23 красавiка 2024, aўторак, 14:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі з настаўнікаў робяць шпіёнскую сетку?

25
У Беларусі з настаўнікаў робяць шпіёнскую сетку?
ФОТА: KRISTIAN SEKULIC/SHUTTERSTOCK.COM

Улады сваімі шчупальцамі лезуць у асабістае жыццё беларусаў.

Пра гэта сайту Charter97.org заявіла былая настаўніца cа шматгадовым стажам і віцебская каардынатарка аргкамітэта для стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец у каментары, што настаўнікаў прымушаюць збіраць звесткі аб даходах бацькоў школьнікаў.

- Учора стала вядома, што настаўнікаў прымушаюць да таго, каб яны збіралі звесткі пра заробак, працу, адукацыю бацькоў вучняў. З чым гэта можа быць звязанае і ў якіх мэтах можна выкарыстоўваць гэтыя звесткі?

- Я думаю, што мэта ўладаў - гэта выявіць, хто і дзе працуе. Магчыма, хтосьці схаваўся ад падаткаў. Ведаеце, ствараецца такая шпіёнская сетка. Не ўсе ж дзяржава можа ведаць, а ёй вельмі хочацца.

Калі настаўнікі адмовяцца ад збору звестак, то гэта будзе толькі плюсам для іх. А яны маюць поўнае права адмовіцца, бо гэта асабістае жыццё сем'яў. Школе не павінна быць ніякай справы да асабістага жыцця сям'і. Калі што, ёсць міліцыя або сацыяльныя службы, якіх у нас у краіне занадта шмат. Але ўлады абралі вось такі бессаромны спосаб. Настаўнікі зноў сталі закладнікамі.

Ведаеце, мне, як настаўніцы, вельмі брыдка. Улады зноў сваімі бруднымі пальцамі лезуць у жыццё беларусаў. А ў якія колеры яны гэта ўсё паспрабуюць размаляваць - іншая справа. Ведаеце, я б на месцы бацькоў нават на парог не пусціла, калі б да мяне прыйшлі ці майму дзіцяці сказалі б пра нейкую анкету.

- Настаўнікаў вельмі часта прымушаюць да ўдзелу ў фальсіфікацыі «выбараў», да таго, каб заганяць вучняў у БРСМ. Ці могуць іх выкарыстоўваць для дапамогі ў стварэнні базы «дармаедаў»?

- Сапраўды, вельмі зручны спосаб збору звестак. Яны акурат і лезуць у сям'ю, каб вынюхваць інфармацыю. Не думаюць пра тое, што трэба даць людзям працу, годны заробак, што плацяць яны 0,4% ад таго, што беларусы зарабляюць. Гэта яшчэ з часоў СССР прадаўжаецца. Цяпер гэта нішто, асабліва калі параўноўваць з заробкамі чыноўнікаў.

Яшчэ раз паўтаруся, мару, каб настаўнікі нарэшце схамянуліся і мелі пачуццё ўласнай годнасці. Настаўнік - павінна гучаць горда, а не так як цяпер.

На жаль, цяпер настаўнік - паслухмяны слуга, выканаўца розных дзікіх указанняў уладаў.

- Як асабіста вы ставіцеся да дэкрэту Лукашэнкі аб «дармаедах»?

- Скажу, што ён мяне вельмі абурае. Замест таго, каб ствараць умовы для годнага жыцця, забяспечваць паводле Канстытуцыі права на працу і яе годную аплату, яны прыдумляюць абсурдныя дэкрэты. Я адназначна не ўспрымаю дэкрэт аб «дармаедах». Мяркую, што ён супрацьзаконны, ён супраць нашых грамадзян. Улады павінны ствараць умовы, аб'ектыўна бачыць сітуацыю, а яны заяўляюць, напрыклад, што «ў Віцебску ў двая менш стала беспрацоўных». Я чытаю і ў мяне шок. З чаго яны гэта ўзялі?

Я сустракаю на кожным кроку беспрацоўных! Гэта адукаваныя, разумныя людзі. Выпускнікі вышэйшых навучальных устаноў. Многія з іх не ведаюць, чым карміць дзяцей і з'язджаюць з краіны. Як на такое можна рэагаваць?

Увогуле, такімі дэкрэтамі ўлады ніяк не палепшаць жыццё беларусаў. Трэба паварочвацца тварам да людзей, а не чыноўнікаў.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках