўных узроўняў».

Некалькі фактаў пра завод

Завод ААТ «Полацк-Шкловалакно» знаходзіцца на ўскраіне горада Полацка пры выездзе на Вільню. На заводзе працуе блізу 4 000 работнікаў, прапорцыя мужчын і жанчын: 50 на 50. На заводзе дзейнічае дзве структуры розных прафзвязаў - старога, савецкага тыпу Белхімпрафзвязу (БХП) і новастворанага рабочымі ў 1999 годзе Свабоднага прафзвязу Беларускага (СПБ).

У СПБ на ўліку стаяць 369 работнікаў, частка з якіх ужо не працуе на заводзе (звольніліся, выйшлі на пенсію і г.д.). Адміністрацыя заводу пад пагрозай звальнення забараніла рабочым пералічваць прафзвязныя ўнёскі праз бухгалтэрыю прадпрыемства. Старшыню СПБ не пускаюць на тэрыторыю прадпрыемства да працоўных месцаў сяброў прафзвязу.

Усе працоўныя працуюць на часовых працоўных кантрактах, што спараджае няўпэўненасць супрацоўнікаў у заўтрашнім дні.

На заводзе выкарыстоўваецца прымусовая праца ў выглядзе суботнікаў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках