24 красавiка 2024, Серада, 22:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Польшчы падарыў мікрааўтобус гомельскай Дзіцячай вёсцы

3
МЗС Польшчы падарыў мікрааўтобус гомельскай Дзіцячай вёсцы

Аўтамабіль будзе служыць выхаванцам інтэрната.

Новы камфартабельны мікрааўтобус Volkswagen Crafter, абсталяваны пад'ёмнікам для інвалідных вазкоў, з'явіўся ў гомельскай «Дзіцячай вёсцы» (дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіха-фізічнага развіцця), піша katolik.life.

Комплекс пабудавала і абсталявала ўсім неабходным Дабрачынная каталіцкая Місія «Карытас-Міласэрнасць» на грошы замежных дабрачынных арганізацый і прыватных ахвярадаўцаў з Нямеччыны, Аўстрыі, Італіі ды іншых еўрапейскіх дзяржаў. На гэтай базе ў супрацоўніцтве з абласным камітэтам працы, занятасцi i сацыяльнай абароны насельніцтва быў створаны інтэрнат, фінансаванне якога дзяржава ўзяла на сябе.

Новы аўтамабіль быў набыты на сродкі праграмы Міністэрства замежных спраў Польшчы "Польская дапамога". Для ўдзелу ў цырымоніі перадачы мікрааўтобуса 13 лістапада інтэрнат наведалі прадстаўнікі МЗС Польшчы і пасольства Польшчы ў Беларусі.

- Гэта вялікая радасць для нас, - адзначыў дырэктар дабрачыннай каталіцкай Місіі «Карытас-Міласэрнасць» святар Юры Варонка. - Дзякуючы Богу і тым людзям, якія пачулі просьбу аб дапамозе, рэалізуецца гэты праект. Радуе, што змаглі ўвасобіць яго ў жыццё супольнымі з дзяржавай намаганнямі, і наша супрацоўніцтва працягваецца.

Святар распавёў, што мікрааўтобус будзе служыць выхаванцам інтэрната, якія павінны ездзіць на заняткі ў школу - цяпер гэта будзе максімальна камфортна і бяспечна.

Таксама на аўтамабілі будуць перавозіць маладых інвалідаў, якія раз на тыдзень прыязджаюць у інтэрнат на сустрэчы. Першая сакратарка амбасады Польшчы ў Беларусі Магдалена Сідаровіч выказала радасць, што польскі бок можа ўдзельнічаць у праекце «Дзіцячай вёскі» і падтрымліваць яго:

- Мы жадаем перадаваць свой досвед і надаваць фінансавую падтрымку тым, хто мае патрэбу ў дапамозе.

Гомельская «Дзіцячая вёска» разлічаная на пражыванне ў ёй 60 хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўмовах, максімальна набліжаных да сямейных. У такім асяроддзі, а таксама дзякуючы сталым дыдактычным і рэабілітацыйным заняткам, магчыма максімальна поўнае развіццё асобы. Чатыры асобныя групы-сям'і складаюцца з 15 чалавек. Звяном, якое злучае такую групу-сям'ю, з'яўляецца сястра-манашка. З іх дапамогай работнікі інтэрната клапоцяцца аб належным клімаце выхавання і апекуюцца жыццём выхаванцаў. Трапіць у дом-інтэрнат мае магчымасць кожны, хто ў гэтым мае патрэбу, незалежна ад веравызнання.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках