28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

КПЧ ААН зрабіў заўвагі па дакладзе, прадстаўленым уладамі Беларусі ў Жэневе

2
КПЧ ААН зрабіў заўвагі па дакладзе, прадстаўленым уладамі Беларусі ў Жэневе

Камітэт таксама разгледзеў альтэрнатыўны даклад праваабаронцаў і падтрымаў амаль усе рэкамендацыі.

Камітэт правоў чалавека ААН выставіў шэраг заўваг што да пятага перыядычнага даклада, які беларускія ўлады падалі ў кастрычніку ў Жэневе.

Нагадаем, 8-9 кастрычніка на 124-й сесіі Камітэта ААН у правах чалавека (КПЧ) Беларусь упершыню за апошнія 20 гадоў падала справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Праваабаронцы ў сваю чаргу падрыхтавалі альтэрнатыўны даклад, у якім больш падрабязна выклалі сітуацыю ў шэрагу найбольш, на іх погляд, праблемных тэм, пра якія кажуць у разрэзе парушэння правоў чалавека ў Беларусі: свабода СМІ, сходаў, выказвання меркаванняў, смяротнае пакаранне, дыскрымінацыя, катаванні і іншыя. Акрамя згадкі праблемы праваабаронцы далі рэкамендацыі, як іх вырашыць. Камітэт разгледзеў даклад уладаў і праваабаронцаў і падтрымаў амаль усе рэкамендацыі апошніх.

Так, напрыклад, Камітэт адзначае, што агульныя прынцыпы роўнасці перад законам і недыскрымінацыі замацаваны ў Канстытуцыі Беларусі, але гэта не забяспечвае ўсеабдымную абарону ад дыскрымінацыі і не прадугледжвае эфектыўных сродкаў прававой абароны ад дыскрымінацыі. Таму беларускім уладам рэкамендавана ўзяць ўсёабдымны закон аб барацьбе з дыскрымінацыяй.

У Камітэце таксама адзначылі ўразлівыя да дыскрымінацыі групы: прадстаўнікі ромскай нацыянальнасці, людзі з інваліднасцю. У сваім дакладзе беларускія ўлады нічога пра абарону правоў рому не напісалі, але на іх дыскрымінацыю прасілі звярнуць увагу беларускія праваабаронцы. Таму Камітэт рэкамендаваў уладам прыняць эфектыўныя захады для барацьбы з дыскрымінацыяй у дачыненні да рома, барацьбы з прапагандай нянавісці, накіраванай на іх, ліквідацыяй расавага прафілявання супрацоўнікамі праваахоўных органаў і іншае.

Камітэт рэкамендаваў зрабіць рашучыя крокі ў эфектыўным выкараненні ўсіх формаў дыскрымінацыі і гвалту на падставе сэксуальнай арыентацыі і гендэрнай ідэнтычнасці, у тым ліку шляхам аператыўнага і эфектыўнага расследавання любых паведамленняў пра гвалт або нянавісць, што матываваныя сэксуальнай арыентацыяй і гендэрнай ідэнтычнасцю, а таксама шляхам прыцягнення вінаватых да суду.

З пазітыўных змяненняў сябры Камітэта, як і праваабаронцы, адзначылі ратыфікацыю Беларуссю Канвенцыі аб правах людзей з інваліднасцю 3 кастрычніка 2016 года і стварэнне першага Нацыянальнага плана рэалізацыі норм гэтай Канвенцыі ў Рэспубліцы Беларусь на 2017-2025 гады. Аднак Камітэт рэкамендаваў уладам забяспечваць больш шырокую даступнасць і недыскрымінацыйны доступ людзей з інваліднасцю да грамадскага транспарту, будынкаў і іншых аб'ектах, паскорыць інтэграцыю дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі праз інклюзіўную адукацыю.

Шэраг рэкамендацый Камітэта тычыцца праблемы гвалту ў дачыненні да жанчын. Каб узмацніць барацьбу ў прадухіленні гвалту, як лічаць у ААН, неабходна прыняць заканадаўства, якое прадугледжвае крымінальную адказнасць за гвалт у дачыненні да жанчын, асабліва для ахвяр хатняга і сэксуальнага гвалту, уключаючы згвалтаванне ў шлюбе, узмацніць прэвентыўныя захады, забяспечыць належную падрыхтоўку для супрацоўнікаў праваахоўных органаў, судовых органаў і іншых бакоў у пытаннях выяўлення, апрацоўкі і расследавання выпадкаў гвалту ў адносінах да жанчын з улікам гендэрных фактараў.

Таксама ў сваіх заўвагах чарговым разам Камітэт заклікае ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне, бо яно «не можа спалучацца з поўнай павагай да права на жыццё», забараніць катаванні і жорсткае абыходжанне ў месцах утрымання пад вартай, прыняць усе неабходныя захады для забеспячэння поўнай незалежнасці судовай улады на заканадаўчым узроўні і на практыцы, спрасціць правілы рэгістрацыі асацыяцый.

Адказ на гэтыя заўвагі беларускія ўлады могуць даць у сваім наступным дакладзе, які павінны прадставіць у Камітэт у лістападзе 2022 года.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках