19 красавiка 2024, Пятніца, 1:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Не хацелася легчы там усім разам»

«Не хацелася легчы там усім разам»

Сталі вядомыя падрабязнасці забойства беларуса каля Акадэміі авіяцыі.

Увечары 12 лістапада ў Менску, каля інтэрната Акадэміі грамадзянскай авіяцыі ў Чыжоўцы забілі 21-гадовага Аляксея К. Хлопец не быў студэнтам - ён прыйшоў да інтэрната, каб пагаварыць з «былым» сваёй дзяўчыны Леры. Паводле падазрэння ў забойстве затрыманы той самы «былы» - 18-гадовы студэнт акадэміі Рустам Р., паведамляе euroradio.fm.

ФОТА: OBRAZOVANIE.BY

«У панядзелак я вярнуўся з Піцера і патэлефанаваў Аляксею, - успамінае той дзень Улад Г., сябар забітага хлопца. - Мы пагаварылі, ён спытаў, як я дабраўся. Потым распавёў, што Рустам - былы хлопец ягонай дзяўчыны Леры, з якой Лёша сустракаецца дзесьці з мінулага месяца, не дае ёй праходу. Тэлефануе, дастае, даводзіць да слёз... Размова з ім ужо была, сустрэча прайшла на нажах і з аднаго, і з другога боку. Дарэчы, тады ўсё вызначылася, але Рустам не адступіў і ўзяўся за ранейшае».

Улад Г. і Аляксей К. сябравалі з восьмага класа. Часта размаўлялі, разам займаліся пажарным спортам, у адзін час пабудаваліся і пераехалі ў новыя дамы ў Сцяпянцы. У той вечар, калі адбылася трагедыя, Улад таксама быў побач з сябрам.

«Сюды [да інтэрната БГАА. - «Еўрарадыё»] пад'ехаў яшчэ адзін сябар Лёшы, мы з ім знаёмыя не былі, - прадаўжае Улад. - Лёша напісаў Рустаму, што прыехаў. Сустрэча была прызначаная на 18:00. Стаялі, чакалі... Потым Рустам яму сам патэлефанаваў, маўляў, я тут, падыходзь. Там, атрымліваецца, такая дарога ад КПП уніз сыходзіць - неасветленая, памятаю, што былі прыпаркаваныя аўтамабілі. Унізе стаяў Рустам - адзін. Я не магу апісаць яго знешнасць, мы раней не бачыліся. Памятаю проста сілуэт».

Лёша папрасіў сяброў пачакаць яго, маўляў, пайду пагавару. Хлопцы засталіся. Улад кажа, што гутарка прадаўжалася 2-3 хвіліны, а потым з-за мікрааўтобуса, які стаяў у цемры, выскачылі некалькі чалавек. Яны абступілі Лёшу.

«Хто ўдарыў першым, я не ведаю. Потым мне ў міліцыі сказалі - спачатку ўдарыў Рустам. Пачалася бойка. Лёша стаў адказваць. Білі ўсім натоўпам - нагамі, рукамі. Куды папала, - расказвае «Еўрарадыё» Улад. - Мы падбеглі, спрабавалі дапамагчы, але нас было двое, а іх - нашмат больш. Неяк не хацелася легчы там усім разам. Лёшу збівалі, ён адказваў да апошняга, пакуль не лёг на зямлю. Калі ляжаў, яны ўсё адно яго дабівалі. Я падбег, стаў адштурхоўваць. Калі сышлі, Лёша быў ужо проста ніякі, ляжаў са спалоханымі вачыма, ледзь дыхаў. На цяльняшцы была велізарная крывавая пляма. Адзінае, што вымавіў - маё імя. І ўсё».

Улад папрасіў сябра Лёшы падагнаць аўто. Зусім побач з інтэрнатам Акадэміі грамадзянскай авіяцыі знаходзіцца 10-я лякарня. Хлопцы вызначылі, што будзе хутчэй завезці Лёшу самім, чым выклікаць хуткую і чакаць.

10-Я ГАРАДСКАЯ КЛІНІЧНАЯ ЛЯКАРНЯ, ФОТА: STOPRS.COM

«Мы пасадзілі яго ў аўтамабіль. Ну як пасадзілі... зацягнулі. Блізу 18:25 пад'ехалі да прыёмнага аддзялення. Я пабег да рэгістратуры. Патлумачыў, што чалавека збілі, ён без прытомнасці, тэрмінова патрэбная каталка. У рэгістратуры сядзела жанчына, якая пачала распытваць: «А чаму вы хуткую не выклікалі? А як вы яго прывезлі? А як гэта адбылося?». Пытанні сыпаліся і сыпаліся. Тады я сказаў: «Жанчына, мне патрэбна каталка, вы разумееце, што ён без прытомнасці? Трэба нешта рабіць!». Яна адправіла мяне ў 3-і кабінет. Я падышоў, адчыніў дзверы - там нікога не было і было выключанае святло».

Побач з кабінетам ішоў лекар. Улад паклікаў яго і той сказаў, што каталку можна ўзяць дзесьці ў канцы калідора. Пасля таго, як хлопец падвёз яе амаль да рэгістратуры, той жа лекар падбег, усё распытаў і дапамог сябрам пакласці Лёшу на каталку. У гэты час Улад убачыў, што пад задранай крывавай цяльняшкай сябра - рана ад удару нажом. Лёшу павезлі ў рэанімацыю.

ФОТА З ІНТЭРНЭТ-КРЫНІЦЫ

Голас суразмоўцы «Еўрарадыё» зрываецца, але ён прадаўжае:

«Мы чакалі, што скажуць. Нам доўга нічога не казалі. Дзесьці блізу 20:00 я даведаўся, што Лёша памёр. Пра гэта нам не лекары паведамілі, а дзяжурны ахоўнік аддзялення».

З лякарні хлопца павезлі ў РАУС Заводскага раёна, а потым - на месца здарэння. Там ён падрабязна распавёў, як усё адбывалася. Са слоў Улада, міліцыя затрымала пецярых.

«Самога Рустама таксама затрымалі. Хутчэй за ўсё, ён цяпер у СІЗА. У міліцыі кажуць, што будуць разбірацца. Але, думаю, справа замнуць. Разумееце, у хлопцаў гэтай нацыянальнасці [Улад не ўдакладняе, якой менавіта. - «Еўрарадыё»] грошы заўсёды ёсць. Яны ж не за бясплатна вучацца ў авіяцыйнай акадэміі. Мы - грамадзяне, тут жывем, і можам туды не паступіць. А яны паступаюць, парой нават не ведаючы расейскай мовы. Зразумела - вучацца на платным. Цяпер, як я даведаўся, у кожнага, каго затрымалі, ёсць свой адвакат. Мне здаецца, усё будзе праведзенае цішком, ніхто не стане абнародаваць здарэнне».

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках