28 сакавiка 2024, Чацвер, 12:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пачатковец «Дынама» Блюм: Памятаю Салея - жорсткі, непадатлівы абаронца

Пачатковец «Дынама» Блюм: Памятаю Салея - жорсткі, непадатлівы абаронца

Амерыканскі хакеіст даў першае інтэрв'ю пасля пераходу да «зуброў».

Амерыканскі абаронца Джанатан Блюм, які стаў пачаткоўцам менскага «Дынама», распавёў, з кім з беларускіх хакеістаў яму даводзілася гуляць у НХЛ, піша hcdinamo.by.

- З боку здаецца, што ў НХЛ ты згуляў не так шмат, як мог бы, калі браць у разлік статыстыку ў юнацкім хакеі і што цябе задрафтавалі ў першым коле.

- Магчыма, дзесьці не выстарчыла шанцавання. Напрыклад, у «Нэшвіле» хацелі, каб больш сканцэнтраваўся на абароне, і не давалі часу ў большасці, хоць заўсёды набіраў шмат балаў. Акрамя гэтага, у НХЛ велізарная канкурэнцыя. Там заўсёды цяжка прабіцца ў склад.

- У «Нэшвіле» ты гуляў з Сяргеем Касціцыным...

- Мне падабаецца Серж. Вельмі таленавіты і разумны гулец. Мы былі добрымі прыяцелямі. У распранальні ён увесь час усміхаўся, жартаваў. Вельмі вясёлы хлопец. Ягоная ангельская была тады не на вышыні, але гэта не перашкаджала стасункам. Мы жылі разам і на выязных матчах.

- Цяпер Сяргей - капітан «Дынама». Для цябе гэтая роля таксама не ў навіну...

- Так, быў капітанам у некалькіх камандах, у тым ліку і ў «Адмірале». Думаю, трэнеры разлічваюць на мае лідарскія якасці. Усё ж я гуляў у НХЛ, у тым ліку і плэй-оф, выступаў на Алімпіядзе, браў удзел у матчах Кубка Гагарына...

- Ты гуляў за фарм-клуб «Нэшвіла» - «Мілуокі Адміралс», а потым за «Адмірал» у Расеі.

- Гэта сапраўды пацешна і рэдкі выпадак: гуляць за каманды практычна з аднолькавай назвай у розных лігах. Тым больш з такім высокім воінскім званнем. :)

- Каліфорнія - не самы хакейны рэгіён.

- Усё так. Я, дарэчы, гуляў два гады ў ролер-хакей, а потым пераключыўся на хакей з шайбай. Глядзеў у дзяцінстве шмат матчаў «Анахайма», марыў выступаць за «качак»... Вялікую ролю ў развіцці хакея ў Каліфорніі, вядома, адыграла з'яўленне Грэцкі. На хакей адразу падцягнуліся селебрыці з Галівуду, ажыятаж вырас. Я, дарэчы, быў першым каліфарнійцам, якога задрафтавалі ў першым коле.

- Памятаеш Руслана Салея? У «Дынама» зноў будзеш гуляць пад 24-м нумарам...

- Вядома. Жорсткі, непадатлівы абаронца, які блакаваў шмат кідкоў. Салей быў важнай часткай «Анахайма».

- А Бо Бенета ведаеш?

- Не надта добра. Пару разоў бачыліся ў Каліфорніі.

- Які момант у сваёй кар'еры ўважаеш за самы галоўны?

- Алімпіяду. Зразумела, што на Гульнях не выступалі хакеісты з НХЛ, але я заўсёды хацеў абараняць колеры нацыянальнай каманды. Ніколі не забуду момант, калі мне патэлефанавалі і паведамілі пра гэтую пастанову! Ва Уладзівастоку было тры гадзіны раніцы... Адчуў неймаверны гонар! Мая сям'я была таксама на Алімпіядзе і глядзела нашы матчы.

- Здабыць медаль нацыянальная каманда ЗША не здолела...

- Было крыўдна саступіць чэхам у булітах. Мяркую, мы дзейнічалі недастаткова добра ў тым матчы. Хоць на гэтай Алімпіядзе магла перамагчы ледзь не кожная нацыянальная каманда. Узгадайце, як блізка была Нямеччына да перамогі над Расеяй у фінале.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках