29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наспявае скандал»: Магілёўскіх ІП заганяюць на платныя семінары

9
«Наспявае скандал»: Магілёўскіх ІП заганяюць на платныя семінары

Прадпрымальнікі абураныя «прымусам».

З рэдакцыяй mspring.online звязаўся прадпрымальнік, які паведаміў пра «прымус» з боку дзяржаўнага грамадскага аб'яднання «Веды».

На ўмовах ананімнасці бізнэсовец распавёў, што мясцовых індывідуальных прадпрымальнікаў заганяюць на семінары, прысвечаныя падатковым выплатам:

- У вобласці ёсць арганізацыя Беларускае таварыства «Веды». Яно займаецца «ліквідацыяй непісьменнасці» ў галіне падатковага і іншага заканадаўства. Дык вось ІП і іншых камерсантаў яна ўжо дастала. За адзін занятак у кастрычніку і лістападзе просіць блізу пяцідзесяці рублёў ад слухача. Я б сказаў, што наспявае скандал, - сказаў бізнэсовец.

Ён распавёў, што 14 лістапада іх зноў «заганяюць сілай на лекцыю» [размова адбылася 13 лістапада, - заўв.].

Згодна з праграмай, 14 лістапада адбыўся інфармацыйна-практычны семінар на тэму «Пытанні вылічэння ўскосных падаткаў і падатку на даходы пры ажыццяўленні суб'ектамі гаспадарання замежнаэканамічнай дзейнасці». Занятак праводзілі спецыялісты з падатковай інспекцыі.

Па тэлефоне ў грамадстве «Веды» пытанне пра «прымус» успрынялі са здзіўленнем. Як паведаміў праваабаронца Аляксандр Буракоў, які звязаўся з кантактным нумарам, паказаным у аб'яве, там яму сказалі, што наведванне лекцый-семінараў ГА «Веды» з'яўляецца добраахвотным.

- Мы чакаем на семінары толькі тых, каму цікавая гэтая тэма, - паведамілі ў «Ведах».

Беларускае таварыства «Веды» - дзяржаўнае грамадскае аб'яднанне, якое сваёй мэтай ставіць «распаўсюд навуковых ведаў, узмацненне іх уплыву на развіццё інавацыйнага мыслення і сацыяльнай актыўнасці грамадзян, зацвярджэнне здаровага ладу жыцця, забеспячэнне стабільнасці і грамадзянскай згоды ў Рэспубліцы Беларусь».

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках